Вы тут

«Вольга» і «Вулляна» на Нежынскім камбінаце: сяброўкі ці саперніцы?


У верасні 2015 года кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў урачыста заклалі капсулу ў азнаменаванне пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната на базе Старобінскага радовішча калійных солей. Гэта будзе другое ў Беларусі прадпрыемства па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 мільёнаў тон хларыду калію штогод. Інвестыцыйны праект прадугледжвае ўзвядзенне горназдабываючага комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для асабістых патрэб, чыгункі, дарожнай і іншай інфраструктуры. Будаўніцтва стартавала ў 2017 годзе. Рэалізуе праект замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Слаўкалій». Карэспандэнт «Звязды» пабывала на будаўнічай пляцоўцы і пацікавілася, як рухаюцца справы. Дарэчы, няўзброеным вокам відаць, што тут шмат зроблена, але яшчэ больш — наперадзе.


Фота: БелТА

Намеснік кіраўніка праекта знешніх камунікацый Аляксандр Ільін пагадзіўся быць нашым гідам.

— Мы працягваем будаўніцтва газаправода, высакавольтнай лініі, складскіх памяшканняў, аўтатранспартнага цэха. Заканчваем агароджванне тэрыторыі камбіната, пракладку аўтадарог на перыяд будаўніцтва, водазаборных збудаванняў, куды ўваходзіць шэсць артэзіянскіх свідравін глыбінёй 140 метраў. У цяперашні час «Слаўкалій» паспяхова ўладкаваў пяць з іх, — паказвае Аляксандр Аляксеевіч. — Наогул, будучаму прадпрыемству спатрэбіцца 6-7 тысяч кубічных метраў пітной і тэхнічнай вады ў суткі. Летам мяркуем пачаць узвядзенне помпавай станцыі для падрыхтоўкі пітной вады.

Вядзецца ўладкаванне двух рэзервуараў для захавання ачышчанай вады аб'ёмам 1500 кубічных метраў, пракладваецца водаправод даўжынёй пяць кіламетраў да аб'екта. Паралельна з праходчымі работамі ідзе будаўніцтва інфраструктуры. У перспектыве камбінат звяжа з чыгуначнай станцыяй Урэчча асобная лінія, па якой плануецца дастаўка пасажыраў, грузаў. У гэтым пункце будуць фарміравацца ўзбуйненыя саставы з прадукцыяй і адпраўляцца спажыўцам.

Дзякуючы «Слаўкалію» і ў самой Любані адбываюцца перамены. Гэта і зразумела: з уводам у эксплуатацыю комплексу насельніцтва горада вырасце на сем тысяч. Спецыялістам, работнікам, якія прыедуць сюды з сем'ямі, спатрэбіцца не толькі жыллё, але і годная інфраструктура, сацыяльныя, гандлёвыя аб'екты. У перспектыве ў райцэнтры з'явіцца цэлы жылы квартал. Першы дом на 90 кватэр для супрацоўнікаў «Слаўкалія» ўжо ўзводзіць Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудаўніцтва. Здача ў эксплуатацыю шматпавярховіка з усімі інжынернымі сеткамі плануецца сёлета. У горадзе будуць рэканструяваны ачышчальныя збудаванні з устаноўкай новага абсталявання. Ідзе ўладкаванне дзвюх вадзяных свідравін. Прадугледжана паніжальная трансфарматарная падстанцыя на 110 кВ «Нежынская», якая ў далейшым размяркуе атрыманую электраэнергію па прадпрыемстве. Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на яе ў завяршальнай стадыі. Сілкаванне падстанцыя атрымае ад ужо існуючай падстанцыі «Калійная», якая знаходзіцца за 20 кіламетраў ад горна-ўзбагачальнага камбіната, па паветранай высакавольтнай лініі. Яе ўладкаванне ўжо ідзе. Падчас наведвання аб'екта Міхаіл Гуцэрыеў сказаў, што гатовы выслухаць усе пажаданні гараджан і, бясспрэчна, для Любані яшчэ шмат чаго будзе будавацца. Дакладных планаў яшчэ няма, пытанні пакуль на ўзроўні дыялогу, але адназначна інвестыцыі будуць укладвацца ў развіццё населенага пункта.

