Вы тут

Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе...


І сапраўды — з Паэтам не паспрачаешся: «...мы — дзеці роднае сям'і, / І — дзеці маці-Беларусі, / І — дзеці Матухны-Зямлі», на якой ці не ў кожнага ёсць найлепшы куточак. Нехта заве яго прыгожа і досыць гучна — «мая Бацькаўшчына», нехта — куды цішэй — малая (альбо гістарычная) радзіма ці проста — вёска, якая вабіць, якая ратуе і за якую так часта баліць душа... Сведчаннем таму рэдакцыйная пошта: у ёй, як заўжды, ёсць лісты ад людзей, якія «сто гадоў» не пісалі (а ў рэдакцыю — і пагатоў!), ёсць, наадварот, ад тых, чые пісьмы пазнаюцца здалёк — па почырку.


«Мне 91 год, — прызнаецца адна з найстарэйшых, відаць, падпісчыц «Звязды» спадарыня Ніна Гапоненка з вёскі Броннае Рэчыцкага раёна, — і за гэты час я рабіла многае: вучылася, працавала, гадавала дзяцей і ўнукаў, шмат займалася грамадскай дзейнасцю. Але ж ёсць і тое, чаго не паспела. Зараз мне вельмі хочацца напісаць успаміны пра вёсачку, дзе нарадзілася, дзе пайшла ў першы клас, дзе пачынаючы з 1840 года жылі ўсе мае прадзеды. Вёску гэту немцы спалілі, дзеда забілі за сувязь з партызанамі, а вось яго брат да 1957 года жыў там у зямлянцы — не хацеў нікуды з'язджаць, бо там нарадзіўся...»

Пра гэта, згадзіцеся, варта і трэба расказваць не толькі родным дзецям-унукам. Пра гэта варта і трэба напісаць, бо словы прамоўленыя (нават самымі блізкімі, самымі роднымі людзьмі) маюць уласцівасць забывацца, сцірацца з памяці. Напісанае — застаецца. Часам — свайго роду помнікам.

«Мне пашчасціла гасцяваць, прычым не раз, на Паўднёвым Палессі, і хоць было гэта даўным-даўно, я да сёння чую спеўную гаворку, памятаю самабытныя слоўцы, накшталт: тато, мамо, вадро, вароўка, гіч (гэта бульбоўнік), зернета (гарбузовыя семкі)... Што ўжо казаць пра людзей!» — піша спадарыня Наталля Сівак з вёскі Заполле Чэрвеньскага раёна. І апавядае, што жылі палешукі ў прасторных дамах на чатыры ці пяць пакояў, што галоўныя вокны выходзілі не на вуліцу, а ў двор. («Прачнешся раніцай, — з усмешкай казалі гаспадары, — і адразу бачыш: сена цэлае, жывёлу ваўкі не скралі».)

Зачароўвала прыгажосцю і ўнутранае ўбранства хат: саматканыя посцілкі-палавікі, дываны і дыванчыкі, вышыванкі... Крамных, фабрычных ручнікоў амаль не было... «На адзін, саматканы, з печы па раніцах «ляцелі» бліны, якія адразу накрываліся другой паловай ручніка. Магчыма, таму і праз гадзіну яны былі цёплыя, а да вечара — мяккія. І наогул частавалі там лепш, чым у добрым сталічным рэстаране», — прыгадвае спадарыня Наталля.

«Помню, суседзі, адпраўляючы ў войска сына, ладзілі бяседу. У хаце, як той казаў, — карціна алеем: сталы ў два рады і свабоднага месца на іх нямашака. Прычым з куплёнага там хіба хлеб, а вось хатняга дык проста не злічыць: калдуны, галубцы, катлеты, сцюдзень, рулеты, паляндвіцы, стравы з рыбы, грыбоў, вельмі шмат бліноў, блінцоў ды блінчыкаў, караваяў і каравайчыкаў — і з начынкай і без... Урэшце — ладныя кавалкі жоўценькага масла. Ім там «заядалі» моцны алкаголь. Так, маўляў, і для страўніка карысней, і не сп'янееш... А значыць, потым — паспяваеш (ці хоць паслухаеш) непаўторныя палескія песні альбо станцуеш пад музыку вясковага духавога аркестра...»

Што ў памяці, — вельмі многія стравы падаваліся ў гліняным посудзе: у гарлачах і гарлачыках, місках, макатрах...

