Вы тут

У Савеце Рэспублікі разгледзелі змены ў закон «Аб абыходжанні з адходамі»


Сёння кожны жыхар нашай краіны «прадукуе» 300 кілаграмаў смецця, якое захоўваецца на палігонах ЦКА. Як паменшыць гэтыя аб'ёмы і пачаць зарабляць на тым, што выкідаем? У Савеце Рэспублікі разгледзелі змены ў закон «Аб абыходжанні з адходамі».


Знізіць дакументаабарот

На разгляд членаў Савета Рэспублікі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК прадставіў законапраект, які датычыцца змяненняў у закон «Аб абыходжанні з адходамі». Чаму наспелі змяненні? Па словах міністра, існуючы закон неабходна прывесці ў адпаведнасць з Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

— Законапраектам прадугледжана спрашчэнне парадку афармлення дакументаў пры перавозцы адходаў вытворчасці. У прыватнасці, суб'ектам гаспадарання пры наяўнасці таварна-транспартнай накладной даецца права перавозіць адходы без афармлення суправаджальнага пашпарта. Выключэнне — перавозка небяспечных адходаў і грузаў, якая ажыццяўляецца з захаваннем міжнародных дамоваў. Індывідуальным прадпрымальнікам і мікраарганізацыям даецца права не прызначаць адказных асоб за абыходжанне з адходамі, не распрацоўваць і не зацвярджаць інструкцыі па абыходжанні з адходамі вытворчасці і нарматываў утварэння такіх адходаў, а таксама не весці іх улік і не праводзіць інвентарызацыю, — паведаміў Андрэй Худык.

Праўда, за суб'ектамі гаспадарання захоўваюцца абавязкі па зборы адходаў і падзелу іх па відах, абясшкоджванні або выкарыстанні адходаў, а таксама іх санкцыянаванае захоўванне і пахаванне.

На думку міністра, ільготы, якія даюцца суб'ектам гаспадарання, будуць уплываць на стварэнне ў краіне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці і дзелавой ініцыятывы, а таксама дадуць магчымасць знізіць дакументаабарот.

Акрамя таго, у законапраект уключаны асобныя нормы па ўдасканаленні заканадаўства аб абыходжанні з адходамі з улікам практыкі яго выкарыстання, а таксама іерархіі спосабаў абыходжання з адходамі, прызнаных міжнароднай супольнасцю.

Сёння ўзровень здабывання ў Беларусі другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) са складу камунальных адходаў складае каля 19 % ад агульнага аб'ёму ўтварэння. Дарэчы, летась удалося атрымаць ДМР на 2 % болей, у той час як за апошняе дзесяцігоддзе рост быў адзначаны толькі на 7 %.

— Мы бачым рэзервы ў гэтай рабоце, і яны ўжо закладзены ў зменах закона. Акрамя таго, мяркую, будзе пратакольны запіс, дзе больш шырока і выразна будзе прапісана, якія крокі мы павінны зрабіць, каб рухацца да сусветных паказчыкаў, — падкрэсліў Андрэй Худык і прывёў прыклад. — Сёння ў Швецыі выкарыстоўваюцца 99,5 % адходаў і толькі 0,5 % хаваецца — гэта два кілаграмы на чалавека. Мы ж адвозім на палігоны 300 кілаграмаў на чалавека ў год.

Адной з прычын, якая перашкаджае максімальнаму збору ДМР і выкананню суб'ектамі гаспадарання і грамадзянамі нормаў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі ў частцы забароны пахавання ДМР, на думку міністра, з'яўляецца адсутнасць адзіных актуальных патрабаванняў арганізацыі абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі.

— Для вырашэння найскладанейшай сітуацыі ў галіне абыходжання з камунальнымі адходамі, устанаўлення адзіных для ўсіх суб'ектаў патрабаванняў па абыходжанні з ЦКА законапраектам даюцца паўнамоцтвы Мінжылкамгасу сумесна з Мінпрыроды на зацвярджэнне Тэхнічнага кодэкса ўсталяванай практыкі абыходжання з камунальнымі адходамі, якія вызначаюць адзіныя правілы абыходжання з такімі відамі адходаў, — адзначыў ён.

Дачныя звалкі і медыцынскія адходы

Адным са спецыфічных відаў адходаў, якія патрабуюць асобнай увагі, з'яўляюцца медыцынскія адходы. Для ўстанаўлення парадку іх абясшкоджвання законапраектам даюцца паўнамоцтвы Міністэрству аховы здароўя па ўзгадненні з Мінпрыроды на вызначэнне парадку абясшкоджвання адходаў лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі.

Больш за пяць гадоў заставалася нявырашаным пытанне карэкціроўкі класіфікатара адходаў, якія ўтвараюцца ў Беларусі. З улікам выказанай Мінюстам пазіцыі законапраектам надаюцца паўнамоцтвы Мінпрыроды на зацвярджэнне адпаведнага агульнадзяржаўнага класіфікатара.

Не засталіся без увагі і несанкцыянаваныя звалкі ў дачных масівах і гаражных кааператывах.

— Для ўдасканалення работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў уносяцца змены ў частцы ўключэння парадку абыходжання з адходамі, якія ўтвараюцца ў спажывецкіх кааператывах, садаводчых таварыствах. Схемы абыходжання з камунальнымі адходамі распрацоўваюцца і зацвярджаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Змяненні абумоўлены тым, што з прычыны адсутнасці сфарміраваных органаў кіравання ў садаводчых таварыстваў і гаражных кааператываў у шэрагу выпадкаў адсутнічаюць адпаведныя схемы, што прыводзіць да стварэння несанкцыянаваных звалак на прылеглай тэрыторыі, — растлумачыў Андрэй Худык.

Напрыканцы міністр адзначыў, што прыняцце прапанаваных змен не прывядзе да павелічэння адміністрацыйных працэдур у дачыненні да юрыдычных асоб і ІП, а таксама грамадзян, не прадугледжвае дадатковых расходаў бюджэту і будзе спрыяць аднастайнаму выкарыстанню заканадаўчых нормаў у галіне абыходжання з адходамі, забяспечыўшы пры гэтым сістэмнае прававое рэгуляванне пытанняў у гэтай галіне.

Генадзь ДАВЫДЗЬКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дадаў, што праект закона ўзгоднены з усімі зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання.

— Мы добра разумеем, што звалкі неэфектыўныя для барацьбы з усё большым аб'ёмам адходаў. Акрамя таго, яны наносяць нямалую шкоду навакольнаму асяроддзю. Нават уладкаваныя па апошнім слове тэхнікі палігоны ствараюць цэлы комплекс экалагічных праблем. Перапрацоўваючы адходы, мы захоўваем рэсурсы і падтрымліваем навакольнае асяроддзе. І тут трэба прайсці вялікі шлях, таму што 19 % перапрацаванага смецця — гэта вельмі мала, — перакананы ён.

На яго думку, неабходна сур'ёзна заняцца пытаннем перапрацоўкі другасных рэсурсаў — гэта і эканоміка, і экалогія. Генадзь Давыдзька прапанаваў калегам праект закона падтрымаць і ўнесці ў пратакол пасяджэння прапанову: «Рэкамендаваць Савету Міністраў працягнуць работу па ўдасканаленні нарматыўна-прававога рэгулявання ў сферы абыходжання з адходамі з улікам сучасных патрабаванняў». Члены Савета Рэспублікі пагадзіліся з прапанаваным законапраектам.

А як у іх?

Ігар ЖУК, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў звярнуў увагу калег на міжнародны вопыт:

— У нашых найбліжэйшых суседзяў — у Польшчы — пры некаторых органах мясцовага самакіравання існуе «Служба аховы горада». Яна ўключае шмат функцый, у тым ліку па навядзенні парадку, з правам выносіць штрафы, якія трапляюць у бюджэт мясцовай адміністрацыйнай адзінкі. Гэта вельмі важна — бо грошы можна было б накіраваць на стварэнне і фінансаванне студэнцкіх і маладзёжных атрадаў, якія таксама ўносілі б свой пасільны ўнёсак у навядзенне парадку на зямлі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Зарабіць на адходах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».