Вы тут

Сусветны банк падтрымае школы ў вёсках і невялікіх населеных пунктах


Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр КРЭМЕР падпісалі пагадненне аб дадатковым фінансаванні праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Беларусі» ў памеры 90 мільёнаў еўра.


Праект рэалізуецца ў нашай краіне з 2015 года. За гэты час быў выкананы капітальны рамонт у 40 установах агульнай сярэдняй адукацыі, пастаўлена вучэбнае абсталяванне для 24 кабінетаў хіміі і 11 кабінетаў фізікі.

Пры падтрымцы Сусветнага банка ў 2018 годзе Беларусь упершыню ў сваёй гісторыі прыняла ўдзел у Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў PISA: даследаваннем былі ахоплены больш за 5,8 тысяч 15-гадовых падлеткаў. Яго вынікі стануць вядомы напрыканцы 2019 года. Дадатковае фінансаванне дазволіць нашай краіне прыняць удзел у даследаванні PISA ў 2021 і 2024 гадах.

З сумы, выдзеленай у рамках новага пагаднення, больш за 81 млн еўра будзе накіраваны на мадэрнізацыю школ у вёсках і невялікіх гарадах, каб у агульнай складанасці 65 тысяч школьнікаў змаглі навучацца ў адрамантаваных школах з сучасным лабараторным абсталяваннем. Новае пагадненне дазволіць ажыццявіць капітальны рамонт у 220 установах агульнай сярэдняй адукацыі, абнавіць навучальнае абсталяванне ў 262 вучэбных кабінетах. Акрамя таго ў сельскіх школах Віцебскай вобласці (па адной у кожным раёне) будуць створаны цэнтры па аказанні сацыяльна-культурных і псіхалагічных кансультацыйных паслуг. У Магілёўскай вобласці таксама выберуць па адной школе ў кожным раёне, дзе арганізуюць цэнтры інавацыйнага навучання, якія будуць садзейнічаць развіццю прыродазнаўча-навуковай адукацыі.

Яшчэ 6,7 млн ​​еўра накіруюць на мадэрнізацыю сістэмы кіравання адукацыяй. Зараз ствараецца інфармацыйная сістэма кіравання агульнай сярэдняй адукацыяй. Мяркуецца, што далей яна распаўсюдзіцца на ўсе ўзроўні сістэмы адукацыі, што дасць магчымасць ажыццяўляць маніторынг працаўладкавання выпускнікоў ВНУ, іх далейшай кар'еры, вызначаць эфектыўнасць розных адукацыйных праграм.

Падпісанне новага пагаднення прайшло ў сімвалічным месцы — на базе Стараюркавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад—сярэдняя школа Любанскага раёна. Тут з кастрычніка 2016 года па чэрвень 2017-га быў праведзены рамонт, у тым ліку за кошт сродкаў Сусветнага банка. Банк выдзеліў  Br 423 тыс., якія пайшлі на капрамонт даху, памяшканняў другога паверха, санвузлоў і фае. Усе астатнія памяшканні — кабінеты і калідоры першага паверха, харчблок, спартзала з распранальнямі — былі мадэрнізаваныя за сродкі раённага бюджэту (Br263 тыс.).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?