Вы тут

Людзі гінуць на рабоце. Хто вінаваты?


Пытанне, як той казаў, на засыпку. За мінулы год у Магілёўскай вобласці павялічылася колькасць няшчасных выпадкаў на рабоце, у тым ліку і смяротных. З работы не вярнулася 17 чалавек. Пяць з іх загінулі ў Магілёве, па два ў Бабруйску, Крычаўскім і Касцюковіцкім раёнах, па адным — у Чавускім і Глускім. Людзей не вярнуць, але што трэба зрабіць, каб трагедый больш не адбывалася? Разбіраемся разам з пракурорам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Дзянісам Хмяльковым.


Бабруйскі «ФанДАК» экспартаарыентаванае прадпрыемства, якое займаецца поўнай перапрацоўкай драўніны, пачынаючы ад лесанарыхтоўкі і заканчваючы вытворчасцю мэблі. Але вось з аховай працы тут не ўсё так добра. Фота з архіва БЕЛТА

Надзея на выпадковую ўдачу

— У Магілёўскай, як і ў іншых абласцях, дзейнічае зацверджаны аблвыканкамам Комплекс мер па папярэджанні гібелі і траўмавання людзей, па ўмацаванні вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны, бяспекі вытворчай дзейнасці. Усе яго патрабаванні павінны выконвацца, — канстатуе суразмоўнік. — Але, як паказаў аналіз, гэта не заўсёды выконваецца. Прычым не толькі работадаўцамі, але і самімі работнікамі. Напрыклад, пяць смяротных выпадкаў з 17 адбыліся непасрэдна па віне саміх жа працуючых. У той жа час у 57 выпадках з 113 ужо расследаваных спраў віна была на наймальніках. На іх жа сумленні 9 чалавечых жыццяў.

Пункт 15 Комплексу мер патрабуе, каб гар-, райвыканкамы кожны выпадак п'янства на рабоце або з'яўленне ў нецвярозым стане (ужывання наркотыкаў і іншых небяспечных для здароўя рэчываў) разглядаўся па поўнай строгасці. Аднак не ўсе гэта прымаюць да ведама. Напрыклад, Бабруйскі райвыканкам за ўвесь мінулы год звестак аб прыцягненні працуючых да адміністрацыйнай адказнасці за такія дзеянні не меў, у той час як РАУС гэтага раёна пакараў 54 чалавекі. Дарэчы, колькасць парушальнікаў, якія прыйшлі на работу «пад мухай», або спажывалі спіртныя напоі на рабоце, склала летась больш як 1000 чалавек у маштабах вобласці (у 2017-м было 947).

— Большасць запланаваных мерапрыемстваў па папярэджанні няшчасных выпадкаў носяць агульны характар, іх распрацоўка вядзецца без уліку наяўнага становішча ў сферы аховы працы ў рэгіёнах, тэрміны выканання запланаваных мерапрыемстваў не канкрэтызаваныя, — абураецца суразмоўца. — Не выконваецца патрабаванне па выключэнні з эксплуатацыі абсталявання, якое не адпавядае нарматыўным дакументам. Эксплуатацыя няспраўнага абсталявання прывяла да 11 няшчасных выпадкаў, два з якіх сталі смяротнымі. У Бабруйску адбыўся нават групавы няшчасны выпадак. Падчас абрэзкі дрэваў з вышыні 8 метраў абрынулася рухомая платформа, на якой знаходзіліся два супрацоўнікі камунальнай арганізацыі. Прычынамі выпадку стала выдача дазволу на эксплуатацыю гідраўлічнага пад'ёмніка пасля яго рамонту не спецыялістам і адсутнасць праходжання поўнага тэхнічнага агляду гэтай тэхнікі.

На прыкладзе аднаго прадпрыемства

Бабруйскі «ФанДАК» экспартаарыентаванае прадпрыемства, якое займаецца поўнай перапрацоўкай драўніны, пачынаючы ад лесанарыхтоўкі, заканчваючы вытворчасцю мэблі. Яно пастаўляе прадукцыю ажно ў 30 краін свету. Але вось з аховай працы тут не ўсё так добра. Яшчэ горш вядзецца кантроль за дзеяннямі на вытворчых пляцоўках з боку мабільных груп гарвыканкама і адміністрацыі раёна, дзе знаходзіцца прадпрыемства.

— Падчас абследавання такой групай у пачатку года мэблевага цэха і транспартнага ўчастка ААТ «ФанДАК» было выяўлена 39 парушэнняў, — прыводзіць прыклад Дзяніс Хмялькоў. — Але пасля таго як з прадпрыемства быў атрыманы адказ, што недахопы ліквідаваныя, мабільная група болей там не паяўлялася. Нягледзячы на тое, што на працягу месяца пасля абследавання там адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога работнік траўмаваў руку. Праз тры дні пасля гэтага яшчэ адзін работнік атрымаў траўму галавы. На працягу двух наступных месяцаў адбылося яшчэ тры няшчасныя выпадкі, у тым ліку адзін цяжкі. Супрацоўнік атрымаў тэрмічныя апёкі 40 % цела. Толькі пасля гэтага на пасяджэнні спецыяльнай камісіі Бабруйскага гарвыканкама было разгледжана пытанне стану аховы працы ў гэтым таварыстве. Але разбіральніцтва адбылося без удзелу кіраўніцтва прадпрыемства і адказных спецыялістаў. Абмежаваліся тым, што праінфармавалі кіраўніцтва справаздачай, якую адправілі па электроннай пошце. Пытанне прыцягнення да адказнасці службовых асоб таварыства нават не разглядалася.

