Вы тут

Ці можна ў Чысты чацвер мыць падлогу?


Пытанне Марыі Васілеўны П. з Салігорска: «Набліжаецца Вялікдзень. На рабоце жанчыны сталі спрачацца: калі прыбіраць у хаце? Раскажыце, што за дзень Чысты чацвер, ці можна ў гэты дзень мыць падлогу і вокны ў хаце?»


Апошнія шэсць дзён перад Вялікаднем у тым ліку і ў народнай традыцыі былі пазначаны статусам асаблівай павагі. Кожны з іх набліжаў чалавека да канчатковай перамогі Дня над Ноччу, а ў хрысціянскай традыцыі — Жыцця над Смерцю. Таму сустрэчы незвычайнай падзеі папярэднічала карпатлівае абнаўленне ўсяго наваколля. Першыя дні тыдня былі прысвечаны навядзенню парадку, калі можна так сказаць, спачатку на перыферыйных абшарах сядзібы, а затым ужо ў хаце — у цэнтры сялянскага сусвету, таму гэтыя дні называлі «чыстыя».

У Чысты панядзелак пачыналі наводзіць парадак у двары, каля гумна, хлява, адусюль выграбалі мінулагодняе смецце. Абавязкова прыбіраліся ў садзе, спальвалі або закопвалі старое лісце і сухое галлё. Менавіта ў гэты дзень бялілі хату і ўсе дваровыя пабудовы. У аўторак пачыналі наводзіць парадак у хаце. Усё хатняе начынне выносілі, перасушвалі, выбівалі пыл, вымывалі вокны, вымяталі смецце, бялілі печ, абавязкова пралі: «У Чысты панядзелак і аўторак няможна ў хаце трымаць чаго-небудзь нячыстага, бо на людзей і на говядо нападуць паршы».

У сераду на перадвелікодным тыдні трэба было вымыць усё драўлянае: дзяжу, хлебную лапату, выскрабалі сталы, лавы, падлогу. Таму і дзень у народнай традыцыі атрымаў незвычайную назву — Дравяная страсць.

Чацвер ставіў заключную кропку ў працяглым і паэтапным працэсе ўсеагульнага развітання (інфармацыйнага, энергетычнага, гаспадарчага) з мінулым часам. Яго вялікасць чалавек — той, хто перайначваў асвоеную ім прастору, вынішчаючы сляды мінулагодняй дзейнасці (каб не «перацягнуць» старыя праблемы ў новы час), — аказваўся апошнім звяном у шматдзённым ланцугу ачышчальных дзеянняў. Лічылася, што ўсход сонца гэтага дня ўжо сам чалавек павінен быў сустрэць абноўленым, чыстым.

Людзі былі глыбока перакананы, што Чысты чацвер «змывае» ўсе грахі і хваробы на цэлы год, таму асноўным рытуальным дзеяннем раніцы гэтага дня было купанне. Лазню грэлі яшчэ з вечара, каб рана-раненька ўсёй сям'ёй памыцца да ўсходу сонца. Існавала і традыцыя памыцца ў той вадзе, у якую апускалі сярэбраную манету. Лічылася, хто першым памыецца, у таго на працягу года будзе чысцюткі твар.

Адказваючы на ваша пытанне, варта заўважыць, што сярод навукоўцаў, якія абапіраюцца на звесткі вясковых інфарматараў, існуе два падыходы ў разуменні значэння паняцця Чыстага чацвярга. З аднаго боку, лічаць яны, дзень атрымаў такую назву, таму што ён быў асноўным днём навядзення агульнага парадку: «Перад Паскай — сама рабочая нядзеля, нада павымыць усё, у Чысты чацвер і коміны чысцюць, і хату вымываюць». З другога — дзень назвалі чыстым таму, што да гэтага дня ўжо ўсё было прыбрана: «У Чысты чацвер мы нікагда ня мыем. Было прынята ўсё вычышчаць, вымываць — і паталок, і сцены — да чацвярга. У Чысты чацвер ужэ было ўсё чыста ў хаці, за тое мы нікагда не балелі, у хаце ні балезней ні будзець, нічога благога ні будзець». Нам падаецца, што другая версія больш абгрунтаваная і набліжаная да архаічнай сутнасці з'явы, якую мы аналізуем.

Усё было гатова для правядзення самага таямнічага, самага сакральнага свяшчэннадзейства ў кожнай сялянскай хаце. Гаспадар уносіў у хату чыстую (абноўленую) дзяжу, у якой гаспадыня павінна была рашчыніць цеста для новага хлеба. Гэты рытуал меў самую вялікую сімвалічную нагрузку: закладвалася аснова будучага дабрабыту сялянскай сям'і.

Рошчыну пакідалі ў дзяжы на ноч. Трэба было, каб цеста добра выхадзіла. Выпякалі велікодныя караваі, упрыгожаныя «касой-пляцёнкай», выявай крыжа, а таксама літарамі «ХВ» (Хрыстос Васкрос), толькі назаўтра, у Пакутную, Чырвоную пятніцу. Менавіта ў гэты дзень фарбавалі яйкі, каб у Пакутную, Чырвоную суботу асвяціць у храме.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».