Вы тут

Беларусь агучыць суму шкоды ад паступлення забруджанай нафты


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Студэнцкай вёскі, адказваючы на пытанне журналістаў.


«Мая прынцыповая ацэнка вельмі негатыўная, — падкрэсліў беларускі лідар. — Расхлябанасць і разбоўтанасць на тэрыторыі Расіі — а гэта не адна тысяча кіламетраў, велізарная труба была забруджаная гэтай атрутнай нафтай».

Так, за тыдзень трубу, па якой прапампоўваецца нафта, з'ядае на 4-5 мм, паведамілі спецыялісты.

Што тычыцца канкрэтнай сумы шкоды, яна пакуль невядомая, але відавочна, што будзе вельмі вялікая. «Зараз мы ацэньваем шкоду. Звычайна на месяц-паўтара мы заводы спыняем напераменку і пачынаем іх кожны год чысціць. Рэвізію правядзем, і ўжо канчатковая будзе ацэнка», — адзначыў ён.

Пры яе падліку будуць ўлічвацца некалькі складнікаў – нанесена шкода абсталяванню, мы недаатрымалі пэўны прыбытак, валютную выручку, транзіт. Дарэчы, цяпер журналісты называюць суму ў сотні мільёнаў долараў — па словах Прэзідэнта, гэта недалёка ад ісціны.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па яго распараджэнні планавалася пачаць рамонт некалькіх участкаў нафтаправода «Дружба», паколькі там налічваецца каля 10-12 аварыйных участкаў. Тым не менш, каб не спыняць расійскі транзіт, рамонт не стартаваў. І нават калі да нас трапіла забруджаная нафта, Прэзідэнт забараніў спыняць участкі нафтаправоду, каб не нанесці Расіі яшчэ большай шкоды.

На яго думку, Расія не можа замяніць дадзеную артэрыю з-за велізарных аб'ёмаў, нягледзячы на некаторыя размовы. Таму і цяпер мы прыпынілі ўсякія рамонты. Вядома, выгада ў гэтым ёсць і для Беларусі, хай і невялікая.

«З Пуціным пытанне кампенсацыі мы не абмяркоўвалі. Ён разумее, што трэба шкоду кампенсаваць, сам назваў, што гэта велізарная іміджавая страта для Расіі. А ўявіце, што ў цэнтры гэтай шкоды ляжыць Беларусь», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар лічыць, што па гэтым пытанні трэба разбірацца з расійскім бокам без судоў, тым больш, што аспрэчваць сітуацыю яны не будуць.

Дарэчы, прэзідэнты сышліся ў меркаванні аб тым, што вінаватыя павінны адказаць. Паводле слоў беларускага лідара, Пуцін адрэагаваў на сітуацыю як ніколі жорстка, спытаў з міністраў і ўрада, а таксама даручыў праваахоўным органам і ФСБ разабрацца. Што і было зроблена — вінаватых знайшлі хутка.

Беларусь не збіраецца выкарыстоўваць гэтую сітуацыю і ўвязваць пытанне кампенсацыі з урэгуляваннем сітуацыі вакол падатковага манеўру Расіі і яго наступстваў,  падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Гэта не мае ніякага дачынення да падатковага манеўру. Адбылася бяда. Спецыяльна гэта зроблена, наўмысна? Няхай яны разбіраюцца ў сябе самі. На нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, як мне дакладваюць, паступае ўжо чыстая нафта. Частку атрутнай нафты мы адпампавалі ў свае сховішчы», — дадаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?