Вы тут

Факты з гісторыі сімволікі нашай краіны за апошнія сто гадоў


Штогод у другую нядзелю мая ў Беларусі адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. «Звязда» сабрала цікавейшыя факты з гісторыі сімволікі краіны за апошнія сто гадоў.


Фота: belarus.by

  • У савецкі час Беларусь мяняла сцяг пяць разоў. У Канстытуцыі за 1919 год ён апісваўся як «палотнішча чырвонага (алага) колеру, у левым кутку якога — ля дрэўка, зверху размешчаны залатыя літары ССРБ або надпіс: Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі». Праз восем гадоў абрэвіятура змянілася на БССР. Яшчэ праз дзесяць — над літарамі з'явіліся залаты серп і молат, а таксама чырвоная пяціканцовая зорка, абрамленая залатой паласой. Тады літары былі адзіным адрозненнем беларускага сцяга ад украінскага ці расійскага. Калі ў 1945-м тры названыя краіны апынуліся сярод краін — заснавальніц ААН, гэта выклікала пэўныя нязручнасці. Распрацоўку новага сцяга з адлюстраваннем «нацыянальных асаблівасцей» даручылі Акадэміі навук. Так у 1951 годзе з'явілася характэрнае чырвона-зялёнае палотнішча з бела-чырвоным арнаментам збоку. Ад папярэдняга варыянта пакінулі залатыя серп, молат і зорачку ў левым кутку. Аўтар — мастак Міхаіл Іванавіч Гусеў. Апошнія змены закранулі сімвал БССР у 1981-м: новая Канстытуцыя зацвердзіла адсутнасць савецкай атрыбутыкі на адваротным баку сцяга.
  • Цікава, што арнамент на сцяг трапіў з рэальнага ручніка. Яго на пачатку ХХ стагоддзя вышыла звычайная сялянка з-пад Сянна Матрона Маркевіч. Ужо пасля вайны брат жанчыны Міхаіл Кацэр узначаліў сектар фальклору і этнаграфіі ў Акадэміі навук. Калі рыхтаваўся праект новага дзяржсімвала, ён адшукаў эскізы вышывак сястры. Асабліва яму прыглянуўся ўзор з гаваркой назвай «Узыходзячае сонца», які пасля і стаў вядомы на ўвесь свет дзякуючы беларускаму сцягу.
  • Сем разоў мяняўся беларускі герб за савецкі перыяд. Самы першы быў амаль ідэнтычны гербу РСФСР: залатыя серп і молат на чырвоным фоне ў промнях сонца, якія абрамляў вянок з каласкоў і надпісаў. З узнікненнем ЛітБел на існуючы герб нанеслі новую назву краіны. Але ўжо праз год вярнуліся да папярэдняга варыянта. 
    На хвалі беларусізацыі ў 1924-м сімвалу вырашылі дадаць нацыянальнага каларыту. «Звязда» пісала аб правядзенні конкурсу на самы лепшы праект дзяржаўнага герба. Ад аўтараў чакалі арыгінальнасці, але на распрацоўку далі менш за два тыдні! У выніку перамагла работа педагога Віцебскага мастацкага тэхнікума Валянціна Волкава (званне народнага мастака БССР ён атрымае толькі праз 20 гадоў, і не за герб, а за знакамітае палатно «Мінск. 3 ліпеня 1944 года»). Новы дзяржаўны герб захоўваў савецкія сімвалы ў цэнтры на фоне сонечных промняў, аднак з левага боку ад іх каласілася жыта і квітнела канюшына, а справа — зелянела дубовае лісце. У 1938 годзе апошняе замянілі на каласкі і «скрыначкі з ільняным насеннем». «Распусціўся» гербавы лён толькі ў 1958-м.
  • Нашаму гербу былі ўласцівыя не толькі багатыя мастацкія, але і моўныя змены. Паводле Канстытуцыі БССР 1919 года надпісы (назва БССР і лозунг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!») былі выкананыя на рускай мове. З 1920-га да 1938 года дадаваліся пераклады на беларускай, літоўскай, польскай і ідыш, але потым апошнія тры зніклі.
  • Беларусь — адзіная з былых савецкіх рэспублік, якая ўзяла за аснову дзяржаўных сімвалаў герб і сцяг савецкага перыяду. Аднак гэта адбылося не адразу пасля распаду СССР. Першыя чатыры гады незалежнасці прайшлі пад бела-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй», што выклікала пэўныя нязручнасці. Герб супадаў з літоўскім, і хоць іх «Віціс» пэўным чынам змяніўся, белыя коннікі на чырвоным фоне ўсё адно былі быццам «браты-двайняты». Апроч таго, цень на «новую» сімволіку кідалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны: падчас акупацыі яе актыўна выкарыстоўвалі калабарацыяністы.
    Сучасны варыянт дзяржаўнай сімволікі быў прыняты на ўсенародным рэферэндуме ў 1995 годзе і дапрацоўваўся ў 2012-м.
  • Плошча Дзяржаўнага сцяга з'яўляецца самай маладой і самай вялікай у беларускай сталіцы. На скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай стаіць 70-метровая стэла-флагшток. Палотнішча зроблена з воданепранікальнага і ўстойлівага да сонечных промняў матэрыялу і практычна заўсёды развяваецца. Многія памылкова мяркуюць, што на плошчы знаходзіцца самы вялікі сцяг Беларусі...
  • ...Насамрэч ён захоўваецца ў Музеі беларускай дзяржаўнасці. Даўжыня — 90 метраў, шырыня — 45, вага — каля 300 кілаграмаў. Каб разгарнуць экспанат, спатрэбілася тры сотні чалавек. Рабілі гэта аднойчы: 12 верасня 2015 года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.
  • Эталоны дзяржаўнай сімволікі захоўваюцца на 18-м паверсе Нацыянальнай бібліятэкі. Тры варыянты герба (чорна-белы, залаты і каляровы) і сцяг на папяровых лістах фармату А4. Яны ідэальныя! Менавіта па іх тыражуюцца астатнія выявы па ўсёй краіне.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Больш, чым сімвал

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.