Вы тут

У прадзюсарскім цэнтры «СПАМАШ» прайшоў кастынг маладых артыстаў


24 красавіка на мінскай Асмалоўцы ў розных танальнасцях гучалі маладыя галасы — больш як 40 чалавек спрабавалі свае сілы ў фінальным этапе кастынгу новых артыстаў і калектываў у прадзюсарскі цэнтр «СПАМАШ». І гэта толькі вяршыня айсбергу, паколькі агулам арганізатары адбору атрымалі больш як 230 заявак з усіх рэгіёнаў Беларусі!


Творчая каманда, якую сабраў вядомы бізнесмен Аляксандр Шакуцін, за 15 год дзейнасці прадзюсарскага цэнтра вывела на вялікую сцэну многіх артыстаў. Сярод выпускнікоў студыі ў розныя гады былі Іван Буслай, Аляксей Грос, Герман, Дарыя, і, канешне, заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская, якая і сёння ўвасабляе гісторыю поспеху па формуле «талент плюс падтрымка». Хто ж не марыць аб магчымасці супрацоўнічаць з вопытнымі рэжысёрамі, кампазітарамі, педагогамі па вакалу, каб у выніку паўтарыць гэты ўзлёт, а мо, падняцца яшчэ вышэй на розных прэстыжных конкурсах — «Славянскі базар у Віцебску», «Залаты шлягер», нацыянальны фестываль песні і паэзіі «Маладзечна», «Новая хваля», нарэшце, «Еўрабачанне»? 

Таму не дзіўна, што сярод прэтэндэнтаў на кантракт са «СПАМАШам» ёсць як пачаткоўцы і аматары, так і шэраг ужо даволі вядомых артыстаў: леташні прадстаўнік Беларусі на «Славянскім базары» Яўген Курчыч і сёлетні канкурсант віцебскага мастацкага форуму Іван Зданюк, удзельнік украінскага шоу «Х-Фактар» Яўген Вярэніч, вакалісты гуртоў «Чысты голас» і «Камерата» і гэтак далей.

«Чаму я тут? Бо нельга стаяць на месцы, трэба рухацца і развівацца. А ў нас усё ж рынак даволі вузкі, і каб развівацца, артысту неабходна пэўная падтрымка, — разважае загартаваны баец шоу-бізнесу Яўген Курчыч. — Я цудоўна разумею, куды і навошта іду, добра ведаю ўсю каманду, якая працуе ў „СПАМАШ“, і ўяўляю, якім можа быць вынік супрацоўніцтва — за гэта варта паспаборнічаць».

А вось 19-гадовы Ваня Зданюк падаваў заяўку на кастынг, яшчэ не ведаючы, што менавіта «СПАМАШ» будзе займацца яго падрыхтоўкай да «Славянскага базару ў Віцебску». Але, прызнаецца, гэтым абставінам толькі рады, а ў адборы ўдзельнічае таму, што «патрэбна такая крутая каманда, якая ведае, як беларускаму артысту ісці па творчым шляху, каб дасягнуць поспеху».

— Мы шукаем зорку, — тлумачыць перад стартам адбору прэтэндэнтам дырэктар прадзюсарскага цэнтра Анжэліна Мікульская. — Пры гэтым у нас няма ніякіх нормаў і жанраў — мы шукаем людзей, якія могуць скласці добрую, вялікую біяграфію беларускага музычнага мастацтва ў розных накірунках, гэта можа быць і класіка, і поп, і рэп. Галоўнае, каб чалавек быў народжаны артыстам і меў харызму.

