Вы тут

Работа Беларускай МВС — барометр для ўрада*


Беларуская машынавыпрабавальная станцыя гатова стаць цэнтрам па ўкараненні дакладнага земляробства

Карэспандэнт «Звязды» гутарыць з кіраўніком калектыву кандыдатам тэхнічных навук Аляксандрам ВАШЧУЛАМ.


Дырэктар Беларускай МВС Аляксандр Вашчула — адзін з суаўтараў гэтай кнігі, выпушчанай пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

— Калі летась Беларуская машынавыпрабавальная станцыя святкавала 70-годдзе, то былі агучаны лічбы, колькі праверана тэхнікі за ўвесь перыяд і за апошнія гады...

— За ўсю гісторыю выпрабаванні ў нас прайшлі прыкладна дзесяць тысяч узораў сельскагаспадарчай тэхнікі — айчыннай (савецкай, у прыватнасці беларускай) і замежнай. За апошнія чатыры гады — 1489. Дынаміка адчуваецца сур'ёзная.

— На каго з сучасных механічных памочнікаў аграрыяў вы хацелі б звярнуць увагу чытача?

— У першую чаргу на электратрактар, яго актуальнасць падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Выпрабаванні праводзяцца прыкладна сем гадоў, з перапынкамі, бо справа новая і задача не з простых. Безумоўна, гэта машына, якая дасць магчымасць людзям, што сядзяць за рулём, адчуць сябе ў ХХІ стагоддзі. Ужо прынята рашэнне і ёсць адпаведнае даручэнне, каб работы на заводзе завяршыць у паскораным парадку. Спадзяюся, гэта прыдасць станоўчы імпульс, і вытворчасць такога трактара пачнецца. У ім прыменена арыгінальная схема механізмаў, што адрозніваецца ад усіх іншых, і перспектывы ў навінкі вялікія.

Яшчэ адна група машын, пра якую варта сказаць, — камбайны «Гомсельмаша». Тут відаць каласальны прагрэс. Гадоў 10—12 назад усе з завідкамі глядзелі на замежныя камбайны «Клаас» і прыкідвалі, ці рэальна нам дасягнуць такога ўзроўню. Але сёння наш айчынны камбайн ніколькі не ўступае. Выпрабаванні новага сямейства збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў прыносяць толькі радасць і задаволенасць. Прыемна за завод, які аказаўся здольны стварыць цэлую лінейку прагрэсіўнай тэхнікі.

Калі далей гаварыць пра наш кірунак дзейнасці, то прыняты, і ўступіў у дзеянне новы, 31-ы тэхнічны рэгламент патрабаванняў да трактароў і прычэпаў, ён кардынальна адрозніваецца ад рэгламентаў да іншай сельскагаспадарчай тэхнікі — у плане патрабаванняў да іх канструкцыі. Маецца на ўвазе пераход на больш уважлівыя выпрабаванні кампанентаў. Калі да гэтага ў сельскагаспадарчай тэхніцы мы выпрабоўвалі машыну ў цэлым і давалі (ці не давалі) ёй дарогу ў жыццё, то тут павінен прайсці выпрабаванні кожны кампанент, а ўжо потым трактар у зборы. Адчуйце розніцу, яна вялікая.

Загадчык лабараторыі бяспекі і эрганомікі сельгастэхнікі Яўген Паляшчук і інжынер Алена Мельнік даследуюць узровень вібрацыі пры кіраванні мотакультыватарам.

Выконваючы патрабаванні дакумента, мы выйшлі на новы для сябе від работ — выпрабаванні кабін, што, дарэчы, аказалася камерцыйна выгаднай справай. Зараз такія сусветныя вытворцы, як «Джон Дзір», «Клаас» і іншыя прывозяць нам свае кабіны на выпрабаванні. Гэта значыць, з намі цесна супрацоўнічаюць вытворцы трактароў з першай пяцёркі. Думаю, тут ёсць элемент шырокага прызнання ў свеце. Летась мы выпрабавалі каля 40 кабін і працягваем перспектыўную работу сёлета.

Гледзячы на гэта, да нас прыйшлі «Амкадор» і іншыя буйныя вытворцы. Звяртаюцца і невялікія прыватныя кампаніі (такія, як айчынная «Навінка», што робіць кабіны для шахтавых машын), іх многа. Раней яны былі як бы за межамі прававога рэгулявання, а ў сувязі з узрослымі патрабаваннямі прыйшлі да нас. Зараз дзіўным здаецца, што мы раней не здагадваліся пра наяўнасць такой ёмістай нішы сусветнага рынку.

Над чым мы працягваем актыўна працаваць? Падалі дакументы на пашырэнне сферы акрэдытацыі па такім кірунку, як выпрабаванне катлоў. У савецкія часы ў нас была цэлая лабараторыя, яна паціху згарнула работу, мы адышлі ад гэтай тэматыкі. Зараз з'явіўся вялікі попыт на сертыфікацыю, а значыць, і выпрабаванне кацельнага абсталявання: на цвёрдым паліве, на газе, на вадкім паліве. Работу лабараторыі адрадзілі і чакаем, калі атрымаем адпаведныя дакументы і прыступім да гэтай справы.

— А як здагадаліся вярнуцца да тэмы?

— Паспрабавалі правесці выпрабаванні двух катлоў, і пратаколы аказаліся настолькі ўдалымі, што ў Польшчы па нашых пратаколах выдалі дакументы на пацвярджэнне адпаведнасці, яны адкрылі вытворцу дарогу для пастаўкі ў Еўрасаюз. Для нас тое было нават крышачку нечаканым, хоць і прадказальным вынікам.

Яшчэ адзін шматабяцальны кірунак — тэхнічны рэгламент на электрамагнітную сумяшчальнасць. Гаворка ідзе пра ўстойлівасць камп'ютара ў кабіне магутнага трактара да чыста тэхнічных перашкод — каб на яго не ўплывалі электрамагнітныя палі разнастайнага сучаснага абсталявання, размешчанага ў той жа кабіне. За кошт гэтага таксама будзем пашыраць нашу сферу акрэдытацыі.

Пошукі для новага прыкладання сіл вядуцца на фоне традыцыйнай работы па выпрабаванні тэхнікі. Практыка мяняецца хутка, многія віды тэхнікі ўжо неактуальныя, яны здымаюцца з вытворчасці. І, здавалася б, колькасць выпрабаванняў павінна была б памяншацца. Але айчынныя вытворцы імкнуцца аператыўна рэагаваць на новыя выклікі, на новыя запатрабаванні сусветнага і ўнутранага рынкаў, ствараюць новыя машыны, мадэрнізуюць старыя, і работы ў нас, дзякаваць богу, не меншае.

На рынках маладых краін, якія развіваюцца, патрабуецца не надта складаная і недарагая тэхніка, таму прадпрыемствы машынабудавання вяртаюцца да надзейных, даўно абкатаных мадэляў, у якіх суадносіны цаны і якасці выбудаваны з улікам інтарэсаў і магчымасцяў пакупніка. Мы аказваем усялякае садзейнічанне. Скажам, апошнім часам нашы машынабудаўнікі складаюць канкурэнцыю знакамітаму ўкраінскаму прадпрыемству «Чырвоная зорка», што вырабляе самыя танныя ў свеце сеялкі. І мы выдаём сертыфікаты, якія адкрываюць дарогу таксама таннай, але якаснай беларускай прадукцыі на знешнія рынкі.

І ўсё ж у айчынным сельскагаспадарчым машынабудаванні найбольш бурны рост за апошнія пару гадоў наглядаецца ў вытворчасці малагабарытнай тэхнікі і вузлоў для яе. Актуальнасць адчуваецца і па колькасці дэкларацый на ўвоз малагабарытнай сельскагаспадарчай тэхнікі, тут пагоду робяць Кітай і Польшча. Яны па цане «забіваюць» усіх. Але і ў нас у Беларусі некалькі вытворцаў маюць тэхнічныя ўмовы для вырабу такой тэхнікі, як правіла ў кааперацыі з кітайцамі, і прадаюць на расійскі рынак, ва Узбекістан, Туркменістан. Тут рост узрыўны.

— Такім чынам, ці можна сказаць, што вы ўсё часцей ад ацэнкі асобных машын пераходзіце да ацэнкі тэхналагічных комплексаў, тэхналогій? Гэта прынцыповы момант.

— Укараненне сістэм дакладнага земляробства, сістэм навігацыі дазваляе перайсці да ацэнкі тэхналогій. Бо тады мы можам прывязаць эканоміку той ці іншай гаспадаркі да канкрэтнага поля і нават да канкрэтнай культуры. Тым больш што зараз сістэмы навігацыі сталі даступнымі па грашах.

І прытым мы сапраўды імкнёмся вызначаць здольнасць машын працаваць у комплексе з іншымі, праводзім іх выпрабаванні ў тых ці іншых умовах з гэтага пункту погляду. Вось і зараз выконваецца такая канкрэтная работа. З'явілася «мода»: некаторыя прадпрыемствы сталі набываць вялікія 12-метровыя сеялкі. Спасылаюцца на тое, што ідзе ўзбуйненне гаспадарак. Навошта гэта рабіць пры дробнай контурнасці палёў? Якім прадпрыемствам лагічна набываць такі агрэгат? Мы «прывязалі» імпартны агрэгат да комплексу машын і праводзім іх выпрабаванні адначасова з выпрабаваннямі айчынных 9-метровых сеялак і 6-метровага камбінаванага агрэгата з увязкай да ўсяго набору палявых работ на канкрэтным полі. У выніку гэта дазволіць зразумець, у межах якіх тэхналогій тая ці іншая машына знойдзе сябе ў сістэме машын. Універсальных рашэнняў не існуе для кожнага поля, так што цалкам магчыма, што ў нейкай канкрэтнай сітуацыі сеялка-гігант будзе сапраўды рэнтабельнай.

Выпрабаванне цягава-счапных прыстасаванняў сельгастэхнікі праводзіць інжынер Валерый Багалепаў.

А ўвогуле машына павінна быць «убудавана» ў «сям'ю» тых ці іншых машын, для эфектыўнага рашэння вытворчай задачы. Зараз асобна ўзятая машына нікому не цікавая, яна павінна быць часткай сістэмы. І ацаніць эфектыўнасць машыны можна толькі як элемента тэхналогіі. Скажам, пад нармальны прэс-падборшчык патрэбны спецыяльныя касілкі і гэтак далей. Я спадзяюся, думка зразумелая.

— Магчыма, за апошні час з'явіліся новыя метады кантролю.

— Важна іншае: рынак стаў насычаны сістэмамі кантролю за работай тэхнікі, прыйшлі новыя іх вытворцы, яны канкурыруюць паміж сабой, і ў выніку кошт сістэм істотна знізіўся. І іх укараненне не звязана з вялікімі расходамі нават для сярэдніх гаспадарак. Той жа навігатар каштуе сто рублёў. Лічыльнік паліва каштуе больш, тысячу рублёў з лішкам, але калі ўзяць у разлік аб'ёмы саляркі, якая за змену праходзіць праз магутны трактар, то лічыльнік акупіць сябе вельмі хутка. Раней на ўсю краіну быў адзін расходамер паліва коштам 34 тысячы еўра... Можаце ацаніць прагрэс у гэтай галіне.

І ўсё ж новыя сродкі вымярэнняў пры выпрабаваннях тэхнікі з'яўляюцца, іх кошт дастаткова высокі, і мы на гэтыя затраты ідзём, каб забяспечыць дакладнасць. Набываем дарагое вымяральнае абсталяванне, яно дастаткова далікатнае, скажам так, патрабуе высокай кваліфікацыі спецыялістаў. Нават запусціць з першага разу няпроста, запрашаем прадстаўніка завода-вытворцы.

— Ці можна гаварыць пра нейкую айчынную машыну, якая апошнім часам імкліва ўварвалася на рынкі...

— Пакуль такой прарыўной машыны за апошні час у нас няма. Хоць пэўныя навінкі ці мадыфікацыі з'яўляюцца. Той жа камбайн для збору ягад, што растуць на кустах. Цвёрдай ягады, такой як шыпшына, глог. Ёсць самаходны, ёсць і прычапны такі камбайн. Гэта распрацоўка НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі, абедзве мадэлі прапрацаваны, праходзілі выпрабаванні і паказалі сябе з добрага боку.

Вядучы інжынер Мікалай Насковіч даследуе трываласць гумы даільнага апарата.

Але работы над нашай супертэхнікай вядуцца. Таму ж «Гомсельмашу» давядзецца яшчэ папрацаваць над новым суперкамбайнам. Прарыўныя мадэлі і камбайна, і трактара — будуць, работа над імі ідзе. Але паўторымся, патрэбен час. Ад моманту стварэння першага ўзору да выхаду на знешнія рынкі МТЗ-80/82 спатрэбілася 14 гадоў. Менавіта столькі краіна адпрацоўвала тэхналогію і якасць гэтага трактара. І ўжо потым ён рэвалюцыйна выйшаў на знешнія рынкі і заваяваў іх. І генеральны канструктар трактарнага завода ў Францыі ўрачыста ўручыў ключы ад 500-тысячнага трактара французскаму фермеру.

— Што з газаматорнай тэхнікай, Аляксандр Уладзіміравіч?

— Камбайн на газавым паліве працуе, праходзіць вытворчыя выпрабаванні. Увосень мы праводзілі першыя ацэнкі. Сёлета разам з «Гомсельмашам» будзем займацца тэмай больш шчыльна. А на трактарах пакуль работы прыпынены, машыны вярнуліся на завод. Падрабязнасцяў не ведаю, мы імі пакуль не займаліся.

— Пры правядзенні выпрабаванняў чаму вы аддаяце перавагу, на што звяртаеце ўвагу перш за ўсё?

— На першы план заўсёды выходзіць праблема бяспечнасці. Машына перш за ўсё павінна быць бяспечнай. І яе святлосігнальнае абсталяванне; і пастаўлены неабходныя агароджы — усе часткі, якія круцяцца, закрыты; і супрацьпадкатнае ўстройства ёсць, і гэтак далей. Даказана намі, што машына бяспечная, — тады ўсё астатняе вырашае эканоміка. Калі яна выконвае свае функцыі пры мінімальных затратах, значыць, машына атрымалася.

— Тэхнічная аснашчанасць станцыі паляпшаецца?

— Кожны год робіцца крок наперад у гэтым кірунку. Будзем ствараць сучасны стэнд для выпрабаванняў кабін, і гэта таксама крок наперад. Пастаянна мяняюцца самі патрабаванні да правядзення выпрабаванняў, уводзяцца новыя, больш жорсткія параметры, я казаў пра тое. Пад гэта патрэбна абсталяванне адпаведнай дакладнасці. І трэба своечасова замяняць прыборнае абсталяванне, удасканальваць канструкцыю стэндаў. На гэта скіраваны нашы намаганні ў апошнія гады. Атрымліваем падтрымку з боку бюджэту і ўкладваем уласныя сродкі.

Асаблівую ўвагу звяртаем на падрыхтоўку спецыялістаў, бо лічым яе ключавым фактарам. Пасылаем сваіх людзей на вучобу ў Расію, Польшчу, там ёсць цудоўныя выпрабавальныя арганізацыі. Перад выстаўкай у Гановеры сёлета наведаем выдатна абсталяваны нямецкі выпрабавальны цэнтр ДЛГ. Гэта, відаць, самы прасунуты ў свеце выпрабавальны цэнтр, у нас з ім падпісаны дагавор. Я таксама павышаў уласную кваліфікацыю ў Амерыцы на «Джон Дзіры», паглядзеў, як працуюць іх выпрабавальнікі.

Інжынер Аляксандр Воўчак знаёміцца з вынікамі выпрабаванняў трываласці кабіны трактара.

— Пазабюджэтных выпрабаванняў праводзіце шмат?

— Так, дастаткова шмат. У тым ліку атрымліваем заказы з-за мяжы. Прыемна, што нашу станцыю там ведаюць і нам давяраюць. Мы дастаткова шчыльна супрацоўнічаем з фірмай Bаsf па ацэнцы кампанентаў паліва. Гэта найбуйнейшы ў свеце выпрацоўшчык хімічнай прадукцыі. Яны праводзяць выпрабаванні прысадак, масел і гэтак далей, беларускія заводы з імі сябруюць.

Працуем з вытворцамі камунальнай тэхнікі па выпрабаванні кампанентаў. І кабін, пра якія я казаў, і цягава-счапных прыстасаванняў, сядзенняў і гэтак далей.

Большасць даільных установак на жывёлагадоўчых комплексах і фермах — ужо айчыннай вытворчасці, хоць ёсць і імпартныя. Трэба толькі належным чынам іх эксплуатаваць. У нас працуе камп'ютарная праграма па кантролі за правядзеннем тэхнічнага абслугоўвання даільных залаў, час ад часу праводзім «кантрольныя работы» — ці выконваецца тэхабслугоўванне рэальна і наколькі якасна. Грунтуючыся на скаргах гаспадарак, зрабілі спецыяльны стэнд для праверкі сасковай гумы на даільных устаноўках.

Нашы магчымасці дастаткова вялікія, жаданне працаваць у калектыву ёсць, заказы прымаем ахвотна.

— Ці можна сказаць, што станцыя ў пэўным сэнсе з'яўляецца барометрам для Міністэрства сельскай гаспадаркі і ўрада, бо, абапіраючыся на вашы пратаколы і справаздачы, яны могуць больш дакладна адсочваць тэндэнцыі ў аграрным машынабудаванні?

— Думаю, што так. У нас у дэвізе запісана «Мы забяспечваем незалежнасць і кампетэнтнасць». Гэта азначае, што на наш вынік не ўплываюць нейкія староннія фактары. Іменна так і стараемся працаваць. Абапіраючыся на навуку, падтрымліваючы сувязь з айчыннымі сельскагаспадарчымі ВНУ. Мы ўзаемадзейнічаем з аграрна-тэхнічным універсітэтам, на станцыі працуюць філіялы дзвюх кафедраў БАТУ. Прыязджаюць студэнцкія групы, і мы, згодна з іх вучэбным планам, знаёмім будучых спецыялістаў са сваімі напрацоўкамі.

Інжынер лабараторыі механізацыі жывёлагадоўчых фермаў Максім ДЗЯДЗЮЛЯ каля стэнда выпрабаванняў даільнага абсталявання.

Накопленыя кадрамі станцыі веды і шматгадовы вопыт, у тым ліку і як былога філіяла Усесаюзнага інстытута павышэння кваліфікацыі Дзяржкамсельгастэхнікі СССР, і былой рэспубліканскай выстаўкі новай тэхнікі, можна было б выкарыстоўваць больш поўна, калі стварыць на нашай базе рэспубліканскі цэнтр па ўкараненні сістэм дакладнага земляробства. Каб навучаць людзей, як карыстаюцца гэтымі сістэмамі ва ўсім свеце і як карыстацца нам, бо патрэба ў гэтым стала надзвычай актуальнай. Міністэрства нас заўсёды падтрымлівае ва ўсіх нашых пачынаннях, спадзяёмся і на падтрымку гэтай ініцыятывы.

Ад рэдакцыі. Шчыра дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі намесніку дырэктара Беларускай МВС па выпрабаваннях Ігару Мікалаевічу Мацюту.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Здымкі Яўгена Пясецкага

УНП 600068848

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.