Вы тут

Уладальнік «Сярэбранага мядзведзя» Берлінале ідзе ў сталічным пракаце


На мінулым тыдні Канскі кінафестываль абвясціў сваю праграму, у якую трапілі новыя работы Пэдра Альмадовара, братоў Дардэн, Ксаўе Далана, Тэрэнса Маліка, Карнэліу Парумбою ды іншых чаканых аўтараў, а тым часам да мінскага пракату дайшлі ўладальнікі дзвюх галоўных узнагарод Берлінале, які прайшоў у нямецкай сталіцы ў лютым. Аб прыгожых і разняволенных «Сінонімах» Надава Лапіда, што атрымалі «Залатога мядзведзя», мы ўжо расказвалі (фільм ідзе ў кінатэатрах з 25 красавіка), а вось да таксама прыгожай, але больш структурна выразнай карціны «Па волі божай» аднаго з галоўных сучасных французскіх рэжысёраў Франсуа Азона дайшлі толькі зараз.


Гэта была адна з самых жаданых прэм’ер Берлінскага кінафестывалю: аўтар фільмаў «8 жанчын», «Кроплі дажджу на распаленых скалах», «Басейн», «Маладая і прыгожая», «Франц» прыехаў у Германію, каб прадставіць сваю новую карціну — новую ва ўсіх сэнсах, бо Азон тут быццам не Азон.

Тэма «агонь», у кінематографе, як і паўсюль, не тое каб распаўсюджаная: сюжэт расказвае аб барацьбе за справядлівае пакаранне святара-педафіла, які ўчыніў гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да дзясяткаў, калі не сотняў, маленькіх хлопчыкаў.

Матыў настолькі супярэчлівы (у фільме гэта таксама добра відаць), што з выхадам стужкі на вялікі экран у Расіі здарыўся казус: Міністэрства культуры перад святам Вялікадня параіла пракатнай кампаніі адкласці паказы карціны пра злачынствы ва ўлонні царквы. І адклалі. (У цэлым жа выпады супраць царквы ў кіно — справа, канешне, не новая, успомніць хоць бы надзвычайныя «Страсці Жанны Д’арк» Карла Тэадора Дрэера.)

Але ж нікуды ад гэтага не дзецца: сюжэт заснаваны на рэальных падзеях і прасочвае гісторыю хвалявання супраць прадстаўнікоў царквы праз трох галоўных герояў — пацярпелых, якія ўжо дарослымі мужчынамі, нягледзячы на так званы тэрмін даўнасці злачынства, што невыпадкова лейтматывам прамаўляецца на працягу ўсяго фільма, рашыліся дзейнічаць.

Нельга ўстрымацца ад згадкі нядаўняга ўладальніка прэміі «Оскар» — амерыканскай стужкі «У цэнтры ўвагі», што таксама закранула тэму педафіліі ў царкве і яе маштабаў. Карціна раскрыла яе праз журналісцкае расследаванне, якое добра паказала складанасці працы з успамінамі аб гвалце і супрацьстаянне пры гэтым даволі ўплывовым сілам.

Тут жа са спробы знайсці справядлівасць аднаго з пацярпелых, што адважыўся на прызнанне, пачаўся цэлы працэс, стварылася грамадская суполка, людзі пачалі аб’ядноўвацца і адкрываць свой боль. Але працэс так і не скончыўся. Азон перадае эстафету ад аднаго героя другому, ад Аляксандра — Франсуа, ад Франсуа — Эмануэлю, і тым самым паказвае, як мінулае паўплывала на кожнага з іх, як у гэтай гісторыі праяўляюць сябе іх бацькі, як кожны бачыць справядлівае вырашэнне сітуацыі.

«У цэнтры ўвагі» са сваёй высокай драматычнасцю бачыцца больш ураўнаважаным нават у параўнанні з матэматычным фільмам Франсуа Азона, які хоць і праехаўся па экране выверанымі планамі і эмоцыямі, але напоўніў іх усёй патрэбнай інфармацыяй. Дарэчы, гэта прыгожа — з зачараванымі паўзамі на пэўных кадрах і грандыёзнасцю культуры рэлігіі.

У сваім выпадзе рэжысёр не ўстрымаўся ад лёгкіх кпін з кардынала Барбарана, таксама рэальнага персанажа. Паважаны і прадстаўнічы чалавек з усёй сваёй годнасцю ў вельмі ўплывовай сцэне аказваецца ў некампліментарнай і прыніжаючай ролі таго, хто мусіць выкручвацца. Хочаш нешта звергнуць — проста з гэтага пасмейся. Пры гэтым флэшбэкі ў дзяцінства, дзе прысутнічае святар Прэйна, паказваюцца з прыемнай далікатнасцю і павагай, хаця можна ж было выціснуць і шок.

«Па божай волі» — сапраўды не толькі драма, што паказвае наступствы гвалту, але і антыклерыкальнае выказванне, што грунтуецца на глыбокай і рэальнай праблеме, маштабы якой нам складана ўявіць. Азон знаходзіць месца і для іроніі, хаця б праз дзіўныя ідэі Франсуа. І для трагічнага асабістага падрывання асноў, калі сын пытаецца ў Аляксандра, ці верыць ён усё яшчэ ў Бога. І для збянтэжанасці перад рознасцю бацькоў і дзяцей, калі бацька Эмануэля зневажае жаданне сына дастаць свой боль з мінулага і з ім разабрацца.

Рэжысёр адлюстраваў усю грувасткасць і сталасць інстытута царквы і прымусіў яго самога прастымуляваць сваю няславу — менавіта нячэсныя паводзіны кардыналаў даюць зразумець, што калі і варта шукаць справядлівасці, то не ў царкве, што дзіўна, а ў свецкай частцы жыцця. А гэта падрывае ўсе моцныя бакі рэлігіі, пакідаючы толькі прыгожы цырыманіял у багатых храмах, але і тут ты заміраеш, калі кардынал падчас абраду канфірмацыі дакранаецца да дзіцяці. Невыпадкова ж нас прывялі на свяшчэнны абрад і пікантна падкрэслілі і запаволілі жэсты Барбарана.

Франсуа Азон, такім чынам, прадставіў важны фільм, можа, і не шэдэўр, можа, і «не той» Азон, можа, і не варты «Сярэбранага мядзведзя» з пункту гледжання мастацтва, але багаты на тонкасці, незвычайнасці і далікатныя падрывы. Калі б царкве можна было выбраць чарговую антыклерыкальную карціну, думаю, яна выбрала б Азона.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».