Вы тут

Ірына Відава: Музыка павінна быць сучаснай


Беларуская спявачка запісала дыск на фірме «Мелодыя рэкардз».

Разам з імем Ірыны часта гучыць слова «першая»: першая выступала ў першым начным клубе Мінска, адна з першых беларускіх артыстак, якія працавалі ў маскоўскіх установах...


Яшчэ тады яна зразумела, што поспех і папулярнасць артыста складаецца не толькі з колькасці канцэртаў, але і з ратацыі на радыёстанцыях. Спявачка адпачатку сваёй артыстычнай кар'еры ставіцца да справы прафесійна: ад падбору рэпертуару да выбудоўвання іміджу.

— Ірына, раскажыце, як беларускаму артысту атрымаць кантракт на фірме «Мелодыя рэкардз»?

— У мяне нядрэнны паслужны спіс. За апошні час «Белтэлерадыёкампанія» запісала два мае канцэрты — «Любоў сказала «Так» і юбілейны «Сакрэт шчасця». Пазней правы на іх трансляцыю набылі некаторыя расійскія тэлеканалы. Ва ўсякім разе, канцэрты там, як і ў Беларусі, трансляваліся не адзін раз. Думаю, гэта адыграла пэўную ролю. Чаму не заключыць кантракт з артысткай, у якой ужо ёсць рэпертуар, шоу, імідж, свая гісторыя? Да таго ж, гэта не першы мой кантракт па выпуску дыскаў.

— Некаторыя вашы калегі ў сваіх інтэрв'ю кажуць, што запісваць дыскі няма сэнсу, ніхто іх не купляе, а новыя песні альбо самі артысты выкладваюць у інтэрнэт, альбо гэта робяць прыхільнікі.

— Згодна: лічбавая дыстрыбуцыя выходзіць на першы план. Сама пераклала свае альбомы на лічбавыя пляцоўкі яшчэ ў 2012 годзе. Можа, і няма сэнсу запісваць нейкі самадзейны дыск. Але мы з Алегам Молчанам прафесіяналізм заўсёды ставім на першае месца ў нашай дзейнасці. І я лічу, што кожны дзеючы артыст павінен час ад часу выпускаць новы музычны альбом або праводзіць вялікі іміджавы канцэрт — гэта пацвярджэнне прафесійнай грунтоўнасці. Таму праца над гэтым дыскам для мяне важная, тым больш, што вакол каманда прафесіяналаў студыі Ray Records і кампаніі «Мелодыі рэкардз».

— Якія, на ваш погляд, крытэрыі запатрабаванасці дыскаў?

— Музыка павінна быць сучаснай, моднай. Гэта, вядома, адносіцца да поп-выканаўцаў, ну а класіка — яна вечная. Калекцыйныя выданні, запісаныя ў Маскве, напрыклад, творы ў выкананні Святаслава Рыхтэра або іншых знакамітых кампазітараў і выканаўцаў, прадаюцца ў Еўропе па 300-400 еўра. «Мелодыя» выдае і запісы сучасных музыкантаў, у прыватнасці, новыя альбомы Людмілы Берлінскай, Аляксандра Рама, Антона Батагова і нашай зямлячкі — опернай спявачкі Надзеі Кучар.

— Для запісу дыска вы запрасілі Уладзіміра Праснякова-старэйшага. Чаму менавіта яго?

— Уладзімір Пятровіч – асоба неардынарная і вядомая. Зносіны з ім заўсёды цікавыя, бо ён — скарбніца эстрадных гісторый. Калі ў песні «На адной хвалі» паўстала пытанне аб выкананні партыі сапрана-саксафона, мы, не задумваючыся, папрасілі Уладзіміра Пятровіча паўдзельнічаць у запісе, на што ён адгукнуўся з задавальненнем. Выдатны чалавек, выдатны музыкант і прыемны ў зносінах чалавек!

— Ірына, што вам спадабалася ў супрацоўніцтве з расійскай кампаніяй, а што нязвыкла?

— Перш за ўсё, мне спадабалася стаўленне да аўтарскага права. Нам прыйшлося падрыхтаваць вялікую колькасць дакументаў, пры тым, што словы практычна ўсіх песень напісаны мною, а музыка і аранжыроўкі — Алегам Молчанам. У нас больш гавораць пра творчасць, там сур'ёзна на ўсіх узроўнях ставяцца да аўтарскага права і матэрыяльнага боку справы. У музыцы ёсць імёны, перад якімі мы схіляемся –– гэта наша гісторыя, нашы куміры, у Расіі ўсё вырашае рынак: гэта купяць ці не.

— Калі ўжо загаварылі пра куміраў... Музыкі першага складу «Песняроў» распавядалі, што за дыскі з мільённым тыражом ім калісьці заплацілі 110-120 савецкіх рублёў. Можна нясціплае пытанне: а вы задаволеныя ганарарам за запіс дыска?

— Цалкам.

********

Тэзіс «музычны альбом — гэта пацвярджэнне прафесійнай грунтоўнасці артыста» Ірына пацвярджае справай: вясной яна выпусціла серыю сувенірных флэшак з відэазапісам свайго юбілейнага канцэрту «Сакрэт шчасця».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Ірыны Відавай

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».