Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Самае страшнае на зямлі — гэта войны...»

Мой тата Рыгор Іванавіч Молчан быў адным з ветэранаў апошняй, дай бог, вайны. Вельмі шкадую, што не напісала пра яго раней, калі быў жывы, але ж лепей позна... Тым больш што мая ўнучка Паліна Карташова змагла знайсці ў архівах дакладныя звесткі пра свайго прадзеда. Такім чынам...


Рыгор Іванавіч Молчан нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Рыбцы (цяпер Пухавіцкага раёна). У пяць гадоў застаўся без маці і ў хуткім часе спазнаў «ласку» мачыхі, ад якой найболей даставалася яго дзвюм старэйшым сёстрам. Аднак неўзабаве гэтых сірот чакала новае, куды больш страшнае выпрабаванне: па сфабрыкаванай справе быў арыштаваны і расстраляны бацька... Так малы Рыгор апынуўся ў сям'і свайго дзядзькі: змалку прывучаўся працаваць, дапамагаць па гаспадарцы. Вучыцца не было як: скончыў толькі пяць класаў.

А далей — вайна. Вёску занялі фашысты. Многія дарослыя пайшлі ў партызаны, пускалі пад адхон нямецкія эшалоны (непадалёк праходзіла чыгунка). А немцы потым ганялі падлеткаў на рамонтныя работы.

Пад дуламі аўтаматаў Рыгор з сябрамі працаваў на пуцях і ў той чорны лютаўскі дзень 1943-га, калі яго вёску Рыбцы акружылі карнікі і спалілі дашчэнту за сувязь з партызанамі. Сярод загінулых тады 143 чалавек («Звязда» пісала пра гэту трагедыю 20 студзеня 2016 г.) была і татава 19-гадовая сястра Марыя. Яна, як расказвалі сведкі, выскачыла з палаючай хаты, кінулася ўцякаць, аднак паліцай дагнаў яе і застрэліў.

Вяскоўцы, якія тады ацалелі, разышліся па радні. Некаторыя потым вярталіся, на месцы папялішчаў капалі зямлянкі. Сын «ворага народа» Рыгор Молчан вырашыў пайсці на фронт. З такой просьбай ён звярнуўся да камандзіра 1113-га стралковага палка (праз вёску праходзіла 330-я дывізія) і пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі ўжо стаў кулямётчыкам. Потым не раз казаў нам, што крыўдна было за скалечанае дзяцінства, за несправядлівы расстрэл бацькі (рэабілітавалі яго толькі ў 1956-м), але ж разумеў, што лепшага жыцця нашаму народу фашысты не прынясуць... Таму разам з іншымі чырвонаармейцамі бег у атаку, крычаў: «За Радзіму! За Сталіна!»... А ў апошнія месяцы вайны вельмі шмат чаго перажыў: у Польшчы, у баях за горад Конніцы, атрымаў раненне, з палявога шпіталя № 412 зноў вярнуўся ў полк, які працягваў наступальныя аперацыі і баі за горад Данцыг. Вось цытата з узнагароднага ліста ад 13 сакавіка 1945 г.: «Молчан Рыгор Іванавіч... прадстаўляецца да ордэна Славы ІІІ ступені... Кароткі пераказ баявога подзвігу: у баі 23.03.45 г. у раёне пасёлка Фройдэнталь пры адбіцці контратакі праціўніка знішчыў з асабістай зброі 11 нямецкіх салдат і, будучы параненым, не пакінуў поля бою да выканання баявой задачы».

Пасля «выканання...» тата зноў трапіў у шпіталь і зноў вярнуўся на фронт: апошнія баі былі найбольш кровапралітныя.

Байцу Молчану пашчасціла выжыць, але наперадзе было яшчэ некалькі гадоў службы ў войску, у 87-м асобным інжынерна-аэрадромным батальёне. Камандзіры заўсёды адзначалі яго высокія паказчыкі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы.

1950 год.

Пасля дэмабілізацыі тата нейкі час працаваў на гарбарным заводзе ў Гатаве, а потым, ажаніўшыся, пераехаў у сваю родную вёску, пабудаваў хату, доўга быў загадчыкам малочнатаварнай фермы. Пасля заканчэння спецыяльных курсаў аказваў ветэрынарныя паслугі аднавяскоўцам. Заўсёды быў працавітым і сумленным. У свае 30 гадоў, ратуючы ад трох зладзеяў калгасны стог сена, атрымаў цяжкія траўмы, некалькі месяцаў правёў у бальніцы. Урачы, можна сказаць, з таго свету яго вярнулі...

Жыццё, карацей, не песціла. Можа, таму і памёр ён рана, у 1992-м. Добра, што хоць трохі пацешыўся са сваіх чацвярых дзяцей і васьмярых унукаў.

...Дзень Перамогі ды Дзень вызвалення Беларусі былі для таты найлепшымі святамі. У гэтыя дні ён заўжды прыбіраўся ў святочны касцюм, прышпільваў узнагароды: ордэн Славы ІІІ ступені, ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй»... Разам з іншымі ветэранамі ішоў на мітынг, ускладаў вянкі да помнікаў загінулым і заўсёды плакаў, асабліва — калі ўспамінаў эпізоды баёў.

