Вы тут

Лукашэнка: Кітай можа разлічваць на падтрымку Беларусі ў любой сферы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Кітайскую Народную Рэспубліку. Самалёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце Пекіна, паведамляе сайт Прэзідэнта.


Кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у ІІ Форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях» у Пекіне, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. На палях мерапрыемства кіраўнік дзяржавы правядзе шэраг двухбаковых сустрэч.

Плануецца, што Прэзідэнт прадставіць прапановы Беларусі па развіцці гэтай глабальнай ініцыятывы, а таксама па паглыбленні супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы з акцэнтам на стварэнні раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю.

Яшчэ запланавана сустрэча беларускага лідара са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Тэмы для абмеркавання — рэалізацыя найбольш значных сумесных праектаў, развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, перспектывы паглыблення беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў розных сферах. Магчымыя перагаворы і з лідарамі іншых дзяржаў.

Відэа, фота: БЕЛТА


Лукашэнка: Кітай заўсёды можа разлічваць на падтрымку Беларусі ў любой сферы

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, піша БЕЛТА.

"Сёння ў кантэксце абвастрэння гандлёвых супярэчнасцей і нежадання некаторых краін бачыць Кітай моцным асабліва бачна, хто з'яўляецца сапраўдным сябрам, як прынята гаварыць у Кітаі, усепагодным. У Беларусі ніколі не было і не будзе сумненняў у правільнасці выбраных вамі ініцыятыў. Кітай заўсёды можа разлічваць на нашу падтрымку ў любой сферы, як і мы заўсёды ўпэўнены ў падтрымцы з вашага боку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рады сустрэчы з Сі Цзіньпінам і пажадаў паспяховага правядзення Другога форуму "Пояс і шлях". "Дзякуючы вам гэты фармат стаў карыснай і вельмі неабходнай пляцоўкай для рэгулярных сустрэч аднадумцаў", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама асабіста павіншаваў Старшыню КНР і ўвесь кітайскі народ з юбілейнымі датамі: 40-годдзем палітыкі рэформ і адкрытасці, якое адзначалася ў мінулым годзе, і маючым адбыцца ў гэтым годзе 70-годдзем стварэння Новага Кітая. "У гэтых палітычных і эканамічных поспехах відавочна ваша роля як гаранта стабільнага курсу партыі і развіцця КНР у сучасным і непрадказальным свеце, які мяняецца літаральна на працягу сутак", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даў вельмі высокую ацэнку вынікам сумеснай работы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. У 2018 годзе абарот тавараў і паслуг паміж Беларуссю і Кітаем дасягнуў амаль $4,5 млрд. Дзякуючы допуску на кітайскі рынак, Шанхайскаму імпартнаму ЭКСПА, загрузцы чыгуначных маршрутаў экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў Кітай за год вырас у 4,5 раза, у тым ліку малочнай прадукцыі - у 9 разоў.

У сваю чаргу Сі Цзіньпін падкрэсліў, што за мінулыя 6 гадоў з моманту абавяшчэння ініцыятывы "Пояс і шлях" супрацоўніцтва па яе сумеснай рэалізацыі ўвянчалася поспехамі. "Індустрыяльны парк "Вялікі камень" стаў адным з узорных праектаў нашага супрацоўніцтва", - сказаў Старшыня КНР.

Ён адзначыў, што гатовы разам з беларускім бокам скарыстацца магчымасцямі супрацоўніцтва ў рамках "Пояса і шляху" для пашырэння і паглыблення двухбаковых адносін на карысць народаў Беларусі і Кітая.

Сі Цзіньпін таксама адзначыў вялікія поспехі Беларусі ў справе дзяржаўнага будаўніцтва і эканамічнага развіцця.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў пасля завяршэння сустрэчы былі падпісаны дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Падпісана міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў. Бакі таксама паставілі подпісы пад канцэпцыяй правядзення Форуму па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях".

Пасля цырымоніі падпісання двухбаковых дакументаў Сі Цзіньпін прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок плануе падарыць Беларусі. Як паведамлялася БЕЛТА, бязвыплатнае выдзяленне кітайскім бокам сродкаў на будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту было прадугледжана пагадненнем аб тэхніка-эканамічнай дапамозе.

Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяняліся падарункамі.

Пасля сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Пекіне адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам Старшыні КНР Ван Цішанем, які асабліва падкрэсліў, што паміж лідарамі Беларусі і Кітая і краінамі ў цэлым устанавілася жалезнае братэрства, якое ніколі не ржавее. Ён таксама выказаў цёплыя словы ў адрас кіраўніка беларускай дзяржавы і ўспомніў іх сустрэчу ў час яго візіту ў Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў Ван Цішаню за добрыя словы. "Я ўспамінаю нашу сустрэчу ў Беларусі і вельмі рады, што дзякуючы нашаму агульнаму сябру Сі Цзіньпіну нам удалося пазнаёміцца", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што яго сустрэча ў Пекіне з Сі Цзіньпінам у большай ступені мела пратакольны характар з-за вялікай колькасці сустрэч Старшыні КНР з замежнымі лідарамі, якія прыбылі ў сталіцу Кітая для ўдзелу ў Другім форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях". Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бакам удалося не проста абазначыць галоўныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, але і падпісаць важныя міждзяржаўныя дакументы. "Усяго за час майго візіту, няхай нават на агульную канферэнцыю "Пояс і шлях", мы падпішам звыш 20 сумесных дагавораў і пагадненняў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Вядома, мы не маглі многія пытанні абмеркаваць у час гэтай сустрэчы, але я яму [Сі Цзіньпіну] сказаў на заканчэнне, што сустракаюся з лепшым маім і яго сябрам [размова пра Ван Цішаня], і я яму ўсё раскажу аб беларуска-кітайскіх адносінах і не толькі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У рамках візіту Прэзідэнта быў заключаны шэраг пагадненняў і дамоўленасцей у розных сферах. У іх ліку міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, а таксама пагадненне паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР аб узаемным прызнанні праграмы ўпаўнаважаных эканамічных аператараў Беларусі і праграмы Кітайскай Народнай Рэспублікі па кіраванні добрасумленнымі прадпрыемствамі.

Мемарандумы аб узаемаразуменні падпісалі Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі і Дзяржаўная адміністрацыя па рэгуляванні рынку КНР у галіне стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, метралогіі і акрэдытацыі; а таксама Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Дзяржаўнае ўпраўленне па справах аховы здароўя КНР. Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР аб умацаванні партнёрства для паскоранага правядзення мытных аперацый адносна тавараў у рамках транс'еўразійскіх чыгуначных кантэйнерных перавозак.

Паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР падпісаны пратакол аб ветэрынарных і санітарных патрабаваннях па пастаўках у Кітай кармавых малочных прадуктаў.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».