Вы тут

У Чэрыкаўскім раёне якасна навялі парадак на могілках


Хутка Радаўніца і народ зноў паедзе да месцаў пахаванняў сваіх продкаў. Нават там, дзе вёскі сцёр з твару зямлі каварны Чарнобыль, могілкі працягваюць жыць. І застаюцца адзіным месцам, дзе сустракаюцца былыя суседзі, іх дзеці і ўнукі. У Чэрыкаўскім раёне такіх могілак 13 з 81. І як адзначылі ў Магілёўскім аблсавеце дэпутатаў, тамтэйшыя народныя абраннікі вельмі далёка прасунуліся ў навядзенні парадку на іх. Едзем пераймаць вопыт.


Хто тут галоўны?

— Тыя пахаванні, якія знаходзяцца ў горадзе і аграгарадках, заўсёды выглядаюць больш дагледжанымі — там часцей бываюць жыхары, старасты, актыў. Улады таксама прымаюць удзел, але мінімальны — у асноўным калі трэба агароджу паправіць, смецце вывезці, аварыйнае дрэва знесці. Іншая справа, калі населены пункт малы або яго зусім няма, — кажа Анжэла НОВІКАВА, старшыня Чэрыкаўскага райсавета дэпутатаў.

Анжэла Новікава: «І кожны падворак як на далоні».

Звычайна ў такіх выпадках за могілкамі замацоўваецца адказны за парадак — прадпрыемства або нейкая арганізацыя. На жаль, гэта яшчэ не гарантыя таго, што там будзе чысціня. У Чэрыкаве вырашылі крыху змяніць падыход. Прапанавалі кіраўнікам узяць пад апеку менавіта тыя могілкі, дзе пахаваныя іх родныя. І трапілі ў дзясятачку. Бо начальнікам, калі яны не паклапоцяцца пра парадак, сорамна будзе не толькі перад сваімі памерлымі продкамі, але і перад суседзямі.

— У выніку мы часцей сталі чуць ад насельніцтва «дзякуй», — кажа Анжэла Міхайлаўна. — Акрамя гэтага, у кожным населеным пункце свае традыцыі і мы знайшлі людзей, з якімі часцей за ўсё кантактуюць землякі наконт стану могілак. Яны сталі нашымі памочнікамі і кансультантамі.

Балючая тэма сельскіх могілак — гэта стыхійныя сметнікі. Але і тут знойдзена выйсце.

— Мы стварылі спецыяльныя зоны складзіравання смецця, але некаторыя людзі працягваюць выкідваць там, дзе ім зручна, — дзеліцца напрацоўкамі старшыня райсавета. — Паколькі нашы могілкі часцей за ўсё ў лесе, мы звярнуліся да лясгаса, каб яны ўзмацнілі работу па ахове тэрыторыі ад смецця. У іх ёсць фотапасткі, іншыя сучасныя сродкі нагляду, з дапамогай якіх можна ўстанавіць вінаватых. Павінна быць культура паводзін на грамадзянскіх могілках. Зразумела, што на гэта спатрэбіцца час, бо нічога проста так не адбываецца.

Дзе ўзяць грошы на агароджу

Летась выдаткі на ўтрыманне могілак склалі ў Чэрыкаўскім раёне 20—25 тысяч рублёў. І гэта з улікам агароджы, афарбоўкі, вывазу смецця, зносу аварыйных дрэў і ўсяго астатняга.

— Дзеля таго каб знізіць выдаткі, сельскія выканкамы абмежаваліся толькі набыццём піламатэрыялаў, — кажа Анжэла Новікава. — Усе астатнія работы па агароджах выконваліся на бязвыплатнай аснове. Агарадзіць адны могілкі каштуе сёння 200—300 рублёў. Гэта — мізэр. І няма апраўданняў тым, хто скардзіцца на недахоп сродкаў на гэтыя мэты. Ніхто не патрабуе, каб у лясным масіве была агароджа з жалезабетону, дастаткова абнесці па перыметры гарызантальнымі піламатэрыяламі. Там, дзе жыхары супраць, прапануем зрабіць нешта больш дасканалае, але з іх удзелам. Напрыклад, матэрыял наш, а афарбоўка і навядзенне парадку за імі. І яны пагаджаюцца.

