Вы тут

Выклік усім...


Трагедыя, што здарылася ў Парыжы, нікога не пакінула раўнадушным. Яна датычыць усіх. Бо кожная краіна мае свае культурныя каштоўнасці, якія сведчаць пра яе гісторыю і ідэнтыфікуюцца з ёю... І мы таксама маем гісторыка-культурныя аб’екты, некаторыя з іх унесены ў скарбонку сусветнай спадчыны. Ёсць у нас і шэраг помнікаў, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы... Магчыма, парыжская бяда будзе як перасцярога, прымусіць больш пільна ахоўваць тое, што маем, берагчы, як вока...


А хто паспеў пабываць у Парыжы і пабачыць яго сімвал, архітэктурны шэдэўр, скарб сусветнай культуры, — шчаслівы... Іншыя ж цяпер могуць любавацца на яго толькі праз карціны, фотаздымкі, кіно, дакументальныя хронікі на экранах.

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася міні-выстаўка, прысвечаная сабору Парыжскай Божай Маці, які пацярпеў ад пажару 15 красавіка. У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца ўнікальныя матэрыялы, па якіх можна скласці ўяўленне пра выгляд сабора ў XVIII—XIX стагоддзях. У экспазіцыі прадстаўлены эстампы з відамі Нотр-Дама 1850-х гадоў мастака Шарля Мерыёна, выданні 1830-х гадоў вядомага рамана Віктора Гюго, выявы інтэр’ераў сабора з каранацыйнага альбома Напалеона Банапарта 1804 года, абрысы сабора на карце Парыжа 1734 года і іншыя дакументы. І гэтыя матэрыялы, і пачуцці, якія выклікала ў людзей з усяго свету гэта бедства, даюць надзею: знакаміты сабор адновяць чарговы раз.

Магчыма, досвед Францыі па аднаўленні Сабора Парыжскай Божай Маці калісьці прыдасца і ў нас. Старшыня праўлення Беларускага Камітэта зІКАМОС, культурны антраполаг і даследчык культурнай спадчыны Сцяпан Стурэйка падзяліўся ўражаннямі і пракаментаваў сітуацыю:

— Большасць з нас як загіпнатызаваныя анлайн сачылі за пажарам. Нескладана зразумець роспач людзей, для якіх Нотр-Дам — сімвал еўрапейскай спадчыны, гісторыі і культуры. Аднак сябры, з якімі я абменьваўся думкамі аб пажары, нават пакуль яшчэ не было зразумела, чым скончыцца, не дадуць схлусіць: ужо тады я меў аптымізм. Калі глядзець з нейкай гістарычнай перспектывы, усе нашы дасягненні ў працы са спадчынай з’яўляюцца прамымі вытворнымі ад пераадолення выклікаў. Без вандалізму Французскай рэвалюцыі, падчас якой самі ж парыжане намерваліся знесці Нотр-Дам і вельмі моцна яго пашкодзілі, не было б развіцця рэстаўрацыйнага майстэрства ХІХ стагоддзя; без затаплення Венецыі і будаўніцтва Асуанскай плаціны не было б канцэпту сусветнай спадчыны, якім мы яго ведаем; нават гістарычны цэнтр Варшавы без трагічнага разбурэння так моцна не захапляў бы нас сёння ў адноўленным выглядзе. Большасць сусветна вядомых помнікаў на працягу свайго існавання так ці інакш зазналі сур’ёзныя пашкоджанні. Некаторыя і не раз. І вось чарговы выклік! А значыць, нас чакаюць новыя дэбаты пра існасць спадчыны. Хутчэй за ўсё, будзе аб’яўлены міжнародны конкурс праектных рашэнняў па аднаўленні. Яго пераможцы напішуць новую старонку ў гісторыі рэстаўрацыі. Наша пакаленне творцаў атрымае шанц спрычыніцца да лёсу выбітнага помніка. Я веру ў здольнасць французскай культуры ператрываць гэты выклік і ўзбагаціць сусветныя ўяўленні аб спадчыне і рэстаўрацыі. Будзем працягваць вучыцца ў Еўропе і мы, пакрысе назапашваючы ўласны патэнцыял. Напрыклад, у Нясвіжскім палацы рэстаўрацыя пачалася толькі пасля пажару. Сёння палац — адзін з вядучых музеяў Беларусі, трэцяе прадпрыемства Нясвіжскага раёна па колькасці працоўных месцаў, рэалізоўвае ўласную навуковую і рэстаўрацыйную праграмы. Ён цалкам уключаны ў культурнае жыццё краіны, з’яўляецца аб’ектам сусветнай спадчыны, нароўні з Версалем і Нотр-Дамам, мае міжнародныя ўзнагароды. Іншая справа, што падчас рэстаўрацыі былі страчаныя аўтэнтычныя элементы будынка. Але ў любой рэстаўрацыі і рэканструкцыі губляецца частка аўтэнтыкі. Пытанне ў тым, каб зменьшыць гэты адсотак...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».