Вы тут

Як дзяржава дапамагае ветэранам


Ветэраны і ўдзельнікі вайны маюць права на розныя льготы ў сферы аховы здароўя, у жыллёвай сферы, на бясплатны праезд на гарадскім транспарце і некаторыя іншыя.


Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Цімафееўна Дзмітрыева. Фота БЕЛТА

Якія пенсіі атрымліваюць ветэраны?

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне маюць асаблівы статус, згодна з якім да іх пенсій выплачваюцца павышэнні ў памеры ад 50 да 500 % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (памер мінімальнай пенсіі па ўзросце (МПУ) у маі гэтага года склаў 56,01 руб.).

У прыватнасці, Героям Савецкага Саюза даплачваюць 500 % МПУ; інвалідам вайны І і ІІ групы — 400 % МПУ; інвалідам вайны ІІІ групы, удзельнікам вайны — 250 % МПУ; «блакаднікам» Ленінграда — 100 % МПУ; узнагароджаным работнікам тылу — 50 % МПУ; былым вязням фашызму — 100 % МПУ.

Што датычыцца інвалідаў з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі або калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі, — то ім даплачваюць 50 % МПУ; удовам загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ваеннаслужачых, партызанаў і падпольшчыкаў — 180 % МПУ; дзецям-інвалідам з дзяцінства загінулых ваеннаслужачых, партызанаў і падпольшчыкаў — 100 % МПУ.

У цэлым, як заявіў журналістам на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, з улікам устаноўленых павышэнняў і даплат памер пенсіі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў маі гэтага года складзе прыкладна ад 530 да 800 рублёў. Пры гэтым сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў маі будзе раўняцца, па ацэнцы, 418,4 рубля.

Пра сацыяльнае абслугоўванне

Ветэраны вайны і грамадзяне, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, ахоплены рознымі відамі сацыяльнага абслугоўвання. Так, сацыяльнае абслугоўванне дома атрымліваюць больш за 2,6 тысячы чалавек — больш за 1 тысячу ветэранаў вайны і 1,6 тысячы грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Паслугі сядзелкі аказваюцца 76 ветэранам вайны і 43 грамадзянам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

У аддзяленнях кругласутачнага знаходжання атрымліваюць неабходны догляд 23 і 48 чалавек адпаведна, пражываюць у дамах-інтэрнатах — 71 і 145 чалавек, у Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны — 39 ветэранаў і 7 чалавек, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

У І квартале гэтага года традыцыйна былі абследаваны ўмовы жыцця каля 23 тысяч чалавек. У красавіку праводзілася работа па задавальненні заявак, якія паступілі. Як заявіў Аляксандр Румак, стаіць задача да 9 мая задаволіць усе заяўкі, за выключэннем тых, дзе патрабуецца рамонт вялікага аб'ёму. «Напрыклад, замена даху запатрабуе часу, — удакладніў Аляксандр Румак. — Усе астатнія пытанні будуць вырашаны да 9 мая».

Акрамя таго, па словах намесніка міністра, за кожным ветэранам замацаваны не толькі сацыяльны работнік, але і прадпрыемства або навучальная ўстанова — для аказання шэфскай дапамогі.

Дзяржаўныя сацыяльныя льготы ветэранам

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны нагадвае, што ветэранам Вялікай Айчыннай вайны даюцца розныя сацыяльныя льготы.

У сферы аховы здароўя:

— бясплатнае забеспячэнне лекамі, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў;

— бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства;

— бясплатнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі;

— першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў), або аздараўленне (пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў), або атрыманне грашовай дапамогі на аздараўленне ў памеры 10 базавых велічынь — у выпадку, калі правам на бясплатную санаторна-курортную пуцёўку не скарысталіся Героі Савецкага Саюза, інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

Па праездзе на транспарце:

— бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту;

— бясплатны праезд у прыгарадным чыгуначным, водным і аўтамабільным пасажырскім транспарце;

— бясплатны праезд (па талонах, што выдаюцца адпаведнымі органамі) адзін раз на год у пасажырскіх цягніках ці вагонах фарміравання Беларускай чыгункі ва ўнутрырэспубліканскіх зносінах або з 50-працэнтнай зніжкай ад кошту праезду адзін раз на год на ўнутраных лініях воднага, паветранага або аўтамабільнага пасажырскага транспарту агульнага карыстання рэгулярных міжгародніх зносін — удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны.

У адпаведнасці з пагадненнем кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельніц СНД аб узаемным прызнанні правоў на льготны праезд для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асоб, прыроўненых да іх, нададзена права:

— на бясплатны праезд па тэрыторыі СНД адзін раз на год на чыгуначным, рачным транспарце і 50-працэнтную зніжку на праезд паветраным і міжгароднім аўтамабільным транспартам — інвалідам Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ груп;

— на 50-працэнтную зніжку адзін раз на год на праезд па тэрыторыі СНД чыгуначным, рачным, міжгароднім аўтамабільным транспартам або адзін раз на два гады бясплатна — інвалідам Вялікай Айчыннай вайны ІІІ групы, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

У жыллёвай сферы:

— ветэранам нададзена права на 50-працэнтную зніжку па плаце за тэхнічнае абслугоўванне, карыстанне жылымі памяшканнямі, тэхнічнае абслугоўванне ліфта і камунальныя паслугі; за карыстанне кватэрным тэлефонам;

— на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: З клопатам і павагай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».