Вы тут

Не арыгіналы, але шлях да арыгіналаў


Гэтым разам праект «Мастак і горад» стане «Мастачкамі і горадам». Ужо восьмы раз сталіца рыхтуецца ўпрыгожыць сябе адкрытай выстаўкай на плошчы Якуба Коласа, якая таксама будзе паказана ў Брэсце ў гонар яго тысячагоддзя. Калі дагэтуль плошча паказвала скрозь мужчынскае мастацтва — Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Мікалая Селяшчука, Валянціна Губарава, Георгія Скрыпнічэнку, то нарэшце запрасіла нашых надзвычайных творцаў-жанчын — Зою Літвінаву і Зою Луцэвіч. «Зоі» маюць святочна адкрыцца ў Мінску 16 мая.


«Вяртанне з храма» Зоі ЛІТВІНАВАЙ

Я нават памятаю, як гэта пачыналася восем гадоў таму: як нестандартная цікавінка, хоць мастацтва на вуліцы для беларускай культуры — дзякуючы Віцебску 20-х гадоў мінулага стагоддзя — ледзь не натуральнае. Тым не менш праз пэўную паўзу ў перадавым развіцці айчыннага мастацтва ў рэшце рэшт мы аказаліся паслядоўнікамі еўрапейскіх трэндаў, дзе вуліца даўно стала звычайнай выставачнай прасторай і канцэртнай пляцоўкай.

Але і ў нас яно верціцца: штогадовае музычнае ажыўленне Верхняга горада аркестрамі і калектывамі, якія выконваюць класічную і джазавую музыку, вулічныя тэатры на пешаходнай вуліцы стрыт-арт фестываль Vulіса Brаsіl (чакаецца ў ліпені) і нарэшце ўжо традыцыйная выстаўка «Мастак і горад» (і яна такая не адзіная) ажыўляюць культуру, надаюць ёй новыя рысы і, канешне, змяншаюць дыстанцыю паміж мастацтвам і заклапочаным парадкам дня чалавекам.

Таму і арганізатары такога кшталту мерапрыемстваў часта з надзеяй кажуць, што іх івэнты могуць стаць не проста кароткай паўзай у штодзённай мітусні, але і імпульсам пайсці па мастацтва ў іншыя месцы — праз неарыгіналы на плошчы Якуба Коласа да арыгіналаў на выстаўках у закрытых музейных прасторах.

Усё яшчэ апроч асветніцкай функцыі выстаўка «Мастак і горад» робіць добрую службу ўласна гораду, крыху падымаючы яго над «зямнымі» намерамі. Арганізатары падзяліліся, што рэдка здараецца, каб выстаўка пуставала, а некаторыя турагенцтвы ў свае экскурсіі па Мінску ўключаюць наведванне «Мастака і горада». Дарэчы, і акты вандалізму больш амаль не здараюцца — летась невядомыя толькі адзін раз перакулілі куб з рэпрадукцыямі.

Паказальна, што адпаведна таксама пэўным трэндам, хоць рэакцыя і запозненая, экспазіцыя гэтым разам прадставіць мастачак-жанчын. Выстаўка будзе складацца з дзвюх частак і мяняцца літаральна на вачах. 16 мая на плошчы адкрыецца экспазіцыя «Зоя Літвінава. Выбранае», а 11 ліпеня — «Перавернутая рэальнасць» Зоі Луцэвіч. У Брэсце з 7 верасня запрацуе выстаўка зноў жа Зоі Луцэвіч.

«Я з вялікім захапленнем успрыняла запрашэнне да ўдзелу, якое атрымала абсалютна нечакана. Для мяне гэта гонар, адказнасць і вялікая падзея ў жыцці, нягледзячы на тое, што я дастаткова шмат выстаўляюся і ў Беларусі, і на Захадзе. Гэты праект на плошчы — надзвычайны, нейкая асаблівая камунікацыя з усёй Беларуссю, а таксама гасцямі краіны, выпадковымі мінакамі альбо людзьмі, якія сапраўды зацікаўлены ў мастацтве. Я гатовая да ўсяго — як да разумення, так і да неразумення, і магу толькі сказаць дзякуй за далучэнне народа да культуры, якое музей здзейсніць, можа быць, і не ў стане. Калі гэта будзе цікава, я з задавальненнем раскажу, чаму я такая і які шлях прайшла», — кажа Зоя Літвінава, адсылаючы да сваёй адкрытай экскурсіі па экспазіцыі.

Сёлета «Мастак і горад» крыху змяніў сваю начынку і апроч самой выстаўкі падрыхтаваў шэраг мерапрыемстваў. 18 мая на плошчы ў так званай Адкрытай майстэрні пройдзе аўтарская экскурсія Зоі Літвінавай, а Зоя Луцэвіч правядзе майстар-клас «Свабодны мальберт». 21 чэрвеня, у Міжнародны дзень музыкі, у творчай акцыі «Саўнд Мінск» пад адкрытым небам зайграе калектыў Fіvе-stоrеу еnsеmblе, а кожны слухач будзе забяспечаны навушнікамі, то-бок сваім персанальным гукам. У дзень пераэкспазіцыі і адкрыцця выстаўкі Зоі Луцэвіч 11 ліпеня тут будзе паказана кінапраграма «Мастак і горад» ад праекта Сіnеmаsсоре.

«Мне падабаецца, калі мастацтва выходзіць за межы музеяў, таму што некаторыя людзі ніколі ў іх не бывалі і не адчуваюць патрэбы там бываць, — дзеліцца Зоя Луцэвіч. — А пасля такой выстаўкі, як на плошчы Якуба Коласа, магчыма, больш людзей захоча наведваць музей, будзе па-іншаму ставіцца да мастакоў і зразумее, што мастак — гэта вельмі важна. На плошчы і без таго даволі прыгожа, але калі яна прыхарошана яшчэ і карцінамі, мне падаецца, павінна быць асабліва прыемна і каштоўна, у некага падымецца настрой, а нехта нават палепшыцца душэўна. Я вельмі рада, што такое існуе».

Зоя Літвінава і Зоя Луцэвіч вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, іх творы перыядычна выстаўляюцца, а таксама набываюцца для прыватных калекцый у розныя краіны. Зоя Літвінава з'яўляецца ўладальніцай французскага ордэна «За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва» і айчыннага Ордэна Францыска Скарыны. Зоя Луцэвіч сярод іншых замежных гарадоў выстаўлялася, напрыклад, у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Мастачак звязваюць стасункі настаўніцы і вучаніцы, а таксама хроснай маці і хросніцы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».