Вы тут

Старшыня Белпрафсаюза работнікаў сувязі — пра мінулае і перспектывы


Сёлета спаўняецца 115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі. У сувязі з надыходзячым юбілеем наш карэспандэнт пагаварыў са старшынёй Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сувязі Нінай Гаўрылавай — пра мінулае, сучасны этап і перспектывы.


— Ніна Сямёнаўна, што прафсаюзы ўяўлялі сабой на заранку і што яны ўяўляюць сабой сёння?

— 115 гадоў — гэта адрэзак гісторыі, які ўвасобіў сабой цэлую эпоху, — ад стварэння невялікіх прафсаюзных арганізацый, якія дзейнічалі разрознена, да фарміравання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. За гэты час шмат што змянілася ў нашай дзейнасці, але нязменным засталося адно — абарона правоў і інтарэсаў работнікаў.

Прафсаюзы заўсёды вырашалі задачы, прадыктаваныя жыццём. Ліквідацыя непісьменнасці, арганізацыя сацспаборніцтва, мабілізацыя рабочых тылу ў ваеннае ліхалецце, аднаўленне разбуранай падчас Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі... Гэта толькі невялікая частка слаўных прафсаюзных дзей.

Прафсаюзы з першых дзён свайго існавання сталі баявымі арганізатарамі стачачнай барацьбы, умацоўвалі адзінства і арганізаванасць мас.

Прафсаюз работнікаў сувязі — адзін з найстарэйшых у краіне, які ствараўся ў перыяд першай рускай рэвалюцыі 1905 года. У пачатку мінулага стагоддзя з развіццём эканомікі краіны расла колькасць лістоў, газет, пасылак, тэлеграм, а разам з ім — і даходы царскай казны, якія паступалі ад паштова-тэлеграфнага ведамства. У той жа час штаты прадпрыемстваў сувязі заставаліся амаль без змен, а працоўны дзень фактычна працягваўся 12—16 гадзін.

Сувязісты працавалі ў будні і святы без адпачынкаў, аховы працы не існавала. Пошта, тэлеграф, тэлефон размяшчаліся ў непрыстасаваных сырых памяшканнях. Туберкулёз лёгкіх і рэўматызм сталі прафесійнымі захворваннямі паштова-тэлеграфных работнікаў.

У адносінах адміністрацыі і работнікаў панавала самавольства: падначаленых прымушалі працаваць звышурочна, штрафавалі за найменшы недагляд.

Дарэчы, паштова-тэлеграфныя служачыя не мелі права быць членамі прафсаюза і палітычных партый. Пры прыёме на работу яны давалі пра гэта падпіску, трэба было прадставіць паліцэйскае пасведчанне аб добранадзейнасці. Нават асабістае жыццё работнікаў рэгулявалася! Патрабавалася атрымаць дазвол на ўступленне ў шлюб.

З гэтых часоў і пачынаўся прафсаюзны рух.

— І які ён у наш час?

— Сёння наш прафсаюз — гэта 65 тысяч членаў, сярод якіх — супрацоўнікі такіх буйных нацыянальных аператараў, як «Белтэлекам», «Белпошта», «Белсувязьбуд» і іншыя.

Наша мэта — увага да чалавека працы. Людзі, якія шмат працуюць, дамагаюцца ўсяго выключна сваім розумам і працай, заслугоўваюць павагі. Сёння мы займаемся многімі рэчамі — ад абароны інтарэсаў рабочых, забеспячэння бяспекі на рабочых месцах да арганізацыі вольнага часу членаў прафсаюза. Спартыўныя спаборніцтвы, ушанаванне перадавікоў, заахвочванне найлепшых — гэта традыцыі нашага прафсаюза.

Мы рэгулярна сумесна з наймальнікамі праводзім конкурс прафесійнага майстэрства, конкурсы сярод першасных прафсаюзных арганізацый.

Не менш важныя конкурсы народнай творчасці, фестывалі, форумы, на якіх асаблівая ўвага аддаецца творчым здольнасцям. Гэта такія мерапрыемствы, як «Новыя імёны Беларусі», «Будучыня прафсаюза — справа маладых», маладзёжны форум «Думай, развівайся, дзейнічай» і многія іншыя.

Дарэчы, пра моладзь — яе прадстаўнікі складаюць больш за 24 % усіх членаў нашага прафсаюза. Гэта лічба застаецца нязменнай на працягу апошніх гадоў. Моладзь — самая актыўная частка працоўных калектываў, так што нам трэба ведаць аб праблемах з жыллём, дзіцячым садам, узроўнем зарплаты. Дарэчы, менавіта маладыя людзі звычайна прадстаўляюць установы сувязі на міжнародных выстаўках, гэта асабліва прыемна.

— Сёння ў краіне ўвесь час кажуць пра лічбавізацыю, якая пранізвае ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека. Як ваш прафсаюз адаптуецца пад сучасныя выклікі? Магчыма, ахова працы пяройдзе ў лічбу?

— Сапраўды, перад нашай галіной стаяць вельмі маштабныя задачы. Пашырэнне тэлекамунікацыйнай інфраструктуры, павышэнне даступнасці інтэрнэту, стварэнне 5G-сеткі, сучасных цэнтраў апрацоўкі даных, сістэмы кіравання на аснове інтэрнэту рэчаў... То-бок, укараненне лічбавай трансфармацыі ва ўсе сферы жыццядзейнасці.

У прынцыпе, для гэтага нават зараз зроблена многае. Колькасць абанентаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт па краіне складае больш за 3 млн карыстальнікаў, колькасць абанентаў ІРTV — больш за 2 млн. Агульная колькасць абанентаў сотавай рухомай электрасувязі складае больш за 11 млн чалавек, ахоп насельніцтва гэтай паслугай па стандарце LTЕ — 76 %. Гэта дазваляе казаць аб маштабных пераўтварэннях у галіне тэлекамунікацый.

Дарэчы, гэта пацвярджаецца рэйтынгам Міжнароднага саюза электрасувязі. Па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Беларусь займае 32 месца. Эксперты ацэньваюць наш узровень у гэтай сферы як высокі. У рэйтынгу індэкса паштовага развіцця Сусветнага паштовага саюза ў 2018 годзе мы таксама занялі 32 месца сярод
173 краін і абышлі партнёраў па ЕАЭС.

На мой погляд, найважнейшая падзея сёлета — выстаўка «ЦІБО-2019», на якой былі прадстаўлены найноўшыя тэхналогіі ў галіне ІТ, інфакамунікацый. Наша будучыня вельмі бурна развіваецца, мне нават здаецца, што па некаторых тэхналогіях мы пакуль не можам уявіць маштаб будучага развіцця. Сувязісты — гэта перадавікі, якія прадстаўляюць аснову для ўкаранення такіх тэхналогій у жыццё.

— Якім бачыцца развіццё вашага прафсаюза ў будучыні — праз 10—15 гадоў? Ці не знікнуць прафсаюзы наогул?

— Думаю, што прафсаюзы былі, ёсць і будуць, бо гэта тая аб'яднаўчая сіла ў працоўных калектывах, якая дапамагае знайсці аднадумцаў у вырашэнні нейкіх задач, у тым ліку вытворчых. Дзякуючы прафсаюзу чалавек усведамляе: побач людзі, з якімі мне па дарозе, якія ведаюць і разумеюць мае праблемы. І калі складзецца няпростая сітуацыя — мне абавязкова дапамогуць.

Іншая справа, у якім кірунку будзе развівацца прафсаюз, бо стандартныя працоўныя адносіны і калектывы знаходзяцца на пераломным моманце. Існуе работа на аддаленым доступе. Мы кажам пра тое, што можна працаваць 2-3 дні, што можна заключаць кантракты з рознымі наймальнікамі. І прафсаюзная супольнасць дапамагае скаардынаваць рашэнне падобных пытанняў — як падтрымаць чалавека, калі рынак працы развіваецца ў некалькі іншым кірунку.

Дарэчы, я віншую ўсіх сваіх калег, усіх членаў прафсаюза, усю супольнасць са святам — 115-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі. Таксама віншую ўсіх са Святам працы 1 мая і з надыходзячым прафесійным святам — Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

— Да памятнай даты вы, напэўна, рыхтавалі нейкія спецыяльныя праекты. Што яны сабой уяўляюць?

— Мы падрыхтавалі новы стэнд у музеі прафсаюзнага руху, які знаходзіцца ў Рэспубліканскім Палацы прафсаюзаў. Мы збіраемся 1 мая адзначыць гэтае свята, выйшаўшы на дэманстрацыю, пацвердзіўшы сваю датычнасць да Свята працы і міру.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Наша мэта — увага да чалавека працы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».