Вы тут

Лукашэнка: Заплюшчваць вочы на праблемы ў рэгіёне АБСЕ нельга


Такое меркаванне выказаў беларускі лідар на сустрэчы са старшынёй Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Георгіем Цэрэтэлі.


«Прыемна бачыць сяброў у сябе дома. Вы заўсёды можаце разлічваць на нашу падтрымку, на нашу сумленнасць і шчырасць ва ўсіх пытаннях. І не толькі ў плане работы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Але, пагадзіцеся, назапасілася вельмі шмат праблем — у нас, тут, у агульным доме. Праблем, якія трэба вырашаць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сярод іх кіраўнік дзяржавы назваў Нагорны Карабах і Прыднястроўе. Безумоўна, нямала і іншых менш гучных праблем.

«Сёння дадалася Украіна — і гэта ўжо сур’ёзны скандал, канфлікт. Многія называюць гэта — і правільна называюць — вайной у нашым доме. І я часцяком, можа быць, занадта часта, крытыкую АБСЕ за тое, што мы слаба рэагуем на гэтыя пытанні, бо гэта непасрэдная тэма для працы АБСЕ. Гэта арганізацыя, перш за ўсё, па бяспецы на еўрапейскім кантыненце, і заплюшчваць сёння вочы на гэтыя праблемы ні ў якім разе нельга», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што сабрацца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і абмеркаваць гэтыя пытанні не атрымліваецца ўжо доўгі час. На яго думку, апошняе падобнае мерапрыемства прайшло ў Астане ў 2010, аднак поўнамаштабная сустрэча адбылася ў Стамбуле ў 1999 годзе. «Гэта была моцная канферэнцыя, больш і не збіраліся, а трэба было б. Таму вельмі шмат праблем, на якія не проста трэба звярнуць увагу, іх трэба вырашаць. Калі не атрымаецца вырашыць — ну хоць бы акрэсліць шляхі, перспектывы нейкія. У адваротным выпадку, навошта стваралі арганізацыю?» — спытаў Прэзідэнт.

У адказ Георгій Цэрэтэлі адзначыў, што яго сустрэчы з вышэйшымі службовымі асобамі Беларусі — гэта сведчанне актыўнасці нашай краіны ў гэтай арганізацыі. Ён таксама падкрэсліў, што ПА АБСЕ мае намер працаваць з Беларуссю.

Еўрачыноўнік прызнаў наяўнасць пэўных праблем. «Калі ў суседзяў праблема — гэта і твая праблема таксама», — справядліва заўважыў ён.


Па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Георгій Цэрэтэлі пагутарыў з журналістамі.

Ён распавёў, што падтрымлівае прапанову Беларусі аб перазапуску Хельсінкскага працэсу.

«АБСЕ бачыць Беларусь як вельмі важнага партнёра ў тым, што тычыцца выканання мэтаў і асноўных прынцыпаў Хельсінкскага працэсу, - сказаў Георгій Цэрэтэлі. - Я рады бачыць, што Прэзідэнт падтрымлівае прынцыпы Хельсінкскага працэсу, якія ў цяперашні час парушаюцца. Вітаю ідэю, якая была агучана кіраўніком дзяржавы, пра неабходнасць вярнуцца да захавання прынцыпаў Хельсінкскага працэсу».

На яго думку, іх не варта радыкальна змяняць. Хутчэй, важней нагадаць пра неабходнасць выконваць гэтыя прынцыпы. На думку старшыні ПА АБСЕ, яны павінны быць ўзмоцнены, магчыма, за кошт прэвентыўных механізмаў.

Даведка

Георгій Цэрэтэлі прыбыў у нашу краіну для ўдзелу ў міжнароднай парламенцкай канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ «Адзін пояс, адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і працвітання».

У яго ўжо адбылася сустрэча са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Акрамя таго, старшыня ПА АБСЕ наведаў цырымонію адкрыцця канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху. Плануецца, што сёння вечарам ён возьме ўдзел у прыняцці дэкларацыі па выніках канферэнцыі.

30 красавіка ў яго запланаваны візіт у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», а таксама ў Храм—помнік у гонар Усіх святых.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.