Вы тут

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — арыгіналы твораў Віктора Гюго


У знак спачування трагедыі, якая адбылася ў саборы Нотр-Дам дэ Пары ў Францыі, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Музеі кнігі ладзіцца выстаўка, тэматычна блізкая Францыі і знакавым для жыцця сабора падзеям.


Цікавы факт: калі фарміравалі экспазіцыю выстаўкі з фондаў бібліятэкі, зразумелі, што некаторыя вельмі рэдкія кнігі дагэтуль знаходзіліся ў... агульным доступе. Гэта значыць, любы ахвотны мог прыйсці ў бібліятэку і па сваім чытацкім білеце замовіць арыгіналы выданняў Гюго!

Але самым унікальным з'яўляецца першае ілюстраванае выданне знакамітага рамана «Сабор Парыжскай Божай Маці» Віктора Гюго 1836 года. Яно ўпрыгожана адзінаццаццю гравюрамі памерам у аркуш. Днямі выстаўку планаваў наведаць пасол Францыі ў Беларусі — спецыяльна, каб убачыць рэдкую кнігу.

Прадстаўлены на выстаўцы і іншыя выданні знакавага рамана, не менш цікавыя. Варта дадаць, што «Сабор Парыжскай Божай Маці» з'яўляецца да таго ж і першым гістарычным раманам на французскай мове. Упершыню быў апублікаваны ў 1831 годзе. І ўжо на працягу года вытрымаў сем дадатковых выданняў. Потым аўтарскія правы перайшлі да іншага выдаўца, які выпусціў у 1832 годзе восьмае выданне, дапоўненае трыма часткамі і прадмовай. Акурат гэты твор таксама прадстаўлены на выстаўцы ў бібліятэцы. Выданне мае тытульны аркуш, яно аздоблена прыгожай выявай, зробленай французскім мастаком і літографам Нантэйлем.

Важна памятаць, што лёс знакамітага сабора на працягу стагоддзяў складваўся па-рознаму. Ён неаднаразова разбураўся і адраджаўся нанова. У XІX стагоддзі храм знаходзіўся ў такім дрэнным стане, што ставілася пытанне пра яго знос. Выратаванню храма ад разбурэння і здабыццю сусветнай славы шмат у чым паспрыяў акурат аднайменны гістарычны раман Віктора Гюго. У 1841 годзе пачалася рэстаўрацыя сабора, якая доўжылася больш за 20 гадоў.

На выстаўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы таксама можна ўбачыць прыгожыя эстампы сярэдзіны XІX стагоддзя з відамі Парыжа, выкананыя мастаком і гравёрам Шарлем Мер'ёнам. Прадстаўлены і збор казанняў «Канферэнцыі ў Нотр-Дам дэ Пары», складзены французскім каталіцкім прапаведнікам Лакардэрам, які ўваходзіў у склад кліру сабора Парыжскай Божай Маці. Выданне датуецца 1845 годам.

Кагосьці па-свойму зацікавіць і кніга 1796 года Жана Жазэфа Вадэ — «французскага народнага паэта, які першы ўвёў у паэзію грубыя, але моцныя і энергічныя выказванні простанароддзя».

Такім чынам, на выстаўцы можна ўбачыць унікальныя матэрыялы, якія даюць уяўленне пра выгляд сабора ў XVІІІ—XІX стагоддзях. Гэта таксама і малюнкі інтэр'ераў сабора з каранацыйнага альбома Напалеона Банапарта 1804 года, абрысы храма на карце Парыжа 1734 года і іншае.

Выстаўка будзе працаваць да 30 красавіка. А пазней унікальныя кнігі трапяць у фонды спецыяльнага захоўвання.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Прывітанне Нотр-Даму

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».