Вы тут

Беларусь памятае. 74-ю гадавіну Вялікай Перамогі адзначала ўся краіна


Нягледзячы на пахмурную раніцу, на сталічнай плошчы Перамогі сабралася шмат людзей. Гэта знакавае месца ўжо каторы год — эпіцэнтр мерапрыемстваў аднаго з найважнейшых свят краіны. Не пужае ўдзельнікаў ні магчымы дождж, ні пранізлівы вецер — узнёслы настрой паляпшае ўсе ўмовы надвор'я. Хтосьці з галоўных герояў свята — ветэранаў, нават успамінае, што тады, у 1945-м, у беларускай сталіцы таксама было дажджліва...

Павіншаваць пераможцаў і ўскласці кветкі да манумента прыйшлі прадстаўнікі ўлады і замежныя госці. Першым упрыгожыў помнік вянок Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які прыбыў на плошчу разам са сваімі сынамі. Кветкі таксама ўсклалі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага сходу, судоў, Савета бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, маладзёжных і грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, Беларускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў. Па традыцыі кіраўнік дзяржавы звярнуўся да прысутных са словамі віншавання.


Фота БЕЛТА

«Восьмае дзесяцігоддзе беларускі народ жыве і працуе пад мірным небам. Магчымасць дыхаць свабодай, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню даў нам ратны подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Сёння мы праслаўляем мужнасць воінаў, гераізм партызанаў і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу. Менавіта на беларускай зямлі савецкія салдаты развянчалі міф аб непераможнасці ваеннай машыны Трэцяга рэйха», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт успомніў тых, хто змагаўся насмерць пад Мінскам і Магілёвам, на берагах Дняпра і Бярэзіны, адзначыўшы, што «кожны рубеж абароны для ворага быў Брэсцкай крэпасцю».

Бяда прыйшла ў тыя часы ў кожную беларускую сям'ю: дзве трэція загінулых — мірныя жыхары. Хатынь, Дальва, Азарычы, Шунеўка, Трасцянец — гэтыя месцы генацыду беларускага народа вядомы ўсяму свету. «Асаблівая тэма — лёсы дзяцей вайны. Сёння гэтыя людзі сталых гадоў — жывыя сведчанні і сведкі зверстваў акупантаў. У іх на вачах забівалі родных і блізкіх. Яны раслі ў голадзе і холадзе першых пасляваенных гадоў. На роўных з дарослымі адстойвалі і адбудоўвалі краіну. Найбольш змрочныя старонкі ў самотнай кнізе вайны — дзіцячыя донарскія канцлагеры. Праз іх прайшлі тысячы дзяцей, а выжылі адзінкі. Усім, хто сёння падтрымлівае мітынгі неанацыстаў і шэсці састарэлых ваяк з батальёнаў СС, трэба прыехаць у Беларусь і пабываць у пасёлку Чырвоны Бераг, дзе быў такі канцлагер. Убачыць пранізлівы крык і ўбачыць мемарыял дзіцячым марам, якія не збыліся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Вялікая Перамога — трыумф жыцця над смерцю, і будучыя пакаленні павінны ведаць, якую цану народ заплаціў за свабоду, каб такое ніколі не паўтаралася.

Звярнуў увагу лідар краіны на тое, што мы сумуем і па ахвярах вайны — жанчынах, старых, дзецях, якія выпілі спаўна горкую чашу акупацыі.

«Вечная памяць тым, хто вельмі хацеў жыць, але склаў галаву ў баях за Айчыну, памёр ад ран, загінуў у канцлагерах і гета! Схілім галовы перад тымі, хто не прыйшоў з той вайны, ушануем іх памяць хвілінай маўчання», — пасля гэтых слоў Прэзідэнта прагучалі 20 удараў метранома.

Няўмольны час забірае ветэранаў, таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, наш святы абавязак — падтрымаць, ахінуць клопатам франтавікоў і працаўнікоў тылу, забяспечыць ім годнае жыццё.

