Вы тут

Што зменіцца ў сацыяльнай сферы з мая


З 1 мая чакаюцца змены, якія закрануць пенсіянераў, бюджэтнікаў, людзей з інваліднасцю, мам у дэкрэтным водпуску, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўсіх, хто карыстаецца паслугамі «Белтэлекама». А цяпер — больш падрабязна пра тое, чаго нам чакаць.


Фота: 5min.by

Павысяцца працоўныя пенсіі і пенсіі па ўзросце

З 1 мая павышаюцца пенсіі — у сярэднім на 6,3 працэнта. Мяркуецца, што сярэдні памер працоўных пенсій складзе 411,5 руб., сярэдні памер пенсіі па ўзросце — 418,4 руб.

Пры гэтым памер (працэнт) павелічэння пенсіі ў выніку пераразліку ў кожнага пенсіянера будзе залежаць ад індывідуальных параметраў яго стажу працы і велічыні заробку да звароту па пенсію, а таксама ўстаноўленых да пенсіі надбавак, павышэнняў і даплат.

Надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій будуць таксама паднятыя, але гэта адбудзецца дзякуючы таму, што падымецца памер бюджэту пражытковага мінімуму.

Вырасце тарыфная стаўка для бюджэтнікаў

З 1 мая тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў у бюджэтных арганізацыях і прыраўнаваных да іх павысіцца з 35,5 да 36,4 рубля. І дарэчы, у наступным годзе зменіцца схема аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый.

З 1 студзеня 2020 года тарыфную стаўку першага разраду заменяць на базавую стаўку, якая складзе 180 рублёў, а замест 27-разраднай адзінай тарыфнай сеткі ўвядуць 18-разрадную.

Павялічыцца бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ)

У Беларусі з 1 мая вырасце бюджэт пражытковага мінімуму. Гэты паказчык павялічыцца да 224,02 рубля. Прыбаўка складзе 7,12 рубля. Новы памер БПМ будзе дзейнічаць да канца ліпеня гэтага года.

Павысяцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі і некаторыя надбаўкі

Даплаты да пенсій непрацуючым пенсіянерам, якія дасягнулі 75 і 80 гадоў, услед за БПМ таксама вырастуць і складуць:

  • для 75 гадоў — 42,01 рубля;
  • для 80 гадоў — 56,01 рубля.

Сацыяльная пенсія інвалідам 1-й групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, складзе 246,42 рубля;

  • інвалідам з дзяцінства 2-й групы — 212,82 рубля;
  • інвалідам 2-й групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты карміцеля — 190,42 рубля;
  • інвалідам 3-й групы — 168,02 рубля;
  • дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры першай ступені страты здароўя — 179,22 рубля; пры другой ступені страты здароўя — 190,42 рубля; пры трэцяй ступені — 212,82 рубля; пры чацвёртай ступені — 246,42 рубля.

Мінімальная пенсія па ўзросце (без уліку даплаты ў 20 % ад сярэдняй зарплаты) складзе 56 рублёў.

Вырастуць дапамогі на дзяцей

Павелічэнне БПМ адаб'ецца і на аднаразовай дапамозе ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці, якая цяпер будзе раўняцца 2240,2 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей памер аднаразовай дапамогі складзе 3136,28 рубля. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 224,02 рубля.

Дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) складзе 112,01 рубля.

Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў, прадугледжаных заканадаўствам (штомесячная):

— на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем'ях (акрамя дзіцяці-інваліда), —112,01 рубля;

— на дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, —156,81 рубля.

Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (штомесячная):

— з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў — 224,02 рубля;

— з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 224,02 рубля;

— з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 268,82 рубля;

— дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (штомесячная), складзе 156,81 рубля.

Пенсіянерам — зніжка на праезд у электрычках

З 1 мая ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа для пенсіянераў па ўзросце прадугледжана зніжка 50 % на праезд.

Яна ўстанаўліваецца штогод у перыяд сезонных сельскагаспадарчых работ з 1 мая і па 30 верасня. Для набыцця праязных дакументаў са зніжкай трэба прад'явіць арыгінал пенсійнага пасведчання. Таксама гэты дакумент неабходна мець пры сабе падчас праезду.

Дарэчы, ільготныя праязныя дакументы пенсіянеры па ўзросце з 1 мая па 30 верасня могуць аформіць не толькі ў білетных касах, але і праз тэрміналы самаабслугоўвання.

Прадстаўнікі Беларускай чыгункі адзначаюць, што дадзеная льгота не даецца пры праездзе ў цягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа (з нумараванымі месцамі), а таксама пры праездзе ў цягніках гарадскіх ліній.

МТС прапануе мабільную сувязь за 1 рубель у месяц

МТС з 1 мая запускае тарыф «Перамога» для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер яны змогуць карыстацца мабільнай сувяззю за 1 рубель у месяц. Запуск прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі.

Тарыф уключае безліміт званкоў унутры сеткі. У пакет таксама ўваходзіць 10 хвілін на міжнародныя выклікі і 100 МБ мабільнага інтэрнэту. Патэлефанаваць у іншыя сеткі Беларусі каштуе 3,43 капейкі за хвіліну, адправіць СMС — 3,39 капейкі, а трафік звыш нормы тарыфікуецца па прынцыпе адкрытага інтэрнэту.

Пры гэтым няважна, карыстаецца ветэран мабільнай сувяззю МТС або падключаецца да яе ўпершыню. Акрамя таго, як заявілі ў МТС, для падключэння ісці ў салон сувязі неабавязкова: c 4 да 17 мая СІM-карту могуць бясплатна даставіць дадому.

Павысяцца цэны на паслугі «Белтэлекама»

З 3 мая ў сярэднім на 4 % павысіцца плата за інтэрнэт і пакеты паслуг электрасувязі «Белтэлекама».

Тэлеграфная сувязь, міжнародныя званкі, тэлебачанне, званкі на мабільныя тэлефоны, даведачна-інфармацыйныя і іншыя дадатковыя паслугі падаражэюць у сярэднім на 5 %.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.