Вы тут

Беларусь станоўча ацэньвае ўклад Германіі ў нармалізацыю стасункаў з ЕС


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом ФРГ у Беларусі Петэрам Дэтмарам, які завяршае дыпламатычную місію ў нашай краіне.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі ўважліва назіраў за працай Петэра Дэтмара ў Беларусі.

«І не толькі таму, што Германія — найбуйнейшая эканоміка свету, не толькі таму, што Германія — гэта значная дзяржава на нашай планеце, але яшчэ і таму, што ваша стаўленне да Беларусі вельмі пазітыўнае», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за перыяд місіі Петэра Дэтмара ў якасці пасла,  адбыліся значныя змены ва ўзаемаадносінах не толькі Беларусі з Германіяй, што выяўляецца ў тавараабароце  — за гэты час амаль на трэць вырас тавараабарот. Гэты паказчык за 2018 год склаў больш за 3,3 млрд долараў. Кіраўнік дзяржавы назваў такі тавараабарот велізарным.

«Але акрамя тавараабароту ў нас пацяплелі адносіны ў цэлым з Еўрапейскім саюзам, — канстатаваў беларускі лідар. — У ЕС Германія — вядучая краіна, таму мы вельмі станоўча ацэньваем не толькі ўклад Германіі, але і ваш асабісты ў нармалізацыю стасункаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам».

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што пэўныя пытанні ёсць нават у выпадку станоўчага развіцця адносін. «Вазьміце вельмі прасунутыя, нашы дружалюбныя, брацкія адносіны з Расіяй — тым не менш, маса пытанняў, якія трэба вырашаць. Таму і з Германіяй у нас — і з Еўрапейскім саюзам тым больш — ёсць нямала пытанняў, якія трэба вырашаць», — адзначыў Прэзідэнт і папрасіў Петэра Дэтмара адкрыта выказацца з нагоды тых ці іншых праблем.

У адказ Надзвычайны і Паўнамоцны пасол ФРГ у Беларусі падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за аказаны давер на працягу ўсяго тэрміну дзейнасці ў нашай краіне. Ён пагадзіўся з тым, што за апошнія чатыры гады адносіны паміж дзвюма краінамі развіваюцца вельмі дынамічна.


Па выніках сустрэчы з беларускім лідарам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар пагутарыў з журналістамі.

«Сапраўды, праз некалькі тыдняў заканчваецца не толькі маё знаходжанне, мая дзейнасць у Беларусі, але і ў цэлым мая дыпламатычная кар'ера. З 1 ліпеня я сыходжу на пенсію, можна так сказаць», - паведаміў Петэр Дэтмар.

Ён зноў звярнуў увагу на тое, што за апошнія чатыры гады адносіны паміж Беларуссю і Германіяй у палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах істотна палепшыліся. "І вось гэтая пазітыўная дынаміка магла паўстаць і ўзмацніцца толькі дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з урадам Беларусі. Я спадзяюся, што ў бліжэйшы час і ў будучыні гэтая дынаміка будзе і далей развівацца", - дадаў Петэр Дэтмар.

Таксама ён выказаўся з нагоды ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў у бізнес-сферы і адзначыў, што цікавасць германскага бізнесу да Беларусі расце. У пацверджанне сваіх слоў Пасол расказаў пра бліжэйшыя візіты дэлегацый з Германіі ў Беларусь.

Так, у сярэдзіне чэрвеня да нас прыбудзе зямельны міністр па пытаннях транспарту з Гамбурга. Таксама нашу краіну наведае кіраўніцтва Федэральнага саюза малога і сярэдняга бізнесу Германіі (ён аб'ядноўвае больш за 55 тысяч нямецкіх кампаній). У верасні да нас прыедзе дзяржаўны сакратар Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі. Безумоўна, усе гэтыя дэлегацыі будуць праводзіць у Беларусі перамовы на ўзроўні міністраў, мець зносіны з партнёрамі.

«Як гаворыцца, мы не сядзім склаўшы рукі, мы стараемся прыкласці ўсе намаганні для таго, каб практычна развіваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны», - дадаў ён.

