Вы тут

Знакі бясконцасці


Паситесь, мирные народы!

Вас не разбудит чести клич.

К чему стадам дары свободы?

Их должность резать или стричь.

Гэтыя пушкінскія радкі з’яўляюцца лейтматывам новай кнігі вядомага паэта, барда і празаіка Анатоля Кудласевіча «ТрыТворы», куды ўвайшлі раман «Тараканы», аповесць «Жэзл Жалезны» і гістарычная паэма на сучасную тэму «Юл-ла». Герой, які цытуе класіка на старонках кнігі, працягвае сваю думку наступным чынам: ён кажа, што Пушкін, калі ўчытвацца ў яго творы, быў супраць усякіх там «дэманакратый», бо ўсе дэмакратыі трымаюцца на тараканавых лапках жывёльных інстынктаў: жэрці, спаць, пладзіцца. Дэманакратыя, сцвярджае ён далей, — улада натоўпу, якая на справе ёсць рабствам дэману. Але ўсё па парадку.


Невыпадкова кнігу склалі менавіта гэтыя творы, на першы погляд, розныя, аднак павязаныя агульнымі ідэямі і думкамі, да таго ж містычнымі разлікамі, у якіх лічбы «26» і «8» знакавыя, прынамсі, для аўтара. Напрыклад, лічбу «26» ён называе сімвалічнай для Беларусі, бо менавіта ёю Гасподзь памеціў кожнага беларуса на ўсё жыццё выбухам на Чарнобыльскай АЭС, а раман «Тараканы» пісаўся 26 гадоў і складаецца з 26 раздзелаў. Больш за тое, Кастрычніцкая рэвалюцыя адбылася 26 кастрычніка, хоць яе чамусьці адзначалі ў лістападзе… «8» жа — гэта сімвал жанчыны, а гарызантальна — знак бясконцасці, 2 + 6 таксама = 8, і гэта вечная Галгофа. Заканамернасць гэтых лічбаў — вынік гвалтоўнага забойства Хрыста і ўсіх войн, што вяліся на тэрыторыі Беларусі, бо ні для кога не сакрэт, што «На Беларусі Бог жыве», таму і выпрабоўвае іх... Асабліва скрупулёзна падыходзіць А. Кудласевіч да разлікаў у аповесці «Жэзл Жалезны», падрабязна спыняючыся на прычынах трагедыі на Нямізе і гістарычных падставах да яе. У якасці падручніка па вылічэнні выкарыстоўвае «Слова пра паход Ігаравы», у якім, уласна, і апісваюцца падзеі 1067 года, што прывялі да бітвы на Нямізе. Містычныя супадзенні і іх вылічванне як доказ існавання нечага вышэйшага, тым не менш, не самае галоўнае ў кнізе, хоць яны праходзяць праз усе творы чырвонай ніткай. Аўтара непакоіць усё ж месца чалавека ў грамадстве, вышэйшая мэта якога — быць чалавекам. Але ці гатовае грамадства прызнаць асобна ўзятага чалавека за нешта больш значнае, чым проста чалавек? У аповесці «Жэзл Жалезны», напрыклад, галоўны герой Сідараў Іван Пятровіч — звычайны токар на заводзе — раптам узяў ды паляцеў, не маючы крылаў і ніякіх падстаў да палётаў. Аднак ён хадзіў па паветры, быццам Хрыстос па вадзе, што засведчылі тэлеі фотааператары. Учынак яго, уменне лятаць тут жа абвяргаецца самымі рознымі масцітымі вучонымі ды акадэмікамі, бо чалавек апрыёры лятаць не можа, а калі вы бачыце такога летуна, то гэта галюцынацыя і нічога больш. Да таго ж не па статусе лятаць нейкаму токару. Вось калі б паляцеў нехта значны — гэта была б падзея!.. Такім чынам аўтар даводзіць той факт, што чалавек, які не мае асаблівага статусу, не мае права і на выключнасць, што ён павінен заставацца на сваім нецікавым і незайздросным месцы і не вытыркацца, а дзякаваць у бясконцых паклонах, што яго не заўважаюць і ўвогуле дазваляюць існаваць, каб ён працаваў за мізэрны заробак і маліўся на працадаўцаў, бо тыя ў адну секунду могуць пазбавіць яго працы. Чалавечае жыццё ў сённяшнім грамадстве нічога не каштуе, зрэшты, яно ніколі нічога не каштавала, нягледзячы на крывадушныя заявы пра яго бясцэннасць так званымі гуманістамі, якія першымі ж здраджвалі ўласным словам. Тэма гэтая невычарпальная, таму асвятляць яе будуць і пасля нас, але нічога гэта не дасць, бо словы ўсяго толькі словы, тым больш кніжныя, чыя значнасць, як і значнасць чалавека, не вартая ўвагі, што пацвярджае і раман А. Кудласевіча «Тараканы». «Яны, тараканы, антаганісты чалавеку, але без людзей жыць не могуць, бо, па сутнасці, — паразіты, не могуць існаваць без тых, на кім паразітуюць». Недвухсэнсоўная алітэрацыя ёсць падмуркам твора, але фасад яго больш цікавы. Раман аўтабіяграфічны, а значыць, аўтар у нечым спавядаецца, тым самым запрашаючы ў свой свет чытача не госцем, а паўнавартасным удзельнікам падзей, пра якія распавядае. Гэта заўсёды падкупляе і выклікае хоць і супярэчлівыя пачуцці, але светлыя і даверлівыя. Зразумела, што далёка не ўсе спавядальныя творы ўласна спавядальныя. У кагосьці парог болю асабістай свядомасці большы, у кагосьці меншы, хтосьці ўвогуле пад спавядальнасцю разумее сачыненне легенд і паданняў пра сябе і сваіх сяброў ды сябровак.

А. Кудласевіч не баіцца быць недзе смешным, недзе наіўным, недзе непрыгожым, а недзе няправым. Прызнаючы памылкі, асэнсоўваючы свае дрэнныя ўчынкі, успамінаючы свае дзеянні і словы. Шмат увагі на старонках рамана ён аддае жонцы, знаёмству з ёю, каханню, сумеснаму жыццю, мо не такому вясёлкаваму, як хацелася б, але сапраўднаму, пражытаму разам, нягледзячы на розныя непазбежныя непаразуменні, спрэчкі, крыўды і абразы. Ён не шкадуе ў першую чаргу сябе, таму і верыш кожнаму слову аўтара, і спачуваеш яму. І паважаешяго жонку, бо яна ў час беспрасветнай беднасці, як духоўнай, так і фізічнай, цэніць яго талент пісьменніка, нягледзячы ні на што. Як і кожная жанчына, яна хоча дабрабыту і ладу ў сям’і, але не ўпікае мужа нікому непатрэбнай «недапрафесіяй», якой прынізіць сёння вельмі проста, бо ніякай матэрыяльнай карысці для краіны пісьменнікі не нясуць.

Найбольш уражваюць сцэны, багатыя на сустрэчы галоўнага героя з рознымі цікавымі людзьмі, кшталту той, дзе вядомы беларускі паэт-франтавік Паўлюк Прануза распавядае адну гісторыю з ваеннага мінулага, што здарылася напярэдадні перамогі ў Берліне. Завязка гісторыі трымаецца на бочцы спірту, якую выпадкова недзе знайшлі салдаты і скарысталіся... Адзін з іх нават утапіўся ў той бочцы, што не перашкодзіла астатнім апаражняць яе змесціва. Аднак не тое галоўнае. Паўлюк Прануза пазнаёміўся тады з адным афіцэрам у новай форме, быццам толькі з крамы, і пацікавіўся, дзе такія выдаюць. Той, пад уздзеяннем спірту, прызнаўся, што форму заслужыў дзякуючы службе ў спецпадраздзяленні НКУС з асаблівым прызначэннем.

Бог — кат, чалавек — абражаная, запалоханая істота, прырода — варожая сіла, жыццё — пракляцце, і толькі праца, тупая і аднастайная — жаданая ратавальніца для чалавека. Такой праграмы прытрымліваюцца ўсе «тараканы» планеты.

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».