Вы тут

Сарамлівасць, якая перашкаджае жыць. Як яе перамагчы?


Наўрад ці знойдзецца шмат людзей, якія будуць сцвярджаць, што ім не знаёмыя баязлівасць ці сарамлівасць. Часцей за ўсё гэтыя пачуцці ўзнікаюць у нас яшчэ ў дзяцінстве, прычыняючы безліч праблем. Нават выдатнікі нярэдка чырванеюць перад класам, баяцца і пазбягаюць адказаў каля дошкі. І гэта пачуццё нярэдка пераходзіць з намі ў дарослае жыццё, не даючы раскрыцца ў поўнай меры — ці гэта будзе неабходнасць выступіць перад аўдыторыяй або патрэба растлумачыць сваю пазіцыю перад калегамі ці ў кампаніі незнаёмых людзей. Як сарамлівасць псуе наша жыццё (і ў якіх выпадках яна нам на руку) і ў чым яе небяспека, расказала псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Таццяна Даўжэнка.


Добра ці дрэнна?

— Яшчэ ў маленстве дзіця пачынае ўсведамляць, што за ім назіраюць, яго абмяркоўваюць і ацэньваюць. Па меры свайго сталення яно вучыцца кантактаванню. Праўда, не заўсёды працэс ідзе паспяхова. І некаторыя людзі да канца сваіх дзён застаюцца хваравіта сарамлівымі, — тлумачыць Таццяна Іванаўна. — Гэта, канешне, ускладняе жыццё, ствараючы перашкоды на працы, ва ўзаемаадносінах з людзьмі, у стварэнні сям'і і, нарэшце, у тым, каб быць шчаслівымі. Зразумела, сарамлівасць не лічыцца хваробай. Больш за тое, у меру сарамлівыя людзі ўспрымаюцца навакольнымі з сімпатыяй. Але ўсё ж паталагічная сарамлівасць вельмі перашкаджае ў жыцці.

Заніжаная самаацэнка і боязь паказацца смешным у вачах навакольных — вось чым тлумачыцца сарамлівасць. Такія людзі звычайна могуць кантактаваць з добрымі знаёмымі, а перад незнаёмцамі губляюцца і не могуць выціснуць ні слова. І пачынаецца ўсё ў дзяцінстве, калі адбываецца эмацыянальнае станаўленне, і тут многае залежыць ад сямейнага акружэння і прыкладу бацькоў.

— Не трэба быць залішне патрабавальным да дзяцей, — раіць спецыяліст. — Да таго ж варта засцерагаць іх ад празмернага знаходжання ў кіберпрасторы, якая стымулюе з'яўленне сарамлівасці і баязлівасці, пазбаўляючы дзяцей навыкаў сапраўдных зносін.

У чым небяспека?

Па-першае, у тым, што сарамлівасць адбірае ў чалавека значную частку яго інтэлектуальных рэсурсаў. У галаве ў сарамлівага чалавека сядзіць «цэнзар», «наглядчык», які кажа, «правільна» ён сябе паводзіць ці не. Гэты суддзя, пасаджаны туды, як правіла, бацькамі, пераследуе чалавека ўсё жыццё. Калі вы пазбавіцеся ад яго, вы пазбавіцеся ад сарамлівасці. Вучыцеся майстэрству спакойна і аб'ектыўна бачыць сябе збоку — без ацэнак і асуджэння. Уносьце ў стаўленне да сябе лёгкую адцягненасць і мяккі гумар. Падсмейвайцеся са сваёй няўпэўненасці і сарамлівасці.

Па-другое, сарамлівы чалавек пастаянна маніторыць сітуацыю, стараючыся вызначыць, якое ўражанне ён пакідае ў навакольных. Унутры пастаянна адбываецца дыялог са сваім «наглядчыкам»: што можна рабіць, а чаго нельга? А што яны пра мяне падумаюць? Уважліва паназірайце за ўпэўненымі і разняволенымі людзьмі. Пастарайцеся зразумець, у чым сакрэт іх поспеху і як ім удаецца трымаць сябе свабодна і ўпэўнена ва ўсіх сітуацыях. Падумайце, ці няма ў вас хаця б якіх-небудзь зародкаў такой упэўненасці? Калі так, то зноў і зноў настройвайцеся на такі стан, замацоўваючы яго. Падумайце таксама, здольныя вы на ўчынкі, якія робяць гэтыя людзі, ці не. Паспрабуйце паводзіць сябе гэтак жа, як яны, — без аглядкі на навакольных.

Аддайце ўвагу вызваленню ад цяглічных заціскаў. Сарамлівасць проста перастае існаваць як якасць, калі чалавек навучыўся расслабляць сваё цела. Кожная грань сарамлівасці мае сваю цяглічную праяву. Вывучыце цяглічны малюнак сваёй сарамлівасці. Пастарайцеся зразумець, якія групы цягліц з'яўляюцца галоўнымі сіламі, што падтрымліваюць гэты адмоўны эмацыянальны стан.

Наступствы сарамлівасці

Сарамлівыя людзі закрыты ад навакольных. А для таго, каб усталяваць блізкія адносіны, важная адкрытасць. Разам з тым усе маюць патрэбу ў блізкіх адносінах. Але сарамлівы чалавек ідзе на збліжэнне вельмі марудна, старанна намацваючы глебу. І калі такое збліжэнне адбылося, ён ім вельмі даражыць. Нават не таму, што каштоўны сам партнёр, а, