Вы тут

У акадэміі музыкі адбудзецца ІІІ Велікодны фестываль «Творчасць маладых»


З 29 красавіка да 3 мая ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбудзецца ІІІ Велікодны фестываль «Творчасць маладых». Наведаць яго можа любы ахвотны.


Праграма Велікоднага фестывалю ўключае канцэрты ў выкананні найлепшых студэнцкіх творчых калектываў і салістаў з ліку выкладчыкаў, выпускнікоў і студэнтаў акадэміі музыкі, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. З імёнамі гэтых людзей звязаны сучаснасць і будучыня беларускай музычнай культуры. Удзельнікамі ІІІ Велікоднага фестывалю ўпершыню стануць замежныя дзіцячыя і маладзёжныя харавыя калектывы з Грузіі, Эстоніі, Расіі.

Такім чынам, 29 красавіка ўрачыстае адкрыццё распачнецца гала-канцэртам у 19 гадзін. На ім выступяць студэнцкі сімфанічны аркестр і студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. На цымбалах будзе саліраваць Дзмітрый Калаціла, а на скрыпцы — Нікан Мазоль.

30 красавіка таксама ў 19 гадзін адбудзецца канцэрт «Шэдэўры вакальнай музыкі». На ім выступяць госці з Новасібірска — Настасся Колатава (сапрана), Анатоль Бадаеў (бас), Марына Рэзнікава выканае партыю фартэпіяна. У гэты дзень выступяць таксама беларускія музыкі, сярод якіх салісты Вялікага тэатра Беларусі — уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі (тэнар), а таксама Віктар Мендзелеў.

2 мая можна будзе паслухаць «Скарбы духоўнай музыкі Грузіі» — пачатак у 18 гадзін. Тут выступяць ганаровыя госці фестывалю — студэнцкі хор Тбіліскага ўніверсітэта царкоўнага песнапення з Грузіі.

3 мая падчас закрыцця фестывалю адбудзецца «Харавое свята»: сваё выканальніцкае майстэрства прадэманструюць студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, хор хлопчыкаў нацыянальнай оперы Эстоніі і ўзорны хор хлопчыкаў і юнакоў «Ладдзя».

Усе канцэрты пройдуць у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па адрасе: Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 30.

Варта дадаць, што ў аснове канцэпцыі фестывалю — далучэнне ў самыя важныя і радасныя для ўсяго хрысціянскага свету дні Велікоднага тыдня да вечных духоўных каштоўнасцяў нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва. Важным з'яўляецца і ўмацаванне адной з галоўных традыцый акадэміі — творчай пераемнасці пакаленняў.

У межах фестывалю адбудзецца цырымонія ўручэння прэмій прадстаўнікам прафесарска-выкладчыцкага складу, навучэнцам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якія спрыялі замацаванню высокага ўзроўню прафесійнай музычнай адукацыі ў Беларусі і за мяжой.

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Велікодная музыка

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.