Пасяджэнне камісіі адбылося ў ліпені, а ў жніўні на «ФанДАКу» зноў адбываецца два няшчасныя выпадкі, адзін з якіх цяжкі. Аператар сушыльнага абсталявання атрымала траўму галавы. На пасяджэнні камісіі ў Бабруйскім гарвыканкаме, якая адбылася 21 жніўня, гэты выпадак нават не згадалі. А на наступны дзень на прадпрыемстве зноў адбылося няшчасце. Толькі пасля гэтага мабільная група гарвыканкама выехала на месца, каб даследаваць вытворчасць на прадмет адпаведнасці яе патрабаванням аховы працы. Было выяўлена 78(!) парушэнняў заканадаўства, як у галіне аховы працы, так і санітарна-эпідэміялагічных, пажарных і іншых. Але гэта былі не ўсе недахопы, якія атрымалася высветліць. Роўна праз месяц на тэрыторыі «ФанДАКа» пад калёсамі лесапагрузчыка загінуў слесар-сантэхнік. Як паказала судовая аўтатэхнічная экспертыза, лесапагрузчык не прайшоў тэхнічны агляд і меў праблемы з тармазной і хадавой сістэмамі.

— Неналежная арганізацыя работы па папярэджванні гібелі і траўмавання людзей, неэфектыўнасць і нерашучасць камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійнай захваральнасці прывялі да таго, што ў Бабруйску па выніках мінулага года рост няшчасных выпадкаў на вытворчасці павялічыўся ажно ў 1,5 раза, — кажа пракурор.— Адсутнасць увагі з боку гарвыканкама і адміністрацый раёнаў прывяла да таго, што дагэтуль суб'ектамі гаспадарання дапускаюцца грубыя парушэнні заканадаўства. Толькі за два месяцы гэтага года колькасць выпадкаў траўматызму за аналагічны перыяд мінулага года павялічылася з сямі да дзевяці.

Лічбы, якія насцярожваюць

Летась на тэрыторыі Магілёўскай вобласці зарэгістравана 120 (2017 год — 87) няшчасных выпадкаў на вытворчасці, у якіх загінула, як ужо адзначалася, 17 (13) чалавек і 103 (74) атрымалі цяжкія траўмы. Асноўнымі прычынамі гэтых выпадкаў, як высветліла пракуратура, сталі: парушэнне работнікамі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, патрабаванняў інструкцый па ахове працы (13,9 %); невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы (13,1 %); допуск да работы без правядзення стажыроўкі па пытаннях аховы працы і (або) інструктажу па ахове працы (10,1 %); парушэнне патрабаванняў па ахове працы іншымі работнікамі (9,7 %); допуск да работы без навучання і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы (7,6 %); асабістая неасцярожнасць работніка (4,6 %); адсутнасць папярэдняга медыцынскага агляду (3,8 %); прыцягненне работніка да працы не па спецыяльнасці (3,4 %); незабеспячэнне сродкамі індывідуальнай абароны (3,4 %); эксплуатацыя няспраўных машын, механізмаў, абсталявання, аснасткі, інструмента, транспартных сродкаў (3 %); парушэнне тэхналагічнага працэсу (3 %); іншыя прычыны (24,4 %).

— Вынікі нашай праверкі сведчаць аб наяўнасці ў мінулым годзе сур'ёзных сістэмных недахопаў і пралікаў у рабоце па папярэджанні гібелі і траўмавання людзей, аб неналежным узроўні ўзаемадзеяння мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі рэгіёнаў, адсутнасці належнага ўзроўню эфектыўнасці мерапрыемстваў, што праводзяцца ў гэтым кірунку, — звяртае ўвагу Дзяніс Хмялькоў. — Органамі пракуратуры вобласці пры правядзенні праверкі было падрыхтавана і ўнесена 12 прадстаўленняў, вынесена шэсць прадпісанняў, адбылася аператыўная нарада пры пракурору раёна. Мабільнымі групамі гар-, райвыканкамаў за студзень — сакавік гэтага года арганізаваны маніторынг 228 будаўнічых аб'ектаў, 325 аб'ектаў сельскагаспадарчых арганізацый і 420 аб'ектаў малога прадпрымальніцтва. Выяўлена 10 076 парушэнняў правілаў і нормаў па ахове працы. Гэтыя звесткі накіраваны ў зацікаўленыя органы і разгледжаны на пасяджэннях гар-, райвыканкамаў, рэгіянальных камісій і аблвыканкама. Праведзены пазапланавыя і выбарачныя праверкі, абласныя месячнікі бяспекі працы ў арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва. Усё гэта накіравана на тое, каб было болей парадку на рабочых месцах і людзі вярталіся з работы дадому жывыя і здаровыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.