Нятанна каштуе знос аварыйных дрэў, бо тут прыходзіцца карыстацца паслугамі альпіністаў. А такіх дрэў вельмі шмат, бо па-сур'ёзнаму імі пачалі займацца ў раёне толькі летась.

— Пятнаццаць прычэпаў дроў вывезлі трактарамі толькі з адных могілак, — дэманструе фота на мабільніку дэпутат. — Бачыце, як дрэвы згнілі знутры. За сакавік — красавік адпрацавалі ўжо 30 магільнікаў. Летась зрабілі столькі ж.

І для асацыялаў знайшлася работа

У Чэрыкаве ўлада, у тым ліку і дэпутаты, актыўна працуе з базай даных па дэкрэце № 3, скіраваным на садзейнічанне занятасці насельніцтва.

— Кожны дзень мы складаем вось такія зводкі, дзе па кожным населеным пункце распісваем, хто з мясцовых нам дапамагаў, — дэманструе справаздачы Анжэла Новікава. — Навядзенне парадку на зямлі — гэта менавіта тое, дзе можна чалавека заняць. У нас пры кожным сельскім камітэце створаны брыгады з ліку беспрацоўных для прыборкі тэрыторый.

Яна зноў дастае мабільны і паказвае, як шчыруюць, здавалася б, ужо ні на што не годныя работнікі.

— Вось бачыце, тры такія беспрацоўныя займаюцца добраўпарадкаваннем грамадзянскіх могілак, — каментуе яна фота. — Было б бесчалавечна зусім адмовіцца ад іх. Мы ж не ведаем, што прывяло іх да такога ладу жыцця. Замест таго каб папікаць, запрашаем прыбіраць несанкцыянаваныя звалкі, зараснікі, смецце вынесці або перасартаваць.

Квадракоптар у памочнікі

Выяўляць праблемныя ўчасткі на тэрыторыі раёна дапамагае чэрыкаўскім дэпутатам перадавая тэхніка. Разам са старшынёй глядзім у камп'ютары на вёскі з вышыні палёту квадракоптара.

— З яго дапамогай вызначаем, дзе калодзеж разбурыўся, дзе зараснік утварыўся, дзе несанкцыянаваны сметнік схаваўся, — тлумачыць яна. — Аб'ехаць адным махам усе населеныя пункты, якіх у нас шмат, складана. Так прасцей і менш затратна. Квадракоптар — маёмасць лясгаса, але яны нам дапамаглі. І мы цяпер ведаем, з чаго пачынаць. Вось глядзіце: вёска Селішча — карцінка цудоўная — контуры выраўненыя, звалак няма. Але, на жаль, так не ўсюды. У нас шмат такога відэаматэрыялу, мы вельмі плённа папрацавалі. Вось паглядзіце на Язёры. Вёска вялікая. Пасля абследавання ўбачылі, хто як зямельнымі ўчасткамі карыстаецца. Нехта даглядае, але нехта — то карыстаецца, то не. Калі яны ўбачылі, што прыехала тэхніка заараць, адразу ж пачалі пісаць заявы на сенакашэнне і на пашу. Па могілках, асабліва аддаленых, таксама пытанні вырашыліся. Галоўнае — унікнуць у праблему, тады і змагацца з ёй будзе нескладана.

Вёсак няма, а могілкі — жывуць

Разам з Вольгай УЛАСЕНКАЙ, старшынёй Вепрынскага сельскага Савета, едзем пераканацца, ці сапраўды могілкі ўжо гатовы да прыёму наведвальнікаў на Радаўніцу. Цікавая акалічнасць: сельсавет існуе, а населенага пункта з назвай Вепрын няма ўжо 20 гадоў. Забруджанасць яго тэрыторыі цэзіем-137 і сёння складае ад 15 да 40 кюры.

Вёсак у яе няшмат, усяго дзевяць, але ўсе яны раскіданы па тэрыторыі. Да крайняй ад сельсавета — 55 кіламетраў. Самыя вялікія населеныя пункты — аграгарадок Майскі, дзе знаходзіцца сельсавет, і Гронаў — там жыве каля 300 чалавек. І што цікава, аж сем гронаўскіх сем'яў — шматдзетныя! Вёска адносіцца да пасяленняў з перыядычным радыяцыйным кантролем — забруджанасць яе цэзіем-137 складае ад пяці да 15 кюры на квадратны кіламетр. Але тут вельмі прыгожа і ўтульна. Шмат дрэў, а агароды выходзяць проста да ракі Сож.

Гронаўскія могілкі хаваюцца ў лесе. Акуратны штыкетнік пафарбаваны ў прыемны воку зялёны колер. І веснічкі надзейныя — з ручкай і запорам. На ўваходзе сустракаем Тамару Сяргееўну. У яе тут пахаваная маці.

— На могілках у нас заўсёды парадак, як і павінна быць, — кажа пенсіянерка. — Пра гэта і людзі, і сельсавет клапоцяцца. Раней мы жылі ў іншым населеным пункце гэтага раёна, потым купілі тут дом і пераехалі. У нашых Грыўках сёння зусім мала людзей. Туды мы цяпер ездзім толькі на могілкі. Там такая ж чысціня. Наогул у раёне гэтыя месцы вельмі добра даглядаюцца.

Яшчэ некалькі кіламетраў на дэпутацкіх «Жыгулях» — і мы ў Вепрыне. Уздоўж дарогі растуць высачэзныя сосны і бярозы. І сярод іх сіратліва хаваюцца яблынькі і кусты бэзу.

— Толькі па іх сёння можна здагадацца, што тут раней стаялі дамы, — кажа Вольга Уласенка. — Вёска была вельмі вялікая, тут жыло каля тысячы чалавек. І могілкі таксама вялікія. Калі нехта з былых жыхароў памірае, яго вязуць сюды. Нават з Мінска.

Побач з могілкамі знак, які папярэджвае, што зона — небяспечная і тут не трэба доўга затрымлівацца. Але людзей, чыя родныя тут ляжаць, гэта не палохае. Калі заходзіш за агароджу, першае, што бачыш, гэта свежае пахаванне. З партрэта сумна глядзіць на нас зусім не стары мужчына.

— За мінулы год на могілках сельсавета, якія знаходзяцца ў зоне адчужэння, паявілася каля 30 новых пахаванняў, — кажа дэпутат. — Запомніўся адзін выпадак. Муж прывёз хаваць жонку і вельмі гараваў, што не зможа жыць без яе. На выгляд быў досыць моцны, не такі і стары. А ў хуткім часе прыехаў яго сын і паведаміў: бацька памёр...

Нэлі ЗІГУЛЯ

У тэму

Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК, старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў:

— Месцы пахавання ў нас на асаблівым кантролі, сельскія выканаўчыя камітэты пры неабходнасці прыцягваюць зацікаўленыя арганізацыі, каб аказалі садзейнічанне ў навядзенні парадку і падрыхтоўцы могілак да рэлігійных свят. Бо ў гэтыя дні тут будзе асабліва шматлюдна. Магчыма, дзесьці яшчэ ўзнікаюць пытанні з вывазам смецця, бо насельніцтва зараз таксама наводзіць парадак на месцах пахаванняў сваіх блізкіх і кантэйнеры запаўняюцца вельмі хутка. Але дадзены даручэнні, каб графікі вывазу адходаў з могілак былі перагледжаныя. Адначасова вядзецца работа па зносе аварыйных дрэў. Народныя абраннікі павінны адсочваць, як усе гэтыя дзеянні выконваюцца на месцах.

Загаловак у газеце: Там, дзе ніхто не жыве...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.