Вы тут

Якое развіццё атрымала «нафтавае пытанне»?


Раней мы асвятлялі падзеі, звязаныя з няякаснай расійскай нафтай, якая паступіла на тэрыторыю нашай краіны. З-за яе не толькі зламалася абсталяванне на Мазырскім НПЗ — «Белнафтахім» нават часова абмежаваў экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў. Што адбылося па гэтай тэме ў наступныя дні?


Аб гатоўнасці дапамагчы нашай краіне ў выпадку яе звароту па пытанні паставак нафты заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Беларусі Лаціф Гандзілаў. «Калі будзе неабходнасць, Азербайджан з гонарам выканае свой братэрскі абавязак. Няма ніякіх сумневаў, што кіраўнікі дзяржаў знойдуць агульную мову па гэтым пытанні», — сказаў ён і дадаў, што неабходна ўлічваць складанасць транспарціроўкі нафты.

Акрамя таго, паступіла інфармацыя, закліканая супакоіць аўтааматараў. Дырэктар РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт» Анатоль Кароткі заявіў, што сітуацыя на беларускіх НПЗ ніяк не адбілася на пастаўках нафтапрадуктаў на нафтабазы прадпрыемства, не паўплывала яна і на стандарты якасці, кантроль па-ранейшаму шматступенны. Ён гарантаваў, што кліенты атрымаюць якаснае паліва на аўтазаправачных станцыях.

...24 красавіка ў ААТ «Нафтан» пачалася прапампоўка нафты, якая адпавядае тэхналагічным стандартам, па паўночнай галіне нафтаправода (Сургут — Полацк). Аб'ём прапампоўкі забяспечвае работу вытворчых магутнасцяў на зніжанай загрузцы, паведамілі ў канцэрне. На Мазырскім НПЗ сітуацыя па стане на той дзень заставалася ранейшай, якасць нафты не палепшылася.

Увечары 24 красавіка стала вядома, што Польшча спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе «Дружба».

«Нашы суседзі не сталі чакаць, і ў сувязі з адмовай усіх НПЗ прымаць і перапрацоўваць нафту з павышанай колькасцю хлорарганікі польскі аператар PERN спыніў прыём нафты. Гэта цягне страту рэпутацыі расійскіх пастаўшчыкоў нафты ў Еўропу і, на жаль, ускладняе работу беларускага трубаправоднага транспарту і Мазырскага НПЗ», — заявіла прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка.

Пазней высветлілася, што найбуйнейшая польская нафтаперапрацоўчая кампанія Orlen не выключае, што можа запатрабаваць кампенсацыі ў выпадку, калі на яе нафтаперапрацоўчыя заводы трапіць няякасная сыравіна.

25 красавіка старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў знаходзіўся ў Маскве для абмеркавання ўрэгулявання пытанняў з пастаўкамі расійскай нафты, пацвердзілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Таксама стала вядома, што «Белнафтахім» ацэньвае недаатрыманую выручку ад рэалізацыі нафтапрадуктаў з-за сітуацыі з пастаўкамі няякаснай расійскай нафты ў суме каля 100 млн долараў.

Дарэчы, у той жа дзень Беларусь часткова аднавіла экспарт светлых нафтапрадуктаў ва Украіну і Польшчу. Аб'ёмы перапрацоўкі нафты на НПЗ дазволілі стварыць неабходны страховачны запас нафтапрадуктаў для забеспячэння ўнутранага рынку, у сувязі з гэтым было прынята такое рашэнне.

Увечары 25 красавіка Украіна спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе «Дружба». У сувязі з адмовай ад прыёму нафты на пункце здачы нафты «Будкоўцэ» (Славакія) і адсутнасцю свабодных магутнасцяў на пункце здачы нафты «Фенешлітке» (Венгрыя) «Укртранснафта» папрасіла спыніць перапампоўку па нафтаправодзе Мазыр — Броды.

І вось, учора ў Мінску адбыліся перагаворы Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы па ўрэгуляванні сітуацыі з няякаснай расійскай нафтай. Сярод удзельнікаў — старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў, генеральны дырэктар ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Алег Барысенка, намеснік міністра энергетыкі Расіі Павел Сарокін, кіраўніцтва ПАТ «Транснафта», АТ «Транснафта Дружба», АТ «Укртранснафта» і польскай кампаніі PERN.

«Мы запрасілі ўсіх вас для выпрацоўкі адпаведных рашэнняў існуючай праблемы: аднаўленне паставак сыравіны на НПЗ і транзітнага патоку нафты. Беларускі бок мае тэхнічна дакладнае бачанне і прапановы па нармалізацыі сітуацыі», — рэзюмаваў Андрэй Рыбакоў.

Намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Сарокін на гэтай сустрэчы заявіў, што расійскі бок разлічвае на канструктыўнае і хуткае вырашэнне праблемы няякаснай нафты. Ён падкрэсліў, што ўсе з'яўляюцца спажыўцамі і карыстальнікамі адзінай сістэмы магістральных нафтаправодаў і ад гэтага залежыць бяспека энергазабеспячэння істотнай часткі Еўропы.

Дарэчы, учора ў структуры «Нафтана» адбылася сур'ёзная змена: кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава была абраная старшынёй назіральнага савета ААТ. Яна пракаментавала сітуацыю з расійскай няякаснай нафтай:

«Спадзяюся, у найбліжэйшы час гэта пытанне будзе вырашана, таму што з-за зніжэння загрузкі магутнасцяў «Нафтана» больш чым на палову прадпрыемства і эканоміка краіны нясуць страты».

Мы працягнем сачыць за сітуацыяй.

Паводле БелТА

Загаловак у газеце: Поўны кантроль і адмовы ад транзіту

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.