Шыкоўна выглядала і самаробная мэбля: шафы, канапкі, касінчыкі (вуглавыя паліцы). Усё гэта рабілася з вялікім густам, без ніякіх цвікоў, з прыгожага цэльнага дрэва. І зноў жа не пакрывалася ні фарбай, ні лакам, бо гэта, казалі, дрэва, яно павінна дыхаць...

«А вось адсутнасці штор на вокнах я не разумела», — прызнаецца спадарыня Сівак і расказвае, як аднойчы падабрала прыгожую тканіну, пашыла шторы, прывезла і са згоды гаспадароў занавесіла вокны. Абноўка, як выглядала, прыйшлася даспадобы: ёй шчыра падзякавалі. Аднак месяцы праз тры, калі зноў давялося наведаць той дом, госця ўбачыла, што яе падарунка на вокнах няма: ёсць ранейшыя маленькія беленькія фіранкі. Далікатна папыталася чаму. І пачула: «Так болей святла... Сапраўднага...»

«Там і сапраўды сапраўдным было ўсё, — працягвае спадарыня Наталля. — Менавіта было, бо потым, калі ў наша Заполле перасялілі амаль два калгасы з чарнобыльскай зоны, многае з нажытага (мэблю, рэчы...) людзі папрывозілі з сабой. Дазіметры, што называецца, зашкальвалі, таму ў хуткім часе гэту непаўторную прыгажосць сталі выносіць на вуліцу, а ўрэшце — паліць... І зноў дазіметры «крычалі», а людзі плакалі, як плачуць да сёння, бо ўсю тую сапраўднасць пагубіла чарнобыльская радыяцыя».

А недзе і без яе...

«Той, хто ездзіў з Брэста ва Украіну, — піша спадар Іван Гаральчук з Мінска, — ведае вёску Макраны. Яна — амаль на мяжы з усімі яе атрыбутамі: з тэрміналамі, пагранпераходам... У савецкі час іх, вядома ж, не было: быў вялікі парк, дзе ў святы ядналіся і народы, і асобныя людзі: жаніліся, кумаваліся, сябравалі. Былі яшчэ і кірмашы...

Усё парушылася цягам цяжкіх 90-х. На месцы парку з'явіліся мытнікі і так званыя пагранцы. Па абодва бакі ад іх жыццё змянілася, і Беларусь, трэба сказаць, апынулася ў лепшым становішчы. Ведаючы, як складана зарабіць тую ж капейку ў сябе на радзіме, да нас пацягнуліся суседзі.

А вось дзеці карэнных макранцаў, паводле спадара Гаральчука, наадварот, — прадоўжылі з'язджаць. І прычын таму шмат: людзей, па-першае, не задавальняюць тутэйшыя заробкі, па-другое, вырашэнне праблемы з жыллём: то-бок прыезджым, якія ў вёсцы ніякага жылля не маюць, выдзяляюцца добраўпарадкаваныя дамы з надворнымі пабудовамі. А вось у мясцовых ёсць бацькоўскія хаты. І ніхто не глядзіць, колькі ім гадоў, не лічыць, колькі грошай трэба ўкласці, каб давесці такое жытло да ладу...

Па-трэцяе, ёсць праблемы з транспартам, з кадрамі на ФАПе... Пустуе і вялікі Дом культуры, у якім некалі выступалі артысты з Мінска, Масквы, Кіева ды меншых гарадоў. Цяпер установе патрэбен рамонт.

«А вось сена не патрэбна амаль нікому, — піша спадар Гаральчук, — бо вяскоўцы, можна сказаць, не трымаюць кароў. Праўда, трава аб гэтым не ведае і таму расце вельмі хутка. На пытанне начальства, чаму не скошана, вяскоўцы (пад страхам штрафу) абяцаюць, што зробяць гэта, як толькі прыедзе сын, зяць, сват... Тыя, хто не мае радні, ходзяць па вёсцы ў пошуках касцоў (вядома ж, за грошы).

У іншых месцах няма падобных праблем: людзям аказваюць усе неабходныя паслугі, нават з касьбой: узбочыны дарог абкошваюцца за кошт гаспадарак, падворкі — за кошт насельніцтва, непатрэбнае сена ці трава звозяцца на фермы... Але ж у нас пакуль не так. І мне, напрыклад, цікава: дзе для Беларусі жыццё больш тыповае — у аграгарадку Макраны, ці, напрыклад, у аграгарадку Сноў?

Як пісаў нехта з класікаў, усюды людзі, усюды жыццё — сваё, адметнае.

Набалелым (без перабольшання) падзяліўся ў сваім лісце і спадар В. С. з Іўеўшчыны. Напісаў, як цяжка перажываў страту жонкі, як адчуў сябе лішнім... у сваёй жа кватэры. «Пачалося з таго, — піша ён, — што сям'я сына паставіла мне асобны тэлевізар: сядзі, маўляў, у сваім пакоі, глядзі, што хочаш і калі хочаш, а да нас не лезь... Потым нявестцы не спадабаўся жарт аднаго з маіх сяброў, і яна забараніла мне (!) каго-небудзь запрашаць без яе дазволу. Унукам я таксама быў непатрэбны...»

Карацей, сяк-так чалавек перажыў зіму і падаўся ў вёску, на малую радзіму жонкі. Родзічаў, як прызнаецца, там амаль не засталося, але ж ён апынуўся сярод блізкіх людзей, якія, пачуўшы, што прыезджы хацеў бы затрымацца, дапамаглі падключыць балон, паклеіць шпалеры, завесці гаспадарку з ката і сабакі, пасадзіць бульбы.

«Так што цяпер я, можна сказаць, вясковец, — прызнаецца спадар С. — І калі здараецца прыехаць у Мінск, стараюся як мага хутчэй з'ехаць, хоць горад мне і падабаецца... За апошнія тры гады перасталі падабацца гараджане — спахмурнелыя, вечна занятыя пошукам не то грошай, не то шчасця... І толькі тварыкі дзяцей дазваляюць мне спадзявацца, што з цягам часу яны сумеюць дасягнуць душэўнага спакою і волі для найлепшых сваіх памкненняў, будуць шчаслівымі. У прыгожым горадзе альбо ў вёсцы — не так ужо і важна. Важна, каб сярод добрых людзей».

Піша пра іх і спадарыня Ірына Матусевіч з Дзяржыншчыны. «Я сумую па вёсцы, — прызнаецца яна, — той, ранейшай, звонкагалосай, гаманлівай. Хоць, па праўдзе кажучы, наша паселішча не такое маўклівае і цяпер: вясной, асабліва ў выхадныя, паўсюль прыкметнае ажыўленне, дзелавітая мітусня. Не сёння — заўтра пацяплее і загрыміць музыка, запахне шашлыкамі, на вуліцах стане больш машын і людзей... Але кожны раз я лаўлю сябе на думцы, што ва ўсім гэтым вельмі мала ад сапраўднай вёскі, якой яна была, калі поўнілася гукамі стваральнай працы.

Не, большасць маіх аднавяскоўцаў, — як сталых мясцовых жыхароў, так і прыезджых, — руплівыя, працавітыя: даглядаюць свае дамы і надворкі, завіхаюцца на гародах.

Ды ўжо колькі гадоў не вяртаюцца з пашы каровы: на ўсю нашу вёску засталіся толькі тры ці чатыры рагулі. «Не плывуць» па вуліцы і вазы з сенам; не спяшаюцца ў поле, на падмогу бацькам, падлеткі. Ды і каму спяшацца, калі ў школе, можа, вучняў з дваццаць.

Аднак галоўнае, як мне здаецца, не толькі ў знешніх праявах, а ў тым, што спакваля, непрыкметна мы страчваем душу вёскі. Дзе, як не тут, спрадвеку жыло наша слова. Цяпер жа сельскія дзеці размаўляюць у асноўным па-руску, а пакаленне, якое магло б перадаць ім жывую народную гаворку, паступова адыходзіць....

Дзе, як не ў вёсцы, выхоўваліся найлепшыя чалавечыя якасці. Адзін з галоўных законаў вясковай маралі: «знаёмы ці незнаёмы табе чалавек — заўжды павітайся». І шкада, што пра яго ці наўмысна, ці незнарок забываюцца часам нават свае, «сельскія гараджане», што ўжо казаць пра ўладальнікаў дачных сядзіб?

Магчыма, камусьці мае разважанні пададуцца занадта мінорнымі, — падсумоўвае спадарыня Ірына. — Маўляў, не варта сумаваць па «леташнім снезе»: мяняецца час — мяняецца жыццё, у тым ліку вясковае. І ўсё ж я шчыра веру: беларуская вёска, багатая сваім мінулым, не застанецца без будучыні. Бо покліч роднай зямлі — не проста прыгожыя словы, а генетычна абумоўленая неабходнасць. Ды і ўявіць нашу нацыю, сялянскую па сваёй сутнасці, без вёскі... Мне здаецца, гэта немагчыма».

Вось такія лісты, такія развагі. Маеце нешта дадаць? Калі ласка.

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».