Таксама ад журналістаў прагучала пытанне, чым пры адмене санкцый у дачыненні да Беларусі ў лютым 2016 года кіраваўся Еўрасаюз. На думку пасла, тады сітуацыя і ў Беларусі, і побач з ёй з моманту ўвядзення санкцый у 2011 годзе істотна змянілася. У сувязі з гэтым рашэнне часова прыпыніць санкцыі саспела да сярэдзіны 2015 года. Безумоўна, далей адбыўся сур'ёзны аналіз сітуацыі, па выніках якога і было прынята выніковае рашэнне.

Што тычыцца двухбаковых адносін паміж Беларуссю і  Германіяй у цэлым, то Петэр Дэтмар адзначыў, што наша краіна да гэтага часу недастаткова прысутнічае ў свядомасці Еўропы і асобных краін-членаў ЕС. Больш за тое, Федэральны Прэзідэнт Германіі заяўляў, што настаў час паглядзець на Беларусь як суверэнную дзяржаву з уласным мінулым, сучасным і будучым. «Уласна, гэтым пасылам кіруецца ўрад Германіі, пасольства Германіі ў Беларусі ў развіцці адносін у самых розных сферах», - дадаў Пасол.

Што ж павязе з сабой з Беларусі Петэр Дэтмар, калі скончыцца яго місія? Пасол з усмешкай адзначыў, што калі б ён пачаў пералічваць журналістам усе рэчы, якія ён плануе забраць, то можна было б расказваць да раніцы наступнага дня.

«Калі пакінуць за дужкамі прыгажосць вашай краіны, то самае галоўнае, што мы - я і мая жонка - забяром - гэта тысячы чалавечых сустрэч, сустрэч з людзьмі ў Беларусі, гэта сардэчная цеплыня, гэта гасціннасць, гэта шматлікія сяброўскія сувязі, якія тут паўсталі. Вось гэта ўсе мы забярэм з сабой", - сказаў Петэр Дэтмар.


Даведка

Петэр Дэтмар нарадзіўся 4 верасня 1953 года ў Браўнлаге, ФРГ. Адукацыя вышэйшая, у 1979 годзе скончыў Універсітэт горада Гётынгена па спецыяльнасцях эканоміка і паліталогія.

Працаваў у МЗС ФРГ на розных пасадах, быў намеснікам Пасла ФРГ У Буркіна-Фасо, кіраўніком гандлёва-эканамічнай службы Пасольства ФРГ у Расіі. З 2009 па 2013 працаваў саветнікам-пасланнікам, намеснікам Пасла ФРГ у Беларусі, пасля чаго стаў генеральным консулам ФРГ у Мілане. З 2015 года — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ФРГ у Беларусі.

Што тычыцца гандлёва-эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі, ФРГ з'яўляецца адным з ключавых знешнегандлёвых партнёраў Беларусі (у 2018 годзе — пятае месца па аб'ёму тавараабароту).

Па выніках 2018 года тавараабарот дасягнуў 3,3 млрд долараў (116 % да 2017 года), экспарт — 1,5 млрд долараў (130,2 %), імпарт — 1,8 млрд долараў (106,9 %). Сальда адмоўнае ў памеры 0,3 млрд долараў.

У студзені — сакавіку 2019 года тавараабарот склаў 712,3 млн долараў (90,6 % да студзеня — сакавіка 2018 года), экспарт 334,8 млн долараў (99,2 %), імпарт — 377,5 млн долараў (84,1 %). Сальда адмоўнае ў памеры 42,7 млн долараў.

Асноўнымі артыкуламі экспарту ў ФРГ з'яўляюцца мінеральныя прадукты, некаштоўныя металы і вырабы з іх, аўтамабілі легкавыя, прадукцыя лясной, дрэваапрацоўчай і хімічнай прамысловасці. Імпартуецца абсталяванне.

Экспарт паслуг у ФРГ (пераважаюць транспартныя і камп'ютарныя паслугі) у 2018 годзе склаў 417,1 млн долараў (116,5 % да 2017 года). Сальда склалася дадатнае ў суме 290,5 млн долараў.

Аб'ём інвестыцый з Германіі у 2018 годзе дасягнуў 363,7 млн долараў (рост у 2,5 разы ў параўнанні з 2017 годам), у тым ліку прямых— 113,7 млн долараў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».