Вы тут

У выдавецтве «Беларусь» выйшаў альбом «Кастусь Качан. Жывапіс»


Кастуся Качана добра ведаюць аматары жывапісу, наведвальнікі мастацкіх выставак, розных вернісажаў. Пра мастака досыць часта пішуць. Хоць — і гэта відавочна — творца не дужа прыкладае да гэтай актыўнасці руку. Работы Кастуся Качана запамінальныя, досыць прыцягальныя, насычаныя моцнай энергетыкай, якую іначай як «гэта і ёсць Беларусь» і не назавеш. Пераконвае, што так яно на самай справе, і альбом «Кастусь Качан. Жывапіс». З уступным артыкулам да выдання выступае доктар мастацтвазнаўства, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктар Жук.


Пейзажныя памкненні мастака адлюстраваны настолькі выразна, рэльефна, настолькі пераканаўча, што адчуваеш уласную прысутнасць у абраных ім мясцінах. «Наваградак», «Мястэчка Мір», «Вясна ў Міры», «Вечар у Гальшанах», «Зімовы дзень у Шчорсах», «Вясна ў Пінску», «Вечар у Нясвіжы», «Вясна ў Івянцы», «Зіма ў Ракаве», «Мястэчка Ракаў», «Зіма ў Крэве», «Вечарам на Нёмане», «Вясна ў Солах», «Зіма ў Дзятлаве», «Зіма ў Іўі»... Мастацкая геаграфія Айчыны, адрасы мястэчак, вёсак, якія складалі і працягвалі складаць агульны ландшафт заходнебеларускіх зямель. Узіраючыся ў выявы, рэпрадукцыі багатых на колеры карцін, можна прыгадаць прозу Янкі Брыля, Вячаслава Адамчыка, Генрыха Далідовіча, дзе праз слова напоўніцу адлюстраваны каларыт шматвекавой гісторыі, сучаснасць жыцця людзей і паселішчаў. Але і без звароту да тэкстаў раманаў, апавяданняў, аповесцяў згаданых і іншых аўтараў, можна смела настройвацца на дыялог з мастацкім светам Кастуся Качана. Жывапісец любоўна аглядае знаёмую яму частку нашай бязмежнай па прыгажосці краіны.

«Вясна ў Івянцы» (час напісання карціны — 2006 год), напрыклад, спалучае прыродны краявід з архітэктурным ландшафтам. Многія работы беларускіх мастакоў, якія прысвечаны тым ці іншым знакавым аб'ектам даўніны, сакцэнтаваны на саміх помніках мінуўшчыны. У такіх карцінах «губляюцца» рачулкі і алеі, пазбаўлены прыцягальнасці азёры і лугавіны. Кастусь Качан імкнецца разгледзець увесь свет. Ён смела пашырае далягляды, выбудоўвае кампазіцыю так, каб і нам было дадзена пайсці следам за мастаком. «Уначы выпаў снег», «Талая вада», «Вечар» — гэта і настрой дня, і настрой жыцця ўвогуле. Мастак нагадвае пра сапраўдныя вартасці, пра тое, што вось ён — увесь свет! І малы, і вялікі Свет — гэта сама Беларусь, адрасы, што побач, зусім блізка. Варта толькі выправіцца ў кароткую дарогу — і ў цябе ёсць шанец духоўна ўзбагаціцца, стаць вышэй за будзёнасць.

Некаторыя старонкі альбома Кастуся Качана — рэпрадукцыі нацюрмортаў: «Антонаўкі», «Бэз», «Дзьмухаўцы», «Папяроўкі», «Саламяны капялюш»... І як адкрыццё, як чаканае свята — «Велікодны нацюрморт». Так і ўвесь альбом «Кастусь Качан. Жывапіс», падараваны гледачам і чытачам, — яшчэ адно святочнае ўражанне ў пярэдадзень Вялікадня.

Кастусь Ладуцька

Загаловак у газеце: Сапраўднасць роднага і блізкага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.