«А вам, паважаныя ветэраны, як звычайна, ад мяне наказ — жыць! Сёння вы можаце ганарыцца сваімі дзецьмі і ўнукамі. Цяперашняе пакаленне ваенных свята захоўвае пераможныя традыцыі», — звярнуўся беларускі лідар да ўдзельнікаў той вайны.

На думку Прэзідэнта, галоўны ўрок Вялікай Перамогі ў тым, што за мір трэба змагацца. Не страціла гэта тэма актуальнасць і ў наш час. З глабальным тэрарызмам і іншымі пагрозамі трэба змагацца разам, адзіным фронтам. «Як гэта было тады, у далёкія суровыя саракавыя, калі ў шэрагах беларускага супраціўлення змагаліся тысячы антыфашыстаў з еўрапейскіх дзяржаў: Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі і нават Германіі, — нагадаў кіраўнік краіны і дадаў: — На жаль, у Еўропе сёння такога адзінства няма. Ідзе ўзмацненне ваеннай прысутнасці і на нашых рубяжах. Перакрэслены Дагавор аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці. Але мы ўпэўненыя ў неабходнасці канструктыўнага дыялогу з усімі краінамі».

Падзеі вялікай вайны ляглі ў аснову шматлікіх кніг і фільмаў, але ўсё роўна застаецца яшчэ досыць белых плям. У першую чаргу яны датычацца лёсаў ваенных, партызанаў, якія зніклі без звестак, загінулых падпольшчыкаў, вязняў.

«Захаваць свяшчэнную памяць пра кожнага ўдзельніка вайны для нашчадкаў — галоўная мэта рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае!». Гэты праект накіраваны ў будучыню. Гэта сапраўды «Бессмяротны полк», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба, каб дзеці, унукі і праўнукі праз лёсы воінаў-пераможцаў — сваіх родных і блізкіх, якія адстаялі мір і свабоду, — усвядомілі сябе часткай вялікай гісторыі роднай краіны, адчулі боль незаменнай страты і ацанілі веліч подзвігу савецкага салдата».

Расказаў Прэзідэнт у сваёй прамове яшчэ аб адным маштабным праекце «У гонар агульнай Перамогі!». На тэрыторыі 118 беларускіх раёнаў і прыгранічных рэгіёнаў Расіі і Украіны з месцаў воінскіх пахаванняў і гібелі жыхароў будзе ўзятая зямля. А ў юбілейны 2020 год, 9 мая, гэтыя капсулы з імёнамі загінулых размесцяць у нішах храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

«Толькі так, агульнымі намаганнямі, магчыма захаваць і ўвекавечыць для нашчадкаў імя кожнага воіна і зберагчы гераічную спадчыну, якая стала часткай генетычнага кода нашага народа», — сказаў Прэзідэнт і яшчэ раз павіншаваў усіх са святам Перамогі.

Зробім усё, каб не забыць

Пасля кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў. У беларускага лідара спыталі, як захаваць памяць пра вайну, бо з кожным годам гэта становіцца рабіць усё складаней і складаней.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, натуральна, што з кожным годам гэтая задача становіцца ўсё цяжэйшай, бо час няўмольны. «Чалавечая памяць уладкавана такім чынам, што яна не можа памятаць усё, захоўваць усе. Можа, гэта з пункту гледжання фізічнага, фізіялагічнага і добра, але нам трэба думаць пра тое, як захаваць галоўнае. Галоўнае, што робіць нас людзьмі, што арыентавана ў будучыню, і гэта, натуральна, адзін з нашых сімвалаў — Дзень Перамогі. Мы ў яго занадта шмат уклалі — як мінімум, кожнага трэцяга, сцёртую з твару зямлі рэспубліку, спустошаную зямлю, але не спустошаныя душы і сэрцы людзей», — канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы шчыра прызнаў, што праблема захавання памяці ёсць. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што большасць прадстаўнікоў беларускай моладзі — гэта адданыя і надзейныя людзі. Праходзячы міма моладзі на сталічнай плошчы Перамогі, Прэзідэнт задаўся пытаннем, а ці змогуць гэтыя людзі захаваць памяць пра вайну. «Вы ведаеце, у пераважнай сваёй большасці — абсалютна перакананы — здольныя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Спрыяе захаванню памяці аб тых страшных падзеях і вялікая колькасць акцый, у тым ліку і «Беларусь памятае!», упэўнены беларускі лідар.

