Вы тут

Крывавы красавік Каломба. Чаму выбухнула Шры-Ланка?


Днямі Шры-Ланка міжволі стала насамрэч асноўнай болевай кропкай свету. Сталіца астраўной дзяржавы ў мінулую нядзелю ператварылася ў сапраўднае крывавае пекла. У Каломба практычна адначасова ў розных месцах прагрымелі восем выбухаў. Тры — у храмах падчас велікодных службаў, яшчэ тры — у дарагіх гатэлях. Таксама выбухнула каля сталічнага заапарка і ў раёне Дэматагода. Загінула больш чым 250 чалавек, каля паўтысячы атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Адказнасць за тэракты ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава». У іх паведамленні ўказана, што мэтай тэрарыстаў былі хрысціяне і грамадзяне краін, якія ўваходзяць у кааліцыю па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай». Чаму выбухнула Шры-Ланка?


Пасля «тыграў»

Шматканфесійная Шры-Ланка (колішні Цэйлон) адносіцца да ліку найбольш рэлігійных дзяржаў свету. На жаль, адным з наступстваў гэтага стаў высокі ўзровень экстрэмізму. На «цуда-востраве» індуісты здзяйсняюць тэракты «ў ісламскім стылі», мусульмане водзяць сяброўства з хрысціянамі, ратуючыся ад пагромаў, адзначае vz.ru, а галоўнымі прапаведнікамі нецярпімасці лічацца будыйскія манахі.

Шрыланкійскія індуісты — гэта ў большасці сваёй тамілы. Народ, які некалі страціў сваю дзяржаўнасць і цяпер пражывае ў асноўным у індыйскім штаце Тамілнад. Уласна, у Індыі тамілаў ў 20 разоў больш, чым на Шры-Ланцы. На дзяржаве-востраве іх пераследавалі. Адказам на гэтую дыскрымінацыю стала з'яўленне «Тыграў вызвалення Таміл-Ілама» (ТВТІ) — ваенізаванай арганізацыі з уласнай артылерыяй, СПА, лёгкаматорным флотам і нават танкамі. На працягу 25 гадоў яны кантралявалі поўнач вострава, абвясціўшы там Таміл-Ілам — тыповую непрызнаную дзяржаву, пабудаваную на ідэях радыкальнага нацыяналізму, заўважае vz.ru. Таміл-Ілам перажыў тры вайны, названыя іламскімі, але чацвёртая стала для яго апошняй. Дзесяць гадоў таму ў выніку спецаперацыі баевікі ТВТІ патрапілі ў акружэнне ўрадавых сіл, шматгадовы лідар Таміл-Ілама Велупілаі Прабхакаран быў застрэлены пры спробе прарыву, пасля чаго большасць «тыграў» склалі зброю, хоць асобныя дробныя групоўкі ўсё яшчэ працягваюць партызаніць у ланкійскіх джунглях.

На Шры-Ланцы тэрарызм асацыюецца менавіта з ТВТІ, дакладней, з падраздзяленнем «Чорныя тыгры». На іх сумленні сотні тэрактаў, уключаючы забойства прэзідэнта Шры-Ланкі Ранасінгхе Прэмадаса і прэм'ер-міністра Індыі Раджыва Гандзі (Дэлі фактычна падтрымаў вайну Каломба з ТВТІ, таму Гандзі разглядаўся групоўкай як здраднік). Таксама варта адзначыць атаку на горад Анурадхапура ў 1985-м, пры якой загінула 146 чалавек, у асноўным — прыхаджане будыйскага храма.

Тэрарыстычны «почырк» ТВТІ быў надзвычай падобны на той, які асацыюецца ў нас з ісламскім экстрэмізмам. Да тэрактаў актыўна прыцягвалі смяротнікаў, смяротніц і нават дзяцей. Больш за тое, вынаходства так званага пояса шахіда прыпісваюць менавіта «тыграм». У той жа час мусульмане былі афіцыйнай мішэнню ТВТІ нароўні з будыстамі. Да цяперашняга моманту частка мячэцяў і будыйскіх храмаў на поўначы паспелі аднавіць. А ў студзені 2015 года прэзідэнтам Шры-Ланкі стаў кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі Майтрыпала Сірысена — палітык, які скончыў маскоўскі Літінстытут імя Горкага і выступае за мірнае суіснаванне, раўнапраўе, захаванне правоў чалавека, свабоду слова і нецярпімасць да экстрэмізму. Лічыцца, што канфлікт паміж індуістамі і цэнтральным урадам вычарпаны, але па выніках вайны значная частка тамілаў эмігравалі, і цяпер індуізм толькі трэцяя па колькасці прыхільнікаў рэлігія на Шры-Ланцы.

Сінгалы і ларакала

Амаль тры чвэрці насельніцтва Шры-Ланкі — сінгалы, у пераважнай большасці — будысты школы Тхеравада, найстарэйшай з цяпер існуючых. Абапіраецца яна на Палійскі канон — звод святых тэкстаў, якія, па версіі вернікаў, належаць Буду, а на думку даследчыкаў, з'яўляюцца іх наступнай рэдактурай. Кансерватызм ланкійскіх будыстаў — адна з прычын іх непрымірымага стаўлення да тамілаў. Самі манахі рэдка ўдзельнічалі ў нападах на індуістаў, але прапагандавалі іх і апраўдвалі. Цяпер, калі «тыгры» разгромленыя, шэраг кансерватыўных будыйскіх манахаў бачаць пагрозу «традыцыйнаму ўкладу» з боку мусульманскай абшчыны, якая павялічваецца. Хрысціянская абшчына ім таксама рэзка не падабаецца, але асноўны акцэнт зроблены ўсё ж такі на ісламе. Падзеяй, якая выклікала выбухны рост нецярпімасці, можна лічыць знішчэнне талібамі тысячагадовых статуй Буды ў Афганістане ў 2001 годзе.

Цяпер ядром радыкальнага будыйскага нацыяналізму з'яўляецца арганізацыя «Боду бала сена» («Армія будыйскай сілы»), яе найбольш вядомым прадстаўніком — манах Галагодаатэ Гнанасара, які выступае за поўную забарону Карана на тэрыторыі Шры-Ланкі. Іх ідэалогія — непрыманне любой рэлігіі на Шры-Ланцы, за выключэннем, зразумела, будызму. Арганізацыя падтрымлівае цесныя сувязі з М'янмай, дзе таксама распаўсюджана школа Тхеравада, а манахі з'яўляюцца аднымі з найбольш паважаных членаў грамадства. Тэрор супраць мусульман-рахінджа шмат у чым на іх сумленні. Не наўпрост (удзел манахаў у пагромах — вельмі рэдкае выключэнне), але ўскосна — праз заклікі, для якіх актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі. Мусульман часта абвінавачваюць ні многа ні мала ў сусветнай змове, мэта якой — выкараненне будызму.

Найбуйнейшая серыя антымусульманскіх пагромаў на Шры-Ланцы адбылася ў 2014-м. Летась падзеі паўтарыліся ў некалькі меншым маштабе. Загінулі шэсць чалавек, але колькасць бежанцаў перавышае дзесяць тысяч, а колькасць спаленых мячэцяў, дамоў і крамаў, якія належаць мусульманам, ідзе на сотні. Той жа лёс напаткаў і некалькі хрысціянскіх храмаў. Ужо тады аналітыкі асцерагаліся, што міжнародны ісламскі тэрарызм рана ці позна зверне сваю ўвагу на Шры-Ланку і пачне помсціць. На вялікі жаль, заўважае vz.ru, яны мелі рацыю.

Іслам вызнаюць, паводле розных крыніц, прыкладна 8—12 працэнтаў насельніцтва краіны. У асноўным — гэта мігранты з іншых дзяржаў, у першую чаргу з Малайзіі, але на востраве ёсць этнічная меншасць з мусульманскай верай — цэйлонскія маўры або ларакала (адметна, словы ларакала і мусульманін нярэдка ўспрымаюцца ланкійцамі як сінонімы). Часткова яны гавораць на тамільскай, часткова — на сінгальскай мовах. Пры гэтым маюць уласныя традыцыі, разбежныя з традыцыйным ісламам: напрыклад, род ларакала вядзецца па жаночай лініі, а да традыцыйных заняткаў адносіцца ліхвярства.

У ланкійскай гісторыі рэлігійнага экстрэмізму і вайны ўсіх з усімі ларакала, як правіла, адводзілася роля ахвяр тамілаў і радыкальна настроеных будыйскіх манахаў. Самі маўры не праяўлялі асаблівай цікавасці да тэрарыстычнай дзейнасці, але відавочна, што навіны пра ганенні на іх трапілі ў зону ўвагі транснацыянальных ісламісцкіх груповак. На Шры-Ланцы было створана ўласнае падраздзяленне «Ісламскай дзяржавы», аб ліквідацыі аднаго з лідараў якога афіцыйны Каломба абвясціў у пачатку гэтага года.

Канкрэтная пагроза

Вядома, цяперашняя сітуацыя на востраве далёкая ад стабільнай. Па апошніх звестках, тэрарысты рыхтавалі другую серыю нападаў — ужо на пахаванні ахвяр выбухаў. Пра гэта паведаміў тэлеканал СNN. У краіне падоўжылі каменданцкую гадзіну. На Шры-Ланцы пануе атмасфера трывогі, адзначае vеstі.ru. Паліцыя не паспявае адказваць на званкі аб падазроных суб'ектах і безгаспадарных прадметах. З'яўляюцца паведамленні аб кантраляваных выбухах: спецслужбы спрабуюць вокамгненна рэагаваць на пагрозы. Часам — не без карысці. У прыгарадзе Каломба знішчылі ўзрыўчатку, а ў самім горадзе, каля кінатэатра — матацыкл, які быў пакінуты без нагляду.

«Цяпер ёсць вялікая нявызначанасць, таму што смяротнікі могуць знаходзіцца дзе заўгодна — сярод нас. Але я веру, што сілавікі змогуць узяць сітуацыю пад кантроль», — заявіў мэр Каломба Розі Сенанаяке. Улады не спяшаюцца супакоіць людзей паведамленнямі аб тым, што небяспека мінула: па звестках разведкі, на тэрыторыі вострава дагэтуль могуць знаходзіцца тэрарыстычныя групы, гатовыя да нападаў.

Прарыву ў расследаванні няма, заўважае vеstі.ru. Хіба што — дэталі, якія толькі дадаюць пытанняў. Па інфармацыі мінабароны і МУС Шры-Ланкі, арганізатары серыі выбухаў — людзі адукаваныя і нябедныя. Некаторыя — навучаліся за мяжой. «Мы ведаем, што адзін з баевікоў праходзіў навучанне ў Вялікабрытаніі, затым — у магістратуры ў Аўстраліі, а вярнуўся ў Шры-Ланку», — адзначыў міністр абароны Шры-Ланкі Рува Віджэвардэна. «Па звестках крымінальнага вышуку, да выбухаў датычныя 9 тэрарыстаў-смяротнікаў. Прычым, сярод іх ёсць адна жанчына», — дадаў прадстаўнік паліцыі Шры Ланкі Рувэн Гунасекара.

Злучанае Каралеўства, як мяркуюць спецслужбы, магло стаць адпраўной кропкай у радыкалізацыі будучага тэрарыста. А аўстралійскі след, нібыта, можа паказваць на сувязь з нядаўнімі тэрактамі ў мячэцях Новай Зеландыі, бо бойню распачаў менавіта аўстраліец. Зрэшты, у самой Новай Зеландыі лічыць выбухі на Шры-Ланцы помстай за расстрэл мусульман у Крайстчэрчы не спяшаюцца. «Я бачыла гэтыя справаздачы. Але мы не атрымлівалі якіх-небудзь пацвярджэнняў таго, што было сказана ўладамі Шры Ланкі. Я разумею, што яны знаходзяцца на пачатковым этапе расследавання, але ў цяперашні момант мы не бачым ніякай сувязі», — заявіла прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн.

Каб дадаць стымулаў у пошуку выканаўцаў, прэзідэнт Шры-Ланкі ініцыяваў чыстку свайго атачэння: у адстаўку адправяцца сакратар мінабароны і кіраўнік нацыянальнай паліцыі, пасля таго, як высветлілася, што, як мінімум, трое чыноўнікаў самага высокага ўзроўню ведалі аб нападах, якія рыхтуюцца, і наўмысна ўтойвалі гэтую інфармацыю. «Безумоўна, гэта промах спецслужбаў і ўрада, і мы павінны ўзяць на сябе адказнасць за гэта, паколькі, калі б звесткі разведкі патрапілі ў патрэбныя рукі, можна было б пазбегнуць трагедыі. Або, прынамсі, мінімізаваць шкоду», — заявіў міністр абароны Шры-Ланкі Рува Віджэвардэна.

На гэтым фоне найбуйнейшыя тураператары шэрагу краін адмовіліся ад продажу пуцёвак на Шры-Ланку. Сярод апошніх паведамленняў — інфармацыя аб тым, што ізраільскія ўлады папярэдзілі суграмадзян пра пагрозу новых тэрактаў і заклікалі іх пакінуць востраў. Рэкамендацыі Контртэрарыстычнага штаба пры Савеце нацыянальнай бяспекі з'явіліся ў разгар іўдзейскага свята Песах, які сотні тысяч ізраільцян традыцыйна праводзяць у замежных паездках. «У рэчышчы ўскладнення становішча ў сферы бяспекі і асцярогі таго, што падзеі не завершаныя і могуць паўтарыцца ў найбліжэйшай будучыні, мы заклікаем ізраільцян устрымацца ад паездак у гэтую краіну, а тых, хто там знаходзіцца, — як мага хутчэй яе пакінуць, па меншай меры да таго часу, пакуль сітуацыя не стабілізуецца», — адзначаецца ў паведамленні. Контртэрарыстычны штаб прысвоіў Шры-Ланцы другі ўзровень тэрарыстычнай небяспекі, які азначае «высокую і канкрэтную пагрозу».

«Усе апошнія тэракты даюць нам зразумець, што бяспечных месцаў на Зямлі засталося мала. Нельга выключаць, што падобнае можа адбыцца на Мальдывах, у Сінгапуры ці ў Малайзіі, — адзначыла vеstі.ru саветнік дырэктара Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Алена Супоніна. — Прыкладна паўтара года таму, услед за інцыдэнтам у філіпінскім горадзе Мараві, які захапілі тэрарысты ІД, эксперты загаварылі пра пагрозу ператварэння ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі ў новы аплот міжнароднага тэрарызму». Аднак, па словах аналітыка, тэракты на Шры-Ланцы не сведчаць аб перамяшчэнні ачага міжнароднага тэрарызму з Сірыі і Ірака ў Паўднёва-Усходнюю Азію, а хутчэй сведчаць пра планамернае разрастанне глабальнай праблемы.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».