Вы тут

Прасачыць вызваленчы шлях Магілёўшчыны можна на выстаўцы


Вызваленне Магілёўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося ў верасні 1943 года з Бранскай і Смаленска-Рослаўльскай наступальных аперацый. У кароткія тэрміны атрымалася ачысціць ад ворага восем паўднёва-ўсходніх раёнаў вобласці. Але шмат баёў было вельмі цяжкіх і зацяжных. Зыход паскорыла маштабная наступальная аперацыя «Баграціён», якая пачалася ў чэрвені 44-га. Прасачыць увесь гэты нялёгкі вызваленчы шлях можна на выстаўцы Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава «Перамога нам у агні дасталася». Матэрыяламі да яе падзяліліся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру».


Усе рэчы, пачынаючы ад фота і дакументаў і заканчваючы прадметамі баявой амуніцыі ўдзельнікаў тых баёў, арыгінальныя. Сярод іх асабістыя рэчы і фотаздымкі знаных военачальнікаў — камандуючага 4-й паветранай арміяй 2-га Беларускага фронту генерал-палкоўніка авіяцыі Канстанціна Вяршыніна, Герояў Савецкага Саюза камандзіра 399-й стралковай дывізіі генерал-маёра Даніла Казакевіча і камандзіра 42-й стралковай дывізіі палкоўніка Антона Сліца, камандуючага 50-й арміяй генерал-лейтэнанта Івана Болдзіна і іншых. Кіцелі, планшэты, ручкі, трафейныя рэчы — усё гэта дыхае тым ужо далёкім ад нас часам і нясе дадатковую інфармацыю пра сваіх уладальнікаў. Целы комплекс прысвечаны 1-й польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, якая ў кастрычніку 1943 года прыняла бой пад вёскай Леніна ў Горацкім раёне. Дывізія панесла вялікія страты, трое яе байцоў атрымалі званні Герояў Савецкага Саюза, каля дзвюх з паловай сотняў атрымалі ордэны і медалі. На выстаўцы шмат прадметаў часоў вайны, знойдзеных падчас раскопак пошукавым клубам «Віккру» і 52-м асобным батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Тут жа серыя фотаздамкаў ад клуба «Віккру» з месцаў раскопак перыяду 1994—2018 гадоў. Прасякнуцца атмасферай часоў 75-гадовай даўніны дапамагаюць адмысловыя інсталяцыі.

— Чым цікава гэтая выстаўка, дык гэта тым, што тут шмат вельмі рэдкіх, мемарыяльных рэчаў, — кажа загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Аляксандра Буракова. — Мы, напрыклад, з цікаўнасцю разглядалі ўнікальныя фотаздымкі вызвалення Бабруйска і Магілёва, якія прадставіў дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Такіх у нашай калекцыі наогул не было. На выстаўцы ёсць шмат арыгінальных дакументаў, схем, плакатаў. Напярэдадні Дня Перамогі кожнаму будзе карысна ўсё гэта паглядзець, каб ацаніць, наколькі няпростай і ахвярнай была для нас тая Перамога.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Перамога ў экспанатах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».