«Вядома, акцыямі ўсё не захаваеш. Трэба кожны дзень дзе-небудзь што-небудзь рабіць і паказваць гэта дзецям. А лепш за ўсё — і гэта галоўнае — каб дзеці самі рабілі», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалькі гадоў таму даў даручэнне, каб школьнікі заняліся добраўпарадкаваннем помнікаў загінулым. Паводле слоў беларускага лідара, дзеці прыйшлі да кожнага помніка, сваімі рукамі аднавілі іх. І сёння кіраўнік дзяржавы бачыць гэтыя помнікі ў ідэальным стане па ўсёй краіне. «Гэта зрабілі дзеткі. Значыць, будуць памятаць», — дадаў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў грамадстве ёсць тыя, хто лічыць, што гэта не наша перамога, што наша краіна выступала ледзь не агрэсарам... «Гэта ж знаходзіць водгукі ў сэрцах асобных — хай асобных, але нашых — дзетак. Гэта дрэнна. Каб захаваць памяць, нам трэба не забыцца і навучыць гэтаму сваіх дзяцей: дзе толькі магчыма, як толькі магчыма, паказваць сваім дзецям, нават самым маленькім, што гэта наша перамога і гэта не толькі здабытак тых людзей, хто перамог. Яны, вядома ж, галоўныя, яны прынеслі нам перамогу. Але гэта наша годнасць, наш здабытак, гэта сігнал, што мы нашчадкі тых, хто ўмее перамагаць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Не шукайце інтрыг ніякіх

Другое пытанне ад журналістаў датычылася святкавання Дня Перамогі ў Расіі, у прыватнасці на маскоўскай Краснай Плошчы. Сёлета дадзенае мерапрыемства не наведалі замежныя лідары — і ў асобных СМІ гэту падзею інтэрпрэтуюць па-свойму. Як да гэтага ставіцца Аляксандр Лукашэнка?

Ён звярнуў увагу, што Беларусь была прадстаўлена на Дні Перамогі ў Расіі і была прадстаўлена вельмі шырока — гэта як звычайныя людзі, так і службовыя асобы. У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў губернатара Мінскай вобласці Анатоля Ісачанку, які нарадзіўся на Браншчыне і літаральна днямі ездзіў на радзіму, каб пакланіцца магілам сваіх продкаў. «І я яго прасіў: перадайце нашым людзям, рускім людзям, якія там жывуць, самыя добрыя пажаданні ў Дзень Перамогі. Вось гэта вось народная дыпламатыя, у якую Прэзідэнт Беларусі ўцягнуты, яна была і ёсць заўсёды», — сказаў ён.

Што датычыцца таго, што на парад у Маскве не прыехалі кіраўнікі іншых дзяржаў, Прэзідэнт заявіў наступнае:

«Не магу сказаць, што ніхто не прыехаў. Калі б расіяне ці кіраўніцтва Расіі кагосьці запрасілі, а яны адмовіліся — гэта было б «не прыехаў». Але што да нас, па-першае, мяне ніхто не запрашаў сёння ў Маскву. Па-другое, нават калі б запрасілі, тут складана было б нам неяк развесці гэтыя мерапрыемствы. Але я не магу прапусціць такое мерапрыемства [у Мінску. — «Зв.»] — калі б я не з'явіўся на гэтым, у вас бы была да мяне маса пытанняў».