Зрэшты, на фінальным праслухоўванні ўсе адно ўсе хвалююцца: і мінчане, і іншагароднія, і самавучкі, і педагогі па вакалу, якіх групкамі па 5 чалавек запускаюць у залу.Таму патрэбную харызму і артыстызм выканаўцы праяўляюць па-рознаму: адны эмацыйным надрывам, другія — палкімі танцамі. Удзельнікі вакальнага гурта Hologram — трое хлопцаў і дзве дзяўчыны, усе прафесійныя вакалісты, якія сумяшчаюць асноўную працу са спевамі ў калектыве, — з мінімальным выкарыстаннем тэхнікі выконваюць папуры з айчынных і замежных хітоў. Рэпертуар іншых удзельнікаў адбору таксама ўражвае разнастайнасцю: хтосьці робіць стаўку на сучасныя маладзёжныя рытмы, хтосьці — на савецкую класіку (са здзіўленнем чуем «Луч солнца золотого...» і «Хуторянку»), адносна нямногія бяруць беларускамоўныя матывы. Так, Анастасія Дубоўская з вёскі Чэрнікаўшчына, што на Міншчыне, крыху нерашуча пачынае спяваць «Куточак Беларусі», але выканальніца патрыятычнага хіта Алена Ланская з адабрэннем ківае, а потым запэўнівае, што не мае нічога супраць. «Гэта чуткі, што артысты заўжды раўніва ставяцца да іншых выканаўцаў, калі тыя выконваюць іх песні, — тлумачыць Алена падчас перапынку ў рабоце журы. — Наадварот, паўсюль у сацыяльных сетках я кажу: калі ласка, спявайце, калі ў мяне просяць фанаграму і яна ёсць у свабодным доступе — заўжды дашлю. І для мяне гэта асаблівае задавальненне, калі заходзіш у інтэрнет і бачыш тысячу і адзін варыянт выканання «Белай ластаўкі», «Васільковага неба» або «Куточка Беларусі»...

— Я Таня, калі хто не ведае, — адрэкамендоўваецца наступная прэтэндэнтка Таццяна Мэр, — даўно займаюся вакалам: з дзяцінства «народніца», потым Вова ўзяў мяне ў гурт, цяпер спяваю сольна.

Для тых, хто нічога не зразумеў, тлумачым: Вова — гэта прадзюсар Уладзімір Кубышкін, які некалі сабраў дзявочы гурт «Ямайка». Праўда, яго экс-удзельніца чымсьці асаблівым не вылучаецца, хіба што часам трапляе міма нот. «У мяне мноства эфіраў, выступленняў, а вось кастынг першы ў жыцці, таму ўжо тыдзень хвалююся, перажываю, — тлумачыць дрыжачы голас і нечаканых «пеўняў» дзяўчына.

«Страшна тут у вас», — без хітрыкаў прызнаецца экспертнай камісіі і 34-гадовая Аксана Казлова, якая расказала, што ўжо даўно ходзіць па кастынгах розных праектаў — «Голас», «Х-Фактар», — і хоць пакуль што не дасягае патрэбнай планкі, але запрашаюць удзельнічаць далей, і яна не здаецца: «Я не працую, але захапляюся спевамі, бо з музыкай у нас любоў».

Мінчанін Міхаіл Філімонаў таксама не прафесійны вакаліст, а наогул фітнес-трэнер, але спевамі захапляецца даўно і самаўдасканальваецца ў гэтым рэчышчы: «Гады тры проста крычаў, потым пачаў спяваць. Час ад часу займаўся ў педагогаў, але больш самастойна — па відэаўроках у інтэрнэце, перапяваючы іншых артыстаў... Найбольш мне падабаецца класіка».

Мінск, Жодзіна, Кобрын, Гомель... Сярод дасланых заявак было нават некалькі выканаўцаў з Расіі. Але каму з іх у выніку пашанцуе аказацца новым «голасам» «СПАМАШ» і будзе гэта адзін артыст або некалькі, пакуль што дакладна сказаць нельга. «У нас няма абмежаванняў: у выніку кастынгу можам знайсці аднаго новага артыста, дваіх, семярых — а можа, наогул ніводнага, такое таксама здараецца. але галоўнае, што мы даём магчымасць усім маладым артыстам ад 16 да 35 гадоў паказаць сябе, бо шукаем не канкрэтны жанр, не канкрэтны вобраз, а той геній, які жыве ў кожным творчым чалавеку, — падкрэслівае дырэктар прадзюсарскага цэнтра Анжэліна Мікульская. — Асабіста мне вельмі падабаецца, што ўдзельнікі вельмі адкрытыя, свабодныя, умеюць у добрым сэнсе „прадаць сябе“, яны не саромеюцца на сцэне. Наша задача — знайсці геніяльных дзяцей і дапамагчы ім, як бы пафасна гэта не гучала, падтрымаць культуру Беларусі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.