Фота: БелТА

— Нам цягнулі інвестыцыйны дагавор, адпаведна, у 2023 годзе павінны цалкам увесці комплекс у дзеянне, — дадала прэс-сакратар «Слаўкалія» Ганна Бунькова. — Але першую руду, спадзяёмся, здабудзем раней — у 2021-м.

Пакуль у распрацоўцы кадравая палітыка будучага прадпрыемства. Цяпер на пляцоўцы працуе больш за 500 чалавек, у тым ліку каля 50—60 нямецкіх спецыялістаў, супрацоўнікаў «Мінскпрамбуда», субпадрадчыкаў. Па папярэдніх падліках у перспектыве на камбінаце будзе працаваць 2,5 тысячы чалавек.

— У канцы мінулага года запусцілі ў эксплуатацыю ўнікальны для Еўропы стволапраходчы комплекс SBR, здольны праходзіць шахтавы ствол на хуткасці да пяці метраў за суткі. Тэхналогія механізаванага спосабу праходкі не прадугледжвае выкарыстання выбуховых рэчываў, гарантуе бяспеку працы і з'яўляецца экалагічнай. Дзве машыны для камбіната пабудаваны на заводзе нямецкай кампаніі Hеrrеnknесht — сусветнага лідара ў сферы вытворчасці і пусканаладкі SBR. Стволапраходчыя работы на аб'ектах выконвае таксама нямецкая кампанія Dеіlmаnn-Hаnіеl, — расказвае вядучы інжынер праекта Руслан Дуля. — Машыны паспяхова прайшлі пясок і мелавую пароду, цяпер у рабоце гліняны пласт. Гэтыя комплексы ўпершыню выкарыстоўваюцца ў Еўрапейскім рэгіёне, яны прайшлі апрабацыю ў Канадзе. Машыны добра і эфектыўна сябе зарэкамендавалі.

Над комплексамі ўсталяваны прыгожа аформленыя плакаты. На адным імя «Вулляна», на другім — «Вольга».

— Машыны ў нас імянныя, — усміхаецца спецыяліст, перахапіўшы мой позірк. — Кампанія аказвае дапамогу Любанскаму дзіцячаму дому. У Дзень шахцёра яго выхаванцаў запрасілі на свята і папрасілі прыдумаць імёны гэтым комплексам. Адзін малы назваў яго ў гонар любімай выхавальніцы, другі — у гонар сваячкі.

Руслан Дуля запрасіў нас у святая святых, можна сказаць, самае сэрца будучага камбіната — машыннае аддзяленне. Тут такая цішыня, што муха праляціць — пачуеш. Маладыя дзяўчаты не адводзяць засяроджанага позірку ад манітораў камп'ютараў, якія адсочваюць сітуацыю ўнутры ствалоў: тое, на якую глыбіню дабраліся «Вольга» і «Вулляна». Нават мне, недасведчанаму ў такіх нюансах справы чалавеку, відаць, што «Вулляна» крыху наперадзе. Але, як запэўнілі спецыялісты, іншая хутка дагоніць саперніцу.

Кадры для гэтага адказнага ўчастка карпатліва падбіралі і рыхтавалі. На конкурс прыйшлі 100 чалавек, адабралі 30 з іх.

— Галоўная якасць для машыністак і сігналістак — гэта ўстойлівасць да стрэсаў, імгненнае прыняцце рашэння пры нестандартных сітуацыях, — кажа кіраўнік машыннага аддзялення спадар Клаус Бюльхоф. — Яны пакуль не маюць вялікага вопыту, але вельмі адказныя, старанныя, уважлівыя. Многія з іх з Салігорска, ёсць з Любані, Слуцка.

— Я родам з Расіі. Мяне з сяброўкай запрасілі навучаць вашых дзяўчат спецыяльнасці машыністак пад'ёмных машын, — дадае Вольга Набокава. — Мне падабаецца калектыў: здольны, дружны. З намі на два гады заключылі кантракт. Калі прадоўжаць, то мы з задавальненнем тут застанемся.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».