Вы тут

У гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў распачата серыя выставак


У гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў распачатая серыя выставак — будуць дэманстравацца прадметы з музейных фондаў. І адной з першых стала выстаўка «Гомельскі парк». З дапамогай карцін можна перанесціся ў часе — убачыць, які быў парк, што яго ўпрыгожвала, якія людзі ў ім прагульваліся ў тую ці іншую эпоху.


Такім чынам, на выстаўцы прадстаўлена калекцыя твораў жывапісу і графікі, якія адлюстроўваюць адно з самых любімых месцаў адпачынку гамяльчан. Куточкі парка, яго адметныя аб'екты чаргуюцца з панарамнымі відамі палацава-паркавага ансамбля. Паркавую эпапею адкрывае гістарычная карціна Віктара Казачэнкі «Мітынг працоўных у Гомелі», на якой намаляваны момант абвяшчэння ўлады бальшавікоў на пандусе палаца ў 1917 годзе. Чарговым звяном у адлюстраванні эпохі стаў падкаляраваны акварэллю малюнак былога нямецкага акупанта мастака Эміля Лозэ, выкананы ім па памяці ў 1927 годзе. Салдат з курыльнай трубкай у 1918 годзе зачаравана сузірае на тэрыторыі парку даволі спецыфічны помнік — так званую скіфскую бабу. Па некаторых звестках у парку знаходзілася дзве такія скульптуры, аднак з часам яны былі страчаны.

Да даваеннай эпохі адносіцца некалькі работ навучэнкі Міхаіла Урубеля Іды Зелікман і вядомага гомельскага мастака Барыса Звінаградскага. Гэта невялікія эцюды, цікавыя хутчэй з гістарычнага гледзішча: яны паказваюць куток парка з фрагментам палаца, напісаны Ідай ранкам 22 чэрвеня 1941 года. Пра мінулую вайну, дакладней, пра тыя «раны», якія яна нанесла гораду, распавядаюць накіды 1947 года, якія выяўляюць палонных нямецкіх салдат — замалёўкі выкананы з натуры Юрыем Аксамітавым і Аляксеем Казловым.

Маштабнае палатно 1954 года мастакоў Барыса Звінаградскага і Віктара Казачэнкі адлюстроўвае від на парк з боку Сожа таго часу. Дэталі карціны, зробленыя ў духу сацрэалізму, маюць вялікую гістарычную і краязнаўчую цікавасць. Тут старанна зафіксаваны ўсе асаблівасці той пары: пабудовы на тэрыторыі парку і набярэжнай, пра якія ўжо мала хто ведае і памятае, помнікі на адным са схілаў, колавы параходзік і мноства лодак, каб перабірацца на супрацьлеглы бераг. Знакаміты пешаходны мост цераз раку з'явіцца нашмат пазней... Каля гэтай работы можна правесці нямала часу, здзіўляючыся тым зменам, якія адбыліся з горадам.

Імёны гомельскіх жывапісцаў Мікалая Казакевіча, Роберта Ландарскага, Акіма Шаўчэнкі, Уладзіміра Бідэра, Мікалая Палянкова, Валянціна і Марыі Ягоравых, Аляксандра Гайлевіча, Святланы Наздрын-Платніцкай, Віктара Данільчыка папоўнілі яскравы летапіс палацава-паркавага ансамбля.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Калі ажывае парк...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».