Вы тут

Паніжаць траўматызм павінна стаць выгаднай справай


За апошнія 27 гадоў каэфіцыент частаты агульнага вытворчага траўматызму ў краіне знізіўся ў 10 разоў, а паказчык частаты смяротнага траўматызму — у два з паловай разы. Аднак летась станоўчая тэндэнцыя, на жаль, парушылася. Усяго было траўмавана 2020 чалавек, што на 19,6 % больш, чым годам раней. У 2018 годзе загінулі 144 работнікі, у 2017-м — 115. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў:

— Каб знізіць вытворчы траўматызм, дапушчаны летась, неабходна прымаць дадатковыя меры. Яны ўжо распрацаваны Міністэрствам працы і сацабароны, нядаўна разгледжаны Прэзідыумам Савета Міністраў, цяпер вядзецца работа па іх рэалізацыі. Адна з нашых задач — максімальна скараціць колькасць ручной працы, паколькі самы высокі ўзровень траўматызму назіраецца менавіта ў такіх відах дзейнасці. Гэта сельская гаспадарка, будаўніцтва і транспарт. Па агульным траўматызме яны даюць больш за 42 % траўмаваных, а па смяротным — практычна палову.

Прынятыя меры ўжо даюць свой першы плён. У І квартале сёлета ў нашай краіне на вытворчасці загінулі 44 чалавекі, цяжкатраўмаваныя — 162 работнікі. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць загінулых зменшылася на 5 чалавек, а колькасць тых, хто атрымаў траўмы з цяжкім зыходам, скарацілася на 26 выпадкаў.

Акрамя таго, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапануе ўдасканаліць падыходы, звязаныя з абавязковым страхаваннем ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

Намеснік міністра лічыць, што гэта павінна павысіць эканамічную зацікаўленасць наймальнікаў. Тая дыферэнцыяцыя страхавых тарыфаў, якая ёсць, — невялікая. У міністэрстве ўпэўненыя, што арганізацыі, дзе ўзровень траўматызму невялікі або ён наогул адсутнічае, трэба максімальна заахвочваць. У гэтым выпадку тарыф страхавых узносаў у іх павінен быць маленькі, а тыя арганізацыі, якія дапускаюць сур'ёзны траўматызм, павінны рабіць значна большыя выплаты. «Груба кажучы, у нашых планах павялічыць дыферэнцыяцыю паміж найменшым і найвышэйшым тарыфамі. Казаць аб памерах пакуль заўчасна — гэтае пытанне яшчэ будзе прапрацоўвацца з Міністэрствам фінансаў, Белдзяржстрахам і іншымі зацікаўленымі бакамі», — растлумачыў сваю пазіцыю Ігар Старавойтаў.

Яшчэ адно з разглядаемых пытанняў — даць магчымасць арганізацыям выкарыстоўваць сродкі Фонду папераджальных (прэвентыўных) мерапрыемстваў для вырашэння канкрэтных пытанняў аховы працы. Акрамя таго, актыўна абмяркоўваецца і пытанне ўкаранення вопыту Расіі, дзе да 20 % гадавой сумы ўнёскаў па страхаванні прафесійных рызык работадаўцы могуць накіроўваць на ахову працы.

У тэму

У свеце амаль 2,8 мільёна смяротных выпадкаў у год звязаны з вытворчасцю, з іх каля 86 % — з прафесійнымі захворваннямі і 14 % — гэта непасрэдна смяротныя няшчасныя выпадкі на вытворчасці.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».