Вы тут

55 гадоў таму здымалася камедыя «Зайчык»


...Тэатральны грымёр Леў Зайчык цалкам адпавядае свайму забаўнаму прозвішчу: ён добры і шчыры, але сарамлівы і нерашучы аж да баязлівасці чалавек. Абвострана перажываючы хамства і несправядлівасць, ён не можа супрацьстаяць ні фанабэрыстаму галоўнаму рэжысёру, ні нахабнаму бюракрату, ні нават вулічнаму хулігану. Дый з актрысай-пачаткоўкай Наташай, якой сімпатызуе Зайчык, стасункі не складваюцца — ажно пакуль дзяўчына, якая ўсё разумее, не раіць закаханаму маладому чалавеку звярнуцца да псіхолага, каб умацаваць упэўненасць у сабе. І трэба ж такому здарыцца, што ў паліклініцы Зайчык выпадкова чуе ад урача фразу: «Жыць гэтаму зайчыку засталося не больш за месяц». Гаворка, насамрэч, ішла пра зайца, гадаванца юнатаў, што падхапіў нейкую сваю заечую хваробу, — але ж малады чалавек пра гэта нават не здагадваўся, а таму вырашыў пражыць адмераны лёсам час з годнасцю і на карысць іншым, перамагчы нахабнікаў і чынуш, ды абавязкова прызнацца Наташы ў сваіх пачуццях...


«Зайчык» — першая поўнаметражная работа знакамітага акцёра Леаніда Быкава ў якасці рэжысёра. Жанр фільма сам Леанід Фёдаравіч вызначаў як «эксцэнтрычная камедыя з пэўным сатырычным зарадам», у якой герой сутыкаецца з «рэальна пазнавальнымі людзьмі, рэальна пазнавальнымі ўстановамі, і, што істотна, з рэальнымі з'явамі». Галоўнага героя, які прайшоў шлях пераўвасаблення з Зайчыка ў Ільва, сыграў сам Леанід Быкаў — і працягнуў гэтую традыцыю ў наступных сваіх карцінах «У бой ідуць адны «старыя» і «Аты-баты, ішлі салдаты». Акрамя таго, акцёрскі састаў фільма ўтрымлівае цэлы россып прозвішчаў цудоўных камедыйных артыстаў, тагачасных зорак экрана: Сяргей Філіпаў, Георгій Віцын, Ігар Дзмітрыеў, Аляксей Смірноў, Глікерыя Багданава-Часнакова ды іншыя.

За кадрам

Менавіта на гэтых здымках пазнаёміліся акцёры-франтавікі Леанід Быкаў і Аляксей Смірноў, што вылілася не толькі ў моцнае сяброўства, але і ў плённае творчае супрацоўніцтва.

Артысты Багданава-Часнакова і Дзмітрыеў сыгралі персанажаў, якіх звалі, як і саміх акцёраў: Глікерыя Васілеўна і Ігар Барысавіч.

Праз 50 гадоў аматары кіно зрабілі ролік, як выглядаюць сёння вуліцы Санкт-Пецярбурга (у час здымак — яшчэ Ленінграда), на якіх працавала здымачная група — Варшаўская, Новасібірская, Омская... А вось чыгуначная лінія Корпуснае шасэ—Шасэйная, дзе здымаўся заключны эпізод карціны, да нашых дзён не захавалася — яе дэманціравалі ўжо напрыканцы 1960-х.

Але вынік агульнай работы, мякка кажучы, не спадабаўся. Кіраўніцтва студыі «Ленфільм» успрыняло рэжысёрскі дэбют Быкава як правал, палічыўшы камедыю сатырычнай, але «нясмешнай», драматургію — слабай, героя — невыразным, і вырашыла больш да рэжысуры акцёра не дапускаць. З адчувальным халадком сустрэлі фільм і крытыкі, а ў год прэм'еры «Зайчыка» хоць і паглядзелі 25 мільёнаў чалавек, але асаблівага ажыятажу сярод публікі таксама не назіралася. Гэтую рэакцыю Быкаў сустрэў вельмі балюча і на некалькі гадоў наогул знік з кіно, перажываючы творчы крызіс і адмовіўшыся ад мноства прапаноў. І ўсё ж «Зайчык» прайшоў выпрабаванне часам — і, нягледзячы на сваю вонкавую наіўнасць і непасрэднасць, не страціў актуальнасці. Сучасныя крытыкі расстаўляюць акцэнты ўжо інакш: так, фільм нясмешны, але ён і не меў задачы проста насмяшыць. Гэта «невясёлая камедыя» атрымалася, насамрэч, вельмі душэўнай, добрай і жыццесцвярджальнай, а галоўны герой па-ранейшаму выклікае ў гледачоў падтрымку і спачуванне.

Сказана!

  • «Навошта ж так хвалявацца? Глядзіце, ужо прыйшоў першы глядач. Магчыма, прыйдуць і астатнія».
  • «Любіце мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве, як гаварыў Станіслаўскі. А калі што — выхад прама!»
  • «Я ў твае гады шасцёра дзяцей меў. Сям'я, дзеці, непрыемнасці, скандалы — адчуваеш, што жывеш».
  • «Граф! Там, ля агарода, мы затравілі рысака».
  • «Так-так... Ну-ну... Само сабой... Дазваляю... Вялікае прывітанне!»
  • «Хто крычыць? Дырэктар. І яшчэ адна... грамадскасць».
  • «Кім быў гэты Зайчык? Ён заўжды плаціў за кватэру, здаваў бялізну на мыццё. І ўсё?»

Успомніць наноў фільм і вырашыць для сябе, ці варты «Зайчык» пераацэнкі, можна на наступным тыдні — дзякуючы тэлеканалу «Беларусь 3», які пакажа камедыю 30 красавіка.

Загаловак у газеце: «Дазваляю ў сіні колер. Вялікае прывітанне!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».