Вы тут

Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на Еўрагульнях пройдуць у новым фармаце


Вызначаны канчатковы склад камандаў, якія будуць змагацца за ўзнагароды спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.


Нагадаем, турнір пройдзе ў новым фармаце — «Дынамічная новая лёгкая атлетыка» (DNА). Свой удзел пацвердзілі каманды 24 краін, сярод якіх Беларусь, Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Данія, Іспанія, Эстонія, Францыя, Германія, Грэцыя, Венгрыя, Ірландыя, Італія, Латвія, Літва, Польшча, Партугалія, Румынія, Расія (спартсмены, якія атрымалі дазвол ад Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый), Славенія, Швейцарыя, Славакія, Турцыя, Украіна. Стала вядома і агульная колькасць спартсменаў — удзельнікаў спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы — 504.

Таксама Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя зацвердзіла змяненні ў праграму спаборніцтваў ІІ Еўрапейскіх гульняў. Пасля таго як Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў падтрымала ініцыятыву замяніць у ёй трэкатлон, прынята рашэнне сфарміраваць дзевяць відаў (індывідуальных і эстафет), у якіх будуць разыгрывацца медалі. Акрамя таго, яшчэ адзін камплект узнагарод будзе ўручаны найлепшым зборным у камандным заліку. Такім чынам, у лёгкай атлетыцы наймацнейшыя вызначацца ў 10 відах праграмы.

Нагадаем, фармат спаборніцтваў DNА прадугледжвае правядзенне матчаў паміж змешанымі камандамі-ўдзельніцамі, дзе ўсе зборныя будуць размеркаваны па групах, пачынаючы з кваліфікацыйнага раўнда (23 чэрвеня). У кожным матчы прадугледжаны спаборніцтвы ў наступных дзевяці відах: бег 100 м (жанчыны), бег 100 м (мужчыны), бег 100 м з бар'ерамі (жанчыны), бег 110 м з бар'ерамі (мужчыны), кіданне кап'я (жанчыны), скачкі ў даўжыню (жанчыны), скачкі ў вышыню (мужчыны), эстафетны бег 4х400 м (2 жанчыны, 2 мужчыны), змешаны эстафетны бег у выглядзе гонкі праследавання (2 жанчыны, 2 мужчыны).

Пераможцы і прызёры індывідуальных відаў і эстафет будуць вызначаны на падставе вынікаў першага спаборніцкага дня (23 чэрвеня), калі адбудуцца матчы кваліфікацыйнага раўнда. Узнагароджанне найлепшых у дзевяці відах намечана на 24 чэрвеня.

Чвэрцьфінальныя матчы адбудуцца 25 чэрвеня, паўфінальныя — 26 чэрвеня. Фінал, па выніках якога будзе ўручаны апошні, дзясяты, камплект узнагарод, — 28 чэрвеня.

Прынцып камандных спаборніцтваў і налічэння ачкоў застаўся ранейшы. Тыя спартсмены, якія акажуцца мацнейшымі ў кожным відзе праграмы, будуць зарабляць па 12 ачкоў (у залік сваёй зборнай). Другія месцы прынясуць па 10 ачкоў (і гэтак далей кожнае наступнае месца з памяншэннем на два ачкі). Найлепшая каманда вызначыцца па колькасці набраных балаў.

Такім чынам, пасля зацвярджэння праграмы лёгкаатлетычных спаборніцтваў агульная колькасць камплектаў узнагарод, якія будуць разыграны падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў, павялічылася да 200, а ўдзел у форуме прымуць каля чатырох тысяч атлетаў.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Каралева спорту ў новым фармаце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.