Вы тут

Як баскетбол 3х3 рыхтуецца да ІІ Еўрапейскіх гульняў


Поспехі беларускага баскетбола мы часцей за ўсё звязвалі з нацыянальнай жаночай зборнай, да таго часу, пакуль не з'явілася новая форма гульні ў аранжавы мяч — баскетбол 3х3. Першыя каманды былі сфарміраваныя толькі ў 2015 годзе, тады ж Мінск упершыню прыняў маладзёжны чэмпіянат Еўропы. А ўжо ў 2020 годзе ў Токіа гэты від баскетбола будзе прадстаўлены на Алімпійскіх гульнях. Адабрацца туды будзе вельмі складана, удзел прымуць усяго 8 жаночых і 8 мужчынскіх зборных. Такім чынам, Еўрапейскія гульні ў Мінску становяцца генеральнай рэпетыцыяй дэбюту вулічнай гульні на найбуйнейшым форуме планеты.


На Гульнях у Мінску возьмуць удзел 16 жаночых і 16 мужчынскіх камандаў Еўропы — усяго 128 спартсменаў, турнір пройдзе на Раlоvа Аrеnа каля сталічнага Палаца спорту. Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна расказвае, што балельшчыкі не пазнаюць звыклую арэну, Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў зараз займаецца яе ўдасканаленнем. Замест шасці кортаў, якія ёсць цяпер, падчас Гульняў будзе толькі два — размінкавы і гульнявы. Трыбуны змогуць размясціць каля 1000—1200 балельшчыкаў. «Баскетбол 3х3 уваходзіць у топ найбольш відовішчных відаў спорту на Еўрапейскіх гульнях, гэта не толькі спорт, але і шоу. Акрамя саміх гульняў будуць дэманстравацца забаўляльныя нумары і працаваць дыджэй», — расказвае Анастасія Уладзіміраўна.

Тэставыя спаборніцтвы па баскетболе 3х3 адбудуцца ў рамках чэмпіянату Беларусі 15—16 чэрвеня. Да гэтага часу арэна, на якой пройдзе турнір, павінна быць цалкам гатовая.

Цяпер праца кіпіць не толькі сярод арганізатараў, трэнеры зборных інтэнсіўна займаюцца фарміраваннем складу. «На дадзеным этапе ў зборную адабрана восем кандыдатаў, пакуль яны вядуць падрыхтоўку ў рамках баскетбола 5х5, бо працягваюцца чэмпіянат краіны і гульні ў Адзінай лізе ВТБ, — расказвае трэнер мужчынскай зборнай па баскетболе 3х3 Дзмітрый Калтуноў.Пасля заканчэння гэтых турніраў у нас будуць збор і ўдзел у шэрагу міжнародных турніраў». Абсалютная большасць кандыдатаў у зборную — гэта гульцы сталічных «Цмокаў». Настаўнік адзначае: каб трапіць у каманду на Еўрапейскія гульні, у хлопцаў павінны быць жаданне, тэхнічная і фізічная гатоўнасць, а таксама добрыя антрапаметрычныя даныя.

Фарміраванне жаночай каманды зусім іншае, яе настаўнік Юрый Воўк не разлічвае на дзяўчат з традыцыйнага баскетбола. «Мы выкарыстоўваем гульцоў, якіх рыхтавалі на працягу апошніх некалькіх гадоў менавіта ў баскетболе 3х3. Яны ўжо маюць велізарны досвед, на дадзены момант у нас 12 кандыдатак. У гэтай гульні ёсць спецыфіка, у першую чаргу патрэбны запал, чалавек не павінен баяцца кантакту, павінен быць гатовы да інтэнсіўнага руху, дынамікі гульні, таму далёка не кожны гулец з баскетбола 5х5 нам падыходзіць».

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў жаночая каманда прыме ўдзел як мінімум у трох міжнародных турнірах у Эстоніі, Манголіі і Францыі. Гаворачы аб фаварытах гэтага віду спорту сярод жанчын, Юрый Воўк назваў зборныя Расіі, Францыі, Італіі, Венгрыі, Чэхіі, Украіны і каманды Балтыйскіх краін.

Згодна з рэгламентам Еўрапейскіх гульняў са складамі камандаў па баскетболе 3х3 трэба вызначыцца да 20 мая, аднак і пасля гэтай даты можна будзе ўнесці карэкціроўкі.

«Еўрапейскія гульні — гэта падзея як для краіны, так і для баскетбола ў цэлым, таму жаданне паспаборнічаць на гэтым турніры велізарнае, — расказвае кандыдат у мужчынскую зборную Сяргей Вабішчэвіч.Мы дастаткова даўно гуляем, баяцца тут няма чаго, будзем старацца абыгрываць усіх. Атрымаецца ці не, убачым у канцы Гульняў. У фізічным плане, вядома, складаней гуляць у баскетбол 3х3, чым у традыцыйны, тут больш кантакту, менш замен і прыпынкаў, мяч увесь час жывы».

Настасся Марыніна адзначае, што федэрацыя зробіць усё для перамогі беларускіх камандаў на Еўрапейскіх гульнях, а таксама для таго, каб развіццё баскетбола 3х3 не завяршылася Еўрапейскімі гульнямі. Менавіта таму з 20-х чыслаў красавіка стартаваў першы чэмпіянат краіны па баскетболе 3х3. «Для гульцоў вельмі важна набіраць рэйтынгавыя ачкі, такія спаборніцтвы, як Раlоvа і нацыянальны чэмпіянат, дазваляюць гэта рабіць, а набор ачкоў дае магчымасць адабрацца на Алімпійскія гульні. Зразумела, што гэта вельмі складана, але мы робім усё для таго, каб даць беларускім гульцам такую магчымасць», — адзначыла Настасся Марыніна.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: «Жывы» мяч, або Як баскетбол 3х3 рыхтуецца да ІІ Еўрапейскіх гульняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».