Вы тут

Гульні з драконамі


Пасля таго як было абвешчана аб выхадзе заключнага сезона культавай сагі «Гульня тронаў», выпадкова прачытаў цікавую, на мой погляд, думку. Выпадкова, бо не глядзеў, прабачце, ніводнай серыі фільма і ў сюжэце не арыентуюся. Ведаеце, ёсць чым заняцца і без кінасагі. («Трэба зняць серыял па фільме «Казка аб страчаным часе» і зрабіць там дзесяць сезонаў па 150 серый кожны».) Хоць на вочы неяк усё ж траплялі пэўныя моманты — чамусьці выключна з драконамі. І прачытаная думка датычылася менавіта іх: «Пасля «Гульні тронаў» стала відавочна, што драконы — аснова поспеху любога серыяла...» Мабыць, былі сапраўды відовішчныя спецэфекты... Мне ж чамусьці пасля прачытанага прыгадаліся словы капітана Жаглова з «Месца сустрэчы змяніць нельга»: «Калі і ёсць на зямлі д'ябал, дык ён не казланогі рагач, а трохгаловы дракон, і галовы яго — баязлівасць, сквапнасць, здрада. Калі адна надкусіць чалавека, дык ужо астатнія даядуць дачыста». Так што вышэйсказанае пра драконаў можна разумець па-рознаму. Тым больш што цяпер яны могуць прымаць самыя неверагодныя абліччы...


Вы чулі гісторыю пра пяць маці з Вялікабрытаніі, якія былі настолькі шакіраваны сучаснай парнаграфіяй, што вырашылі самі зняць для падрастаючага пакалення... «кіно для дарослых»? Пасыл быццам бы самы што ні ёсць высакародны: Англія — найбуйнейшы пасля ЗША спажывец такога кантэнту. Большасць дзяцей знаёміцца з ім у раннім і падлеткавым узросце: 65 працэнтаў — у 15—16 гадоў, 28 працэнтаў — у 11—12 гадоў. («Маленькі хлопчык, паглядзеўшы знойдзеную касету з надпісам «Клубнічка», зразумеў, з якой цяжкасцю бабулі дастаецца варэнне».) Брытанскі ўрад, канешне, спрабуе пашырыць праграму палавога выхавання, але...

Але, відаць, без жанру ў стылі шоу тут нельга было абысціся. Пры падтрымцы грамадскага канала Channel-4 жанчыны запусцілі эксперыментальны тэлепраект Mums Make Porn. Каб скарыць сэрцы найбольшай колькасці гледачоў быў створаны стандартны гёрл-бэнд: удзельніцы максімальна адрозніваліся адна ад адной, ролі сярод іх былі размеркаваны. («Я не глядзеў рускае порна з медсёстрамі, але мне падаецца, што там падчас працэсу ў кабінет перыядычна заглядвае бабуля з чаргі».)

Не, не падумайце, яны не збіраліся выступаць у ролі «галоўных актрыс», проста сціпла пагадзіліся быць порнапрадзюсарамі і порнарэжысёрамі. Напачатку ў тэорыі і на практыцы азнаёміліся з «базай», а потым прыступілі і да эксперыментаў. («Нямецкія вучоныя стварылі антывіягру для спакойнага і ўдумлівага прагляду «фільмаў для дарослых».) І панеслася... («— Хопіць, хопіць! — крычала бландзінка ў маршрутцы, забыўшыся слова «спыніцеся».)

Вынікі іх працы атрымалі неадназначныя ацэнкі... Мяне ж найбольш уразілі словы саміх жанчын. «Мы даказалі, што мамы могуць здымаць порна». І, як пішуць, дамы пад пафасную музыку згубіліся на вуліцах Лондана. («— Дзяўчына, давайце сёння вечарам з вамі сустрэнемся. — Я замужам, які вечар? Давайце днём».) Маўляў, з вамі былі звычайныя людзі, зроблена будзённая справа? Ці не гульня гэта з тымі самымі драконамі?

Мода на секс з вельмі рэалістычнымі сіліконавымі лялькамі захапіла Германію. («У цяперашні час фраза «Ды я ўжо не дзяўчына» можа мець зусім іншы сэнс».) Некаторыя з іх могуць праяўляць эмоцыі. Эксперты патрабуюць «чалавечых правоў» для «разумных» секс-лялек. Выкладчыца юрыспрудэнцыі ў Вестмінстэрскім універсітэце Вікторыя Брукс пераконвае, што і робаты павінны даваць сваю згоду на «каханне», каб пазбегнуць сексуальнага гвалту над сабой. Феміністкі, у сваю чаргу, б'юць трывогу з-за таго, што «стасункі» з лялькамі спараджаюць у мужчынах звычку абыходзіцца з жанчынамі, як з рэчамі, і садзейнічаюць з'яўленню ў апошніх фантазій аб згвалтаванні. («— А ты праўда прыйшла да мяне з казкі? — Так. — А з якой? — З добрай. — Выгналі?») Ніхто і тут не бачыць драконаў?

У Японіі з-за распаўсюджвання секс-робатаў наспявае дэмаграфічны крызіс. Летась паказчык нараджальнасці ў краіне быў самы нізкі з пачатку рэгістрацыі такіх даных у 1899 годзе. Прычына ў сацыяфобіі: калі раней сексуальнае напружанне прымушала маладых людзей наладжваць сацыяльныя сувязі, дык цяпер патрэба ў жывым партнёры адпала. («Тэрмінова патрэбны мужык для сексуальнага сяброўства. Ці сексуальны мужык для сяброўства. Ці сяброўскі мужык для сексу. Нешта я заблыталася...») Дарэчы, драконы заўсёды прысутнічалі ў традыцыях японцаў...

...Апошнім часам у свеце паўсталі праблемы, пра якія яшчэ нядаўна і думаць не думалі. Вырашаць іх трэба, вядома, у тым ліку і сучаснымі спосабамі. Галоўнае, на мой погляд, у гэтай апантанасці не забываць пра вядомую філасофскую кінапрыпавесць Марка Захарава — каб не разбудзіць драконаў у сабе. Няхай яны застаюцца выключна фантастычнымі істотамі на тэлеэкране...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.