Вы тут

У Беларусі адсвяткавалі 1 Мая


Гродзеншчына

У Гродне ўшанавалі дынастыі, а на Аўгустоўскім канале стартаваў міжнародны турыстычны сезон. Сёння пачынае працаваць пункт пропуска Лясная — Рудаўка, які разлічаны на веласіпедыстаў, воднікаў і пешых турыстаў. Сезонны пункт пропуска рэспубліканскага значэння будзе працаваць з 1 мая па 1 кастрычніка. Прайсці афармленне можна з 8 да 20 гадзін штодзень.

Напачатку пункт пропуска быў прызначаны толькі для водных турыстаў. Ім актыўна карысталіся байдарачнікі. Але з адкрыццём бязвізавай зоны такая магчымасць з’явілася для вандроўнікаў-раварыстаў і пешых турыстаў. Адсюль яны могуць трапіць у горад — арганізаваны спецыяльны маршрут. Для актыўных турыстаў на ровары дзейнічаюць некалькі веламаршрутаў, пракладзены зручныя дарожкі ў акваторыі канала. У летні сезон будуць працаваць пяць пунктаў велапракату.

Як паказаў папярэдні агляд інфраструктуры, аб’ект гатовы да пачатку міжнароднага турыстычнага сезона. Шлюзы знаходзяцца ў добрым стане. Сюды прыплываюць і замежныя яхты — канал стаў даступны для маламернага судаходства.

З 1 мая пачалі працаваць краязнаўчыя музеі, у тым ліку і экспазіцыя пад адкрытым небам. Папярэдні аналіз паказаў, што турыстычны паток за мінулы год вырас амаль на 20%. А кожны трэці бязвізавы турыст перасякаў мяжу менавіта праз канал.

Сёння ў Гродне адкрыўся купальны сезон. Сёлета тут з’явілася яшчэ адна зона з пляжам і выратавальным пастом ля базы адпачынку на Нёмане.

А ў горадзе адбыўся ўрачысты пуск фантанаў. Самы відовішчны, з падсветкай і музыкай, знаходзіцца ў цэнтральным гарадскім парку імя Жылібера. Цырымонія, якая праходзіла тры разы, суправаджалася тэатралізаваным відовішчам, анімацыяй, канцэртам і гульнямі. У парку распачаўся сезон атракцыёнаў.

Дарэчы, горад у гэты дзень апынуўся ў віхуры свята. На цэнтральнай плошчы разгарнулася арт-кафэ, артысты ўздымалі настрой вясёлай канцэртнай праграмай. Гараджане і госці горада даведаліся аб працоўных дынастыях, ушанаванне якіх прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы.

Многія вырашылі паспрабаваць свае сілы ў стварэнні эксклюзіўных работ на майстар-класах і ўроках-плэнэрах. Выклікала зацікаўленасць выстаўка-продаж самабытных рэчаў, сувеніраў. А некаторыя скарысталіся выязной цырульняй, каб змяніць імідж. А ў лесапаркавай зоне «Пышкі» адбылося адкрыццё танцавальнага езона. Сюды прыходзяць гараджане, каб актыўна і з настроем правесці свой вольны час.

Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ

Магілёўшчына

Святочныя мерапрыемствы ў Магілёве пачаліся з урачыстасцяў на плошчы Леніна і ўручэння пасведчанняў аб занясенні на абласную Дошку гонару паводле вынікаў працы за 2018 год. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц павіншаваў усіх са святам і падзякаваў за плённую працу на карысць рэгіёна і краіны. Сярод ганаровых гасцей цырымоніі прысутнічала і легендарная асоба — Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Аляксеевіч Байкоў.

Фота Любові НІКАЛАЕВАЙ

Права быць занесенымі на абласную Дошку гонару заслужылі прадпрыемствы «Магілёўліфтмаш», «Тэхналіт», прыватнае прадпрыемства «Праметэй», «Калгас «Радзіма», Бялыніцкая ПМК№ 241, ААТ «Экавер ПРО», музей гісторыі Магілёў і іншыя. Напярэдадні свята Прэзідэнт краіны падпісаў Указ аб занясенні на рэспубліканскую Дошку гонару шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый, куды трапілі і лепшыя працоўныя калектывы Магілёўскай вобласці — ААТ «Горкілён», Магілёўскае лесагаспадарчае аб’яднанне, Дрыбінскае райспажыўтаварыства, Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Магілёўскі абласны супрацьсухотны дыспансер. Узнагароды прымалі таксама пераможцы конкурсаў «Чалавек года» і нацыянальнага — «Прадпрымальнік года».

На вуліцах і плошчах Магілёва, пачынаючы з 10 раніцы праходзяць шматлікія забаўляльна-гульнявыя мерапрыемствы. Адбыўся парад прафесій, прысвечаны 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі і Дню працы. У ім узялі ўдзел каля 500 чалавек, якія дэманстравалі прадстаўнікоў некалькі дзясяткаў розных прафесій.

У парку атракцыёнаў прафсаюзы арганізавалі дабрачынную акцыю для дзяцей, запрашаючы іх пакатацца на каруселях бясплатна. Шмат гараджан узялі ўдзел у пешым шпацыры «Першамайскі тэранкур» па маршруце сквер 40-годдзя Перамогі — парк «Падміколле».

Фота Любові НІКАЛАЕВАЙ

Сёння ў Магілёве адбыўся ўрачысты запуск фантанаў. Каля галоўных з іх — каскаднага ў «Падміколлі» і ў скверы 40-годдзя Перамогі арганізаваны канцэрты для дзяцей і дарослых. У скверы 40-годдзя Перамогі вечарам адкрываецца любімы гараджанамі сезон танцавальных вечароў пад духавы аркестр. Канцэртныя праграмы адбываюцца на шматлікіх адкрытых пляцоўках у розных кутках горада. А жыхары мікрараёна пасёлак Ямніцкі атрымалі ў гэты дзень яшчэ і добры падарунак — новы гандлёвы цэнтр. У яго адкрыцці узняў удзел мэр горада Уладзімір Цумараў.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Першамаю, праходзяць з песнямі, гульнямі, конкурсамі ва ўсіх населеных пунктах Магілёўскай вобласці. Тут ушанаўваюць працоўныя дынастыі, праводзяць прафсаюзныя маёўкі, арганізуюць тэматычныя выставы, лёгкаатлетычныя кросы, велапрабегі і шмат чаго іншага.


Віцебшчына

У Віцебскай вобласці першамайскае свята сёлета будзе насычаным рознымі падзеямі. І, як калісьці, стане сямейным, калі можна адпачнуць разам людзям розных пакаленняў. Паводле добрай традыцыі напярэдадні галоўнага святочнага дня ў Віцебску шануюць найлепшых у розных сферах народнай гаспадаркі. У абласным цэнтры 30 красавіка ў скверы імя Леніна адбылася урачыстая цырымонія занясення на «Дошку гонару» пераможцаў спаборніцтва паводле вынікаў працы за 2018 год.

Сярод пераможцаў: Віцебскі завод трактарных запасных частак, ААТ «Завод керамзітавага жвіру г. Новалукомль», дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Аршанскі лясгас», Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі універсітэт, Віцебскі абласны дыспансер спартыўнай медыцыны, ААТ «Полацкбыт», дзяржаўная ўстанова культуры «Лёзненская Цэнтралізаваная клубная сістэма»...

Фота: vitvesti.by

Дарэчы, у бягучым годзе ў аблвыканкаме прынялі рашэнне дадаць два месцы на дошку гонару Віцебскай вобласці для арганізацый прамысловасці. У тым ліку — паліўна-энергетычнага комплексу, і адно — для арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аховы здароўя.

У абласной філармоніі адбыліся ўрачыстае пасяджэнне і святочны канцэрт, прысвечаныя святу працы.

Сярод самых цікавых першамайскіх мерапрыемстваў у Віцебску: танцавальная пляцоўка для ветэранаў працы з удзелам духавога аркестра, народнае гулянне «Добры дзень, мір! Добры дзень, май!», акцыя сямейнага адпачынку «Мір. Праца. Май» і іншыя...

У глыбінцы сярод іншага здадзены пад ключ аб’екты грамадскага прызначэння. У прыватнасці, у Лепелі напярэдадні святкавання адбылося ўрачыстае адкрыццё рэнтгенкабінета ў цэнтральнай раённай бальніцы, жылога дома. У Глыбокім адкрылі памятную дошку ў гонару да 100-годдзя стварэння БССР і дошку ганаровых грамадзян раёна.

У вобласці ў святочныя дні праводзяць розныя спартыўныя і творчыя конкурсы з уручэннем прызоў. І, канешне, галоўны з іх — добры настрой.


Міншчына

Першага мая прафсаюзы Міншчыны адзначылі сваё галоўнае свята. На гэты раз абласная маёўка прайшла ў горадзе Маладзечна.

Урачыстасці адкрыла святочнае шэсце «Парад прафесій» галіновых прафсаюзаў Мінскай вобласці. Святочныя калоны прайшлі па вуліцы Віленскай да Цэнтральнай плошчы, дзе распачаўся мітынг «Славім чалавека працы» з ушанаваннем ветэранаў працы, найлепшых працаўнікоў, прафсаюзных актывістаў.

Фота: mgazeta.by

Прадоўжыла свята музычнае віншаванне «Мелодыі Першамая». А затым у парку культуры і адпачынку імя Перамогі адбылося адкрыццё сезону. Жыхары Маладзечна і госці паслухалі канцэрт мастацкай самадзейнасці «Мы разам!». І дарослыя, і дзеці змаглі паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах, гульнях, спаборніцтвах «На старце Першамай». Для іх працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, тэматычныя выстаўкі, атракцыёны.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Першамаю, прайшлі таксама ва ўсіх раёнах вобласці.


Гомельшчына

Дзень працы ў горадзе над Сожам быў адзначаны акцыяй моладзі, якую прадстаўнікі Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў правялі для выхаванцаў Улукаўскай дапаможнай школы-інтэрната. Дзецям падарылі магчымасць неабмежавана катацца на атракцыёнах у гомельскім парку.

Сёння ж на вуліцы Гомеля выйшлі прафсаюзныя тралейбусы. Канцэртна-забаўляльныя праграмы праходзяць ва ўсіх раёнах горада. Таксама ўзнагароджаны пераможцы абласнога агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства «Гомельскі майстар-2019». На набяражнай Сожа дадзены старт лёгкаатлетычнаму прабегу і воднай рэгаце. Прафсаюзы арганізавалі таксама флэшмоб «Мы за мір!». Жыхароў і гасцей горада чакае канцэрт Гомельскага гарадскога сімфанічнага аркестра, які вечарам пройдзе на плошчы Паўстання.

А напярэдадні ў Гомелі адбылася цырымонія ўручэння пасведчанняў аб ўнясенні на абласную Дошку пашаны. Заслужаныя ўзнагароды ўручаны кіраўнікам 45 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў і 3 раёнаў. Летась найлепшыя вынікі працы сярод раёнаў прадэманстравалі Мазырскі і Добрушскі, высокіх паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў дасягнуў Рэчыцкі раён. Дыпломы кіраўнікам уручыў выканаўца абавязкаў старшыні, першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

Фота: gp.by

Між тым, падыходзіць да завяршэння рэканструкцыя ля манумента Дружба ў Добрушскім раёне. Сёння там кіпіць праца, а тры белыя пілоны ўжо цешаць вока сваім абноўленым выглядам. Было дэмантавана і наноў укладзена 3200 кв. м тратуарнай пліткі. Дарэчы, дарожкі, якія вядуць да манумента, выкананыя з нацыянальнымі арнаментамі. Вахтавым метадам работы праходзіць увесь светлавы дзень. Штодзень там задзейнічана па 60 чалавек.

Брэстчына

У Брэсце галоўныя пляцоўкі святкавання разгарнуліся ў парку культуры і адпачынку, які быў названы ў гонар 1 Мая. Зранку адбылося ўрачыстае адкрыццё новага атракцыёна. З гэтай нагоды на ланцуговай каруселі першых наведвальнікаў каталі бясплатна.

Фота: brestpark.by

Тым часам прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемства «Брэсттурыст» і «Санаторыя Буг» ладзілі інтэрактыўную пляцоўку, дзе прэзентавалі свае паслугі. На сцэне летняга тэатра прайшоў вялікі канцэрт у гонар усіх працаўнікоў. Падчас святочнай праграмы ўшанавалі пераможцаў абласнога конкурсу ўмельцаў, ветэранаў прафсаюзнага руху. Завяршыўся канцэрт у парку арыгінальным флэшмобам «Прафсаюзны вальс».

У дзень Першамая на Брэстчыне традыцыйна ўшанавалі лепшыя калектывы вобласці і лепшых працаўнікоў. Старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС уручыў дыпломы пераможцам спаборніцтва за дасягненні ў 2018 годзе найлепшых вынікаў ў выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сярод гарадоў лідэрам прызнаны Брэст, а спіс раёнаў ўзначаліў Лунінецкі раён. У конкурсе мясцовых органаў улады перамога прысуджана Белавежскаму сельскаму Савету Камянецкага раёна.

У гэты ж дзень ганаровыя дыпломы “Чалавек года Брэстчыны” атрымалі 15 жыхароў вобласці. Падчас уручэння губернатар сказаў: “Сёння ў ліку лаўрэатаў аграрыі, будаўнікі, работнікі прамысловага комплексу і гандлю, настаўнікі, урачы, грамадскія дзеячы. Гэта прафесіяналы, добрасумленныя, адказныя людзі – залаты фонд нашай вобласці і краіны ў цэлым”.

Ганаровага звання “Чалавек года Брэстчыны” па выніках 2018 года ўдастоены генеральны дырэктар СП ААТ “Брэстгазаапарат” Віктар Кузьмінчук, галоўны інжынер Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Генадзь Говін, дырэктар ААТ “Велікасельскае Агра” Пружанскага раёна Васіль Севасцьянчык,  загадчык траўматалагічнага аддзялення Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай дапамогі Сяргей Цароў, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1 г. Баранавічы Святлана Лімошкіна, кіраўнік народнага ансамбля песні “Спадчына” Тэльмаўскага Дома культуры Брэсцкага раёна Уладзімір Літвінчук і многія іншыя. Партрэты ўсіх лаўрэатаў занесены на абласную Дошку пашаны.

Гэтая ганаровая дошка таксама папоўнілася спісам пераможцаў спаборніцтва – калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія летась дабіліся лепшых паказчыкаў у працы.

Маргарыта УШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».