Нам, дзецям, тата заўсёды казаў, што як зрэнку вока трэба берагчы мір, бо самае страшнае на зямлі — гэта войны. Бацькаў запавет мы памятаем усё жыццё, выхоўваючы ўжо 12 праўнукаў ветэрана Вялікай Айчыннай Рыгора Іванавіча Молчана.

Ірына Рыгораўна Карташова, дачка, г. Заслаўе


Горкі смак салодкага

...У маёй роднай вёсцы Кашэвічы немцы з'явіліся 2 жніўня 1941 года. Яны ехалі з захаду, на веласіпедах. Пяць савецкіх байцоў, якія неслі службу назірання за паветрам, уступілі ў няроўны бой. Неўзабаве да яго далучыліся чырвонаармейцы знішчальнага атрада. Вораг гэтага не чакаў, але праз нейкі час адказаў яшчэ большым агнём — і з самалётаў таксама.

Нашы воіны змагаліся па-геройску: знішчылі нямала фашыстаў, якія потым, спаганяючы злосць, забівалі ні ў чым не павінных людзей, палілі вёскі.

Наша —гарэла ў спёку, хутка: мы з мамай ледзь паспелі выскачыць з хаты ў гарод. Самі не пацярпелі, але страцілі ўсё, што нажывалася гадамі і нялёгкай працай.

Старэнькая хата дзеда Аляксея стаяла ў другім канцы вёскі, наводшыбе. Туды, на шчасце, агонь не дабраўся, і мы знайшлі хоць нейкі прытулак. Трохі пазней дзед выразаў акенца ў сваёй старой клеці, зрабіў падлогу і печку. У гэтым «палацы» мы і жылі.

...А той майскі дзень быў досыць цёплы і сонечны, праўда ў нашай хатцы ўсё роўна панаваў паўзмрок. Невялікае акенца не магло прапусціць шмат святла: хіба што пад вечар, калі сонца садзілася. Яго промні тады асвятлялі палок, дзе ляжалі два мае хворыя брацікі Вася і Сеня. Аднаму было восем гадоў, другому каля сямі. Ён не хадзіў у школу, але ўжо чытаў па складах...

А я быў на дварэ, калі там з'явіўся ўзрушаны салдат. Ён падхапіў мяне на рукі і закрычаў:

— Сынок! Перамога! Канец вайне!

Потым прыціснуў мяне да грудзей, пацалаваў і панёс да палаткі, што стаяла каля алешніку.

Там мяне акружылі нейкія ваенныя. (Маці потым казала, што гэта былі сапёры, якія ў ваколіцах «паднялі» шмат мін і снарадаў.) Адзін з іх даў мне кавалак хлеба, другі — драбок сіняга цукру. Раней такога цуду я ніколі не бачыў...

Каб пахваліцца і падзяліцца ім, я штосілы памчаў дадому. Праўда, па дарозе не стрымаўся — лізнуў цукрык языком і, здаецца, упершыню адчуў сапраўдны смак салодкага.

Дзверы ў нашу хацінку былі прыадчынены — я нырнуў у хату. Там, каля палка, схіліўшыся над Сенем, плакала маці. І я, хоць быў малы, але адразу зразумеў, што брацік памёр, і так расплакаўся, што цётка Аўраміха мяне ледзь супакоіла.

...Дзень Перамогі на ўсё жыццё запомніўся мне вось такім — горка-салодкім.

Уладзімір Пугач, а. г. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён


Ноч. Вуліца... Экскурсія

Мы, супрацоўнікі Клімавіцкага краязнаўчага музея, працягваем здзіўляюць жыхароў незвычайнымі мерапрыемствамі. Гэтым разам была абвешчана начная экскурсія з газніцамі і ліхтарамі. Мы назвалі яе «Сюрпрызы роднага горада».

Фота Пятра ШАШКОВА.

Першым з іх стаў пачатак — дзесяць гадзін вечара. У парку, на пляцоўцы амфітэатра, мы не толькі расказвалі экскурсантам пра лямпы і ліхтары, але і запальвалі — шахцёрскія, вулічныя, чыгуначныя... Не дзіва, што ахвотных прайсціся з імі па начным горадзе было больш чым дастаткова.

Пасля ўступнай гутаркі група прыкладна з васьмідзесяці чалавек накіравалася (ну, вядома ж, з прыпынкамі каля знакавых месцаў) у бок краязнаўчага музея, дзе прысутныя першымі змаглі ўбачыць скульптуру князёўны Мяшчэрскай. Далей былі расказы пра завод металавырабаў, вуліцу Леніна, Мюд... Група спынілася і каля двух прыватных дамоў, дзе пражываюць родныя браты — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Яўменавіч Захаранка 1918 года нараджэння і на пяць гадоў маладзейшы за яго вязень фашысцкага канцлагера Сяргей Яўменавіч Захаранка. На прыватнай тэрыторыі Паўла Давыдава і Вольгі Кананенкі для шукальнікаў прыгод і сюрпрызаў была прапанавана гарбата з самавара і... камедыя Леаніда Гайдая «Жаніх з таго свету».

Як высветлілася, сярод начных экскурсантаў былі не толькі месцічы, але і госці з Магілёва, якіх прыемна здзівіў маштаб мерапрыемства. Таму ў планах музея ладзіць падобныя экскурсіі як мага часцей.

Дар'я Эверс, г. Клімавічы

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.