І на гэта звярнулі б увагу не толькі журналісты, але і простыя беларусы, упэўнены кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што 9 Мая — гэта свята ўсіх і перш за ўсё — беларусаў, а таксама заклікаў часцей збірацца на нашай зямлі, у тым ліку і прадстаўнікоў былых савецкіх рэспублік.

«Канспіралогіі ніякай, палітыкі ніякай, паверце», — так адказаў на ўсе чуткі і здагадкі Аляксандр Лукашэнка.

Наш лёс — у нашых руках

Апошняе пытанне кіраўніку дзяржавы: якія пагрозы для Беларусі ёсць сёння і якія могуць з'явіцца заўтра?

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наша краіна многія падзеі, прадказаныя намі ў іншых дзяржавах, так ці інакш ужо перажыла. Ён успомніў аўтамабілі ДАІ, якія пераварочвалі на цэнтральным праспекце Мінска, успомніў, як на плошчы Незалежнасці апаганьвалі помнік Уладзіміру Леніну. На яго думку, апошняя спроба скінуць уладу адбылася ў 2010 годзе — гэта штурм Дома ўрада.

«Да рэзідэнцыі Прэзідэнта пабаяліся падысці. Мы ўсё гэта перажылі. І гібрыды, і вось гэтыя гарачыя сутыкненні, і спробу зрынуць канстытуцыйны лад і цяперашняе кіраўніцтва — усё перажылі», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз падкрэсліў: для Беларусі няма ніякай небяспекі, акрамя эканомікі. «А эканоміка — гэта зноў мы. Будзем працаваць як след, будзем перш за ўсё падыходзіць да люстэрка і глядзець на сябе, будзем думаць пра тое, а што я зрабіў сам, перш чым спытаць з Прэзідэнта або ўрада ці яшчэ з кагосьці. Так, з нас трэба пытаць, але перш за ўсё з сябе. Вось калі мы будзем прынцыпова да гэтага падыходзіць і будзем заўсёды думаць пра эканоміку, пра тое, што нам трэба больш-менш добра жыць — а для гэтага ў нас ёсць усё, — нам ужо нічога не страшна, таму што мы перажылі ўсё», — адказаў Прэзідэнт.

На думку Прэзідэнта, нават калі заўтра кіраўніцтва краіны пойдзе на пенсію, то беларускія дзеці змогуць жыць спакойна і мірна. Аднак ён зноў акцэнтаваў увагу на першараднай важнасці эканомікі: «Трэба хутчэй разгортвацца. Сёння ў нашых руках наш лёс. І як мы ім распарадзімся — гэта залежыць толькі ад нас».

Скрозь гады і пакаленні

Сярод удзельнікаў свята былі і высокія дзяржаўныя асобы, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі і меркаваннямі.

На думку старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча, Дзень Перамогі — гэта свята свят.

«Дзень Перамогі — гэта сімвал мужнасці, сімвал гераізму нашага народа. І ад нас, ад старэйшага пакалення, залежыць, як усе гэтыя сімвалы, увагу, памяць аб тых ахвярах, якія панесла наша краіна, усе краіны, якія змагаліся з фашызмам, перададзім нашым дзецям і ўнукам», — падкрэсліў ён.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу, што і яго пасляваеннаму пакаленню ёсць чым ганарыцца, паколькі ўздым эканомікі, дабрабыту людзей — гэта таксама няпростая праца. Ён заклікаў кожнага беларуса на сваім рабочым месцы з любоўю ставіцца да сваёй справы.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава адзначыла, што асабіста для яе з гадамі гэтае свята становіцца ўсё больш значным. «Паколькі ты ўсведамляеш усё тое, што было зроблена нашымі старэйшымі пакаленнямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нізкі паклон усім нашым ветэранам. Для нас гэта шчасце — жыць у мірнай краіне, [мець. — «Зв.»] магчымасць працаваць, гадаваць дзяцей», — дадала яна.

На думку Наталлі Качанавай, для кожнага беларуса Дзень Перамогі — гэта свяшчэннае свята. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта шчыра павіншавала ўсіх з гэтым днём і пажадала дабра, здароўя, шчасця, а нашай краіне — міру і росквіту.

Для дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Станіслава Зася Дзень Перамогі — важнае не толькі дзяржаўнае, але і сямейнае свята. Пасля ўрачыстасцяў ён адзначыць яго з блізкімі. «74 гады аддзяляюць нас ад той Вялікай Перамогі. На жаль, застаецца ўсё менш ветэранаў, удзельнікаў тых баёў, але наша памяць аб гэтай вайне, перамозе, ратных подзвігах будзе жыць заўсёды ў нашым народзе. У гэтым ніхто не сумняваецца», — сказаў Станіслаў Зась. Ён падкрэсліў, што сілавы блок святкуе Дзень Перамогі разам з усёй краінай: «Канешне, хтосьці на баявым дзяжурстве ці на варце грамадскага парадку. Прафесійны абавязак — забяспечыць бяспеку нашага народа ў гэтыя святочныя дні». Станіслаў Зась пажадаў беларусам «таго, за што гінулі нашы дзяды на вайне, — мірнага неба над галавой, шчасця і дабрабыту. Яны пра гэта марылі, яны за гэта ішлі ў бой».

Галоўныя героі свята

Асаблівая ўвага не толькі ў гэтыя дні, але і заўсёды — ветэранам. Учора на плошчы Перамогі галоўныя героі свята займалі пачэснае месца побач з трыбунай. Удзельнікі вайны, вязні, блакаднікі з радасцю размаўлялі з журналістамі, дзяліліся ўспамінамі і нават чыталі свае вершы.

«Я быў прызваны ў армію ў 1944 годзе. Вучыўся лятаць. Пакуль мяне абучалі, вайна скончылася. І я так на фронт і не трапіў, але вельмі хацеў змагацца з ворагам», — усміхаецца Іван Рэдзя. Усё сваё жыццё ён прысвяціў ваенна-транспартнай авіяцыі. «Дзень Перамогі для мяне — гэта самае важнае свята. Я гэтае свята заўсёды помню», — сказаў ветэран.

Удзельнік вайны Мікалаў Іваноў нарадзіўся ў Падмаскоўі, але жыве ў Беларусі ўжо 42 гады. Сімвалічна, што і ваяваў ён на 1-м Беларускім фронце, амаль дайшоў да Берліна. «Крыху не дайшоў, бо быў паранены, тры месяцы правёў у шпіталі», — расказвае Мікалай Іваноў і ўспамінае, што навіна аб Перамозе заспела яго падчас лячэння. Франтавік заўсёды марыў звязаць сваё жыццё з кнігамі, і можна сказаць, што яго жаданне здзейснілася: ён стаў членам Саюза пісьменнікаў, піша вершы. Выдаў ужо тры кнігі, але большасць яго твораў не аб вайне — аб каханні, жыцці, Айчыне.

«У сваім раёне я пражыла ўжо 47 гадоў. Я праводжу шмат урокаў мужнасці ў Ваеннай акадэміі, школах, гімназіях. Дзеці, школьнікі, студэнты павінны ведаць пра наша мінулае і што такое вайна. Мір — гэта шчасце народа», — дзеліцца кіраўнік аб'яднання блакаднікаў Ленінграда Першамайскага раёна Мінска Тамара Вішнякова. Аб падзеях вайны яна расказвае і сваім нашчадкам. У яе шэсць праўнукаў і чацвёра ўнукаў: «Я такая багатая, бачыце. Яны павінны ведаць пра гэта, каб не было вайны».

Мінск. Фота БЕЛТА

Магілёў. Фота БЕЛТА

Гомель. Фота БЕЛТА

Гродна. Фота БЕЛТА

Брэст. Фота БЕЛТА

Віцебск. Фота vitvesti.by

Марыя ДАДАЛКА, Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Аўтар фотаздымкаў, пазначаных лагатыпам, — Яўген ПЯСЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».