Вы тут

Падзеі, або ў пошуках тэмы


Мінулы тыдзень выдаўся такі багаты на падзеі, што кожная з іх вартая не толькі калонкі, але і артыкулаў з працягам, грунтоўных асэнсаванняў, разважлівых каментарыяў. Пра кожную хацелася напісаць асобна. Ды кожная наступная крыху засланяла папярэднюю... Напачатку мінулага тыдня свой юбілей адзначыла Ала Пугачова. Правільней сказаць, 70-годдзе прымадонны савецкай эстрады адзначала ўся былая вялікая краіна.


Не, яна малайчына. Расійская пластычная хірургія таксама аказалася на вышыні. Ды і шматлікія масажысты-візажысты не дарма хлеб ядуць. Заадно ўсім нам, кабетам за... — урок. Тут жа «фішка» не толькі ў тым, як нацягнуць скуру і падабраць гардэроб, каб 70-гадовая жанчына выглядала на сорак пяць. Тут самае важнае яе ўласнае ўспрыманне і адчуванне: маладая маці, трэба адпавядаць. Ды што там казаць, яе жыццё — гэта яе выбар. Яна ж нічога не ўкрала, нікога не пакрыўдзіла. Мне падаецца, што гэтай сваёй новай сям'ёй Ала нібы ўвасобіла мару многіх і многіх людзей пражыць жыццё двойчы. Раней гэта было характэрна выключна для мужчын. Ну, напрыклад, пражыў у шчаслівым шлюбе са сваёй аднакурсніцай плюс мінус дваццаць гадоў, дзеці падраслі. Потым закахаўся, ажаніўся з маладой: новыя перажыванні, новыя эмоцыі, новыя дзеці. Нібы жыццё наноў. Розныя бываюць фіналы ў згаданай гісторыі, але будзем гаварыць пра лепшае. Так і Ала Барысаўна, думаю, яшчэ парадуецца жыццю, падгадуе дзяцей. А тое, што пра яе так шмат гавораць і праўды, і плётак, гэта таксама яе выбар. Нездарма ж усе каналы дні тры да падзеі трубілі толькі пра юбілей.

Можа і далей гаварылі б, але навіна з Парыжа вечарам панядзелка засланіла ўсе іншыя. Гарэў Нотр-Дам. Цяпер ужо магу сказаць, што пашчасціла там быць у 2011 годзе. І гэты сабор Парыжскай Божай Маці выглядаў нечым накшталт вечнасці, непахіснасці. Дастаткова сказаць, што на ўваходзе ніхто не правяраў змесціва сумак, як, напрыклад, пры наведванні Луўра. Гэта ж храм, туды людзі ідуць маліцца, а не толькі глядзець, як мы, турысты. Тады, дарэчы, была нядзеля, у Нотр-Даме ішла служба. Але тая жменька вернікаў на чале са святаром выглядала нібы яшчэ адна група турыстаў на фоне прасторы храма. З уражанняў засталося ў памяці, што сабор вельмі вялікі, яго не абыдзеш і за 10 хвілін па перыметры, калі не ісці подбегам. Яшчэ помню яго выратавальную прахалоду, бо на вуліцы стаяла спёка за трыццаць. Пад тымі змрочнымі і велічнымі скляпеннямі нібы запавольваўся час, агортваў спакой. Спадабалася, што не трэба было стаяць у чарзе, каб купіць свечку. Яны ляжалі на спецыяльным прыстасаванні ледзь не на кожным кроку. Побач былі скрынкі, куды можна кінуць адзін альбо два еўра. А можаш запаліць свечку і так, ніхто цябе не кантралюе: ты ж у боскім храме, а не ў гандлёвым цэнтры.

Мы былі змучаныя пасля дарогі, а Нотр-Дам стаў першым аб'ектам наведвання. І гэта, вядома, не лепшы спосаб знаёмства са славутасцямі такога маштабу. Тады здавалася, вось некалі прыеду сюды зноў, каб няспешна пахадзіць, прыгледзецца да ўнікальнага помніка работы сярэднявечных майстроў... Лепш было б прыязджаць не летам, калі на востраў Сітэ морам цячэ паток людзей. А цяпер думаю, добра, што тады пабывала. І ведаеце, што мяне найбольш уразіла цяпер, калі той пажар трансліравалі ва ўсім свеце? Парыжане. Яны плакалі разам, спявалі малітвы разам. Разам прасілі неба за свой Нотр-Дам. Яны любяць свой Парыж. Таму верыцца, што адновяць сваю і сусветную славутасць. І з'явяцца ў саборы Парыжскай Божай Маці сістэма пажарнай бяспекі больш надзейная і сучасная, чым тая, што дазволіла выпадковаму пажару за кароткі час ледзь не ўшчэнт спаліць набытак чалавецтва. А можа, вінаваты славуты чалавечы фактар, бо нейкі рамонтнік праігнараваў правілы бяспекі. І вось вам задача: што можа адзін нехлямяжы рабацяга супраць васьмісотпяцідзесяцігадовай мураванай глыбы?

Часам чалавек можа многае. Дэманстрацыяй такой магчымасці стала яшчэ адна грандыёзная падзея мінулага тыдня, якая пераклікаецца з названай мною першай. Перамога Зяленскага. Скажаце — не пераклікаецца? Як паглядзець. Народ любіць сваіх куміраў: эстрадных, кіношных, спартыўных. Лічу, што ў першым туры суседзі выбралі кінагероя — настаўніка Галабародзьку, а ў другім ужо галасавалі за кандыдата Зяленскага. Мала памятаю, бо была ў першым ці другім класе, найбольш з расказаў ведаю, як увесь Савецкі Саюз сачыў за прыгодамі разведчыка Шцірліца падчас прэм'еры, жыццё замірала на час чарговай серыі. Ну, а каб тады былі магчымыя выбары, і акцёр Ціханаў вылучыў сваю кандыдатуру, спрагназаваць працэнтаў 90 няцяжка. Так і тут, людзі паверылі ў створаны артыстам вобраз, сваімі галасамі падпісаліся пад вечнай марай аб сумленні, справядлівасці. І цяпер Уладзіміру Аляксандравічу трэба апраўдваць спадзяванні. Цяжкі крыж ён на сябе ўзваліў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.