Вы тут

Буфер для Дзікога


Як аднаўленне гідралагічнага рэжыму на былых сельскагаспадарчых землях дапаможа аднаму з самых старых балот Еўропы і... Белавежскай пушчы.

Белавежская пушча заўсёды прываблівала турыстаў і навукоўцаў сваімі велічнымі лясамі і багатымі на біяразнастайнасць мясцінамі. Кожны яе куток унікальны па-свойму, але балота Дзікое, што знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы нацпарку, — тэрыторыя з асаблівай каштоўнасцю.


Каб за­пус­ціць ва­ду  на асу­ша­ны ўчас­так, трэ­ба пе­ра­крыць ме­лі­я­ра­цый­ныя ка­на­лы пла­ці­на­мі.

Самае тытулаванае

Дзікое — адно з чатырох найбуйнейшых у свеце нізінных балот, якое захавалася ў стане, найбольш блізкім да натуральнага. Яго ж называюць і самым тытулаваным прыродным комплексам Беларусі. Разам з нацпаркам яно ўключана ў склад трансгранічнага прыроднага аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча», з'яўляецца часткай біясфернага рэзервата праграмы «Чалавек і біясфера» ЮНЕСКА, тэрыторыяй, важнай для птушак, а таксама мае статус Рамсарскай тэрыторыі (водна-балотнае ўгоддзе міжнароднага значэння).

Вялікая колькасць раслін і жывёл выбрала гэта месца сваім домам. Асабліва важна тое, што менавіта на Дзікім добра сябе адчуваюць папуляцыі такіх глабальна пагражальных відаў, як вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, а таксама чырванакніжніца барадатая кугакаўка.

Асушылі балоты — пацярпеў лес

Калі паглядзець на балота Дзікое з вышыні птушынага палёту, можна заўважыць шмат тонкіх ліній, якія перасякаюць масіў. Гэта меліярацыйныя каналы. Першыя з іх з'явіліся некалькі стагоддзяў таму, у часы Рэчы Паспалітай і Расійскай Імперыі. Пад асушэнне Дзікое падпала і ў савецкі час — тут была створана меліярацыйная сістэма «Вярхоўе Ясельды». Акрамя таго, для сельскагаспадарчых патрэб незаконна асушылі яшчэ адзін участак у паўночна-ўсходняй частцы балота. Праведзеная без інжынернага праекта меліярацыя не дала добрых вынікаў, таму значны перыяд гэтыя землі не выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы.

— Белавежская пушча заўсёды характарызавалася вялікай ступенню забалочанасці, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» па навуцы і экалагічнай асвеце Васіль АРНОЛЬБІК. — Але ў 1960—1970-я гады з-за асушэння тут знікла каля 40 тысяч гектараў балот, было выраўнавана 12 рэк, пракапана каля 500 кіламетраў розных каналаў. Усё гэта пацягнула за сабой парушэнне балансу ў экасістэмах пушчы, пачала змяншацца колькасць відаў жывёл і раслін, што жылі на забалочаных тэрыторыях.

За 70 гадоў гідралагічная сетка нацыянальнага парку і яго наваколля істотна змянілася. І сёння, па словах каардынатара праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктара ФЕНЧУКА, вучоныя назіраюць паступовае падзенне ўзроўню грунтавых вод, зніжаецца і колькасць ападкаў: за апошнія 30 гадоў яна зменшылася на 10—15 %. Усё гэта негатыўна ўплывае на стан лясных экасістэм. Яркі прыклад таму — усыханне яловых насаджэнняў на польскай і беларускай частках пушчы.

Каб спыніць гэты працэс, неабходна аднавіць на балотах пушчы гідралагічны рэжым.

У 2013 годзе паміж ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія) быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні, пачалася рэалізацыя праграмы ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы. Адным з яе галоўных напрамкаў стала аптымізацыя гідралагічнага рэжыму. За гэты час такія праекты былі рэалізаваны на аб'ектах «Барушчычы», «Плянта», «Саломенка», «Дзікі Нікар» і «Папялёва». Сёлета чарга дайшла і да Дзікога.

Місія «Затрымаць ваду!»

Некалькі гадоў таму вучоныя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі далі ацэнку працэсам, якія адбываюцца на балоце, і вызначылі: асушаны ў мінулым участак значна ўплывае на гідралагічны рэжым Дзікога. Таму і вырашылі пачынаць працу менавіта з гэтай тэрыторыі.

У 2018 годзе пры падтрымцы АПБ і мясцовых улад землі плошчай 330 га былі перададзены нацыянальнаму парку, быў распрацаваны інжынерны праект па аднаўленні гідралагічнага рэжыму.

Спецыялісты УП «Пружанскае ПМС» пачалі будаўнічыя работы на Дзікім на пачатку красавіка. Плануецца, што з дапамогай 25 плацін атрымаецца вярнуць ваду з каналаў у асушанае балота.

— Будаўніцтва плацін — толькі першы крок да аднаўлення стану балотных угоддзяў, — падкрэсліў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Дзмітрый ГРУМО. — Аднаўленне гідралагічнага рэжыму неабходна спалучаць з адабраннем драўнінна-хмызняковай расліннасці і падсевам асок.

Вучоныя чакаюць, што гэтыя землі створаць эфектыўны бар'ер паміж меліярацыйнай сістэмай і натуральным балотам, адновяцца функцыі ўчастка, яго гідралагічны рэжым, затармозяцца працэсы развіцця драўнінна-хмызняковай расліннасці, з'явяцца расліны, характэрныя для балот. Але каб гэта тэрыторыя наблізілася да першапачатковага стану, спатрэбіцца не адзін, а дзясяткі гадоў.

«Дзікія» факты

  • Балота Дзікое размешчана на памежжы Пружанскага і Свіслацкага раёнаў, на водападзеле басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў, з'яўляецца вытокам рэк Нараў і Ясельда, падтрымлівае буйную папуляцыю глабальна пагражальных відаў птушак — вяртлявай чаротаўкі і вялікага арляца.
  • У 1968 годзе на тэрыторыі Дзікога быў створаны аднайменны рэспубліканскі гідралагічны заказнік — адзін з першых у краіне.
  • У 2001 годзе тэрыторыя заказніка «Дзікое» ўвайшла ў склад Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». У пачатку 2000-х для Дзікога быў распрацаваны адзін з першых у краіне План кіравання.
  • Дзікое называюць равеснікам егіпецкіх пірамід. Яго ўзрост складае крыху больш за 6000 гадоў.

Вераніка КОЛАСАВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.