Вы тут

Як сёння спецыялісты сочаць за радыяцыйным фонам у краіне?


Праз 30 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы радыяцыйнае становішча на забруджаных тэрыторыях ужо не можа лічыцца аварыйным. Паступова — за кошт натуральных працэсаў і дзейнасці чалавека — дозы апрамянення зніжаюцца. Нягледзячы на гэта, за радыяцыйным фонам пастаянна назіраюць спецыялісты.


За фонам сочаць кругласутачна

— У нашай краіне радыяцыйныя назіранні праводзяцца з 1963 года, — расказаў Міхаіл КАВАЛЕНКА, начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыяцыйнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. — Але штуршком для развіцця сеткі радыяцыйнага маніторынгу стала катастрофа на Чарнобыльскай АЭС.

Радыяцыйны маніторынг — адзін з кампанентаў Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя. Ён праводзіцца для назірання за прыродным радыяцыйным фонам; радыяцыйным фонам у раёнах уздзеяння патэнцыйных крыніц радыеактыўнага забруджвання; радыеактыўным забруджваннем атмасфернага паветра, глебы, паверхневых і падземных вод на тэрыторыях, што падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на ЧАЭС.

Сёння сетка радыяцыйнага маніторынгу атмасфернага паветра складаецца з 41 стацыянарнага пункта назіранняў. У краіне таксама дзейнічае шэсць пунктаў маніторынгу паверхневых вод, на сямі пунктах праводзіцца іх трансгранічны маніторынг. На 39 пунктах назіранняў кантралюецца колькасць радыенуклідаў у глебах.

Акрамя дыскрэтных пунктаў назірання, у Беларусі арганізавана і сетка аўтаматызаваных пунктаў радыяцыйнага маніторынгу: у анлайн-рэжыме функцыянуе пяць аўтаматычных сістэм кантролю радыяцыйнага становішча, яны прадугледжаны для падтрымкі і прыняцця рашэнняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі радыяцыйнага характару. У зоне ўплыву АЭС сумежных дзяржаў дзейнічаюць 22 пункты вымярэння. 10 аўтаматычных пунктаў назіранняў размешчаны ў зоне будаўніцтва БелАЭС, яшчэ 10 такіх пунктаў павінна пабудаваць арганізацыя, якая будзе эксплуатаваць атамную станцыю. Дзве сістэмы дапоўняць адна адну, інфармацыя з іх будзе накіроўвацца ў рэспубліканскі цэнтр МНС і стане даступнай для спецыялістаў.

Небяспека ўзрастае?

Адносна чарнобыльскай трагедыі сёння часта гавораць пра небяспечнае ўзрастанне канцэнтрацыі на забруджаных тэрыторыях трансуранавых элементаў, напрыклад плутонію.

— У атмасферы планеты плутоній утрымліваецца даволі даўно, з пачатку першых выпрабаванняў ядзерных бомбаў, — расказаў загадчык лабараторыі радыеэкалогіі ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі» Аляксандр НІКІЦІН. — Сёння каля 40 % забруджвання тэрыторыі краіны плутоніем — вынік тых выпрабаванняў. Астатняя ж частка трапіла ў навакольнае асяроддзе ў выніку выбуху на ЧАЭС, пры гэтым 97 % плутонію знаходзіцца ў зоне адчужэння, дзе не вядзецца гаспадарчая дзейнасць. Забруджванне ім глебы хутка змяншаецца па меры павелічэння аддаленасці ад рэактара.

Альфа-выпраменьвальныя ізатопы плутонію маюць штучнае паходжанне, таму іх паступленне ў расліны і жывёлы вельмі складанае, яны амаль не пераходзяць па харчовых ланцугах. Але ж з удыхаемым паветрам яны могуць лёгка трапіць у лёгкія, дзе ўсмоктваюцца ў кроў, распаўсюджваюцца па арганізме, назапашваюцца ў касцявой тканцы, печані, іншых органах. Акрамя таго, перыяд вывядзення плутонію з арганізма вельмі вялікі: па некаторых ацэнках ён — большы за працягласць чалавечага жыцця.

— У асноўным плутоній знаходзіцца ў верхнім слоі глебы і тэарэтычна падчас пажару можа выкідвацца ў атмасферу, — адзначыў навуковец. — Як паказваюць вынікі мадэляванняў і натурных даследаванняў, небяспечныя яго канцэнтрацыі могуць утрымлівацца непасрэдна ў фронце пажару, але з аддаленнем яны змяншаюцца, таму для насельніцтва рызыка адсутнічае, улічваючы што бліжэйшыя населеныя пункты размешчаны за 50—60 км ад рэактара.

Сярод ізатопаў плутонію найбольшую актыўнасць у чарнобыльскім выкідзе меў плутоній-241 (241Pu) з перыядам паўраспаду каля 14 гадоў. Пры яго распадзе ўтвараецца амерыцый-241 (241Am) — вельмі небяспечны альфа-выпраменьвальнік з перыядам паўраспаду больш за 430 гадоў. З распадам 241Pu канцэнтрацыя 241Am павялічваецца, але гэта адбываецца пераважна на лакалізаванай і недаступнай для людзей тэрыторыі.

Вераніка КОЛАСАВА

Сёння грамадзяне могуць атрымаць аператыўную інфармацыю пра радыяцыйнае становішча ў краіне на сайце rad.org.by, вынікі радыяцыйнага маніторынгу — на сайце НСМНА www.nsmos.by, а таксама ў мабільнай праграме «Надвор'е ў кішэні».

Загаловак у газеце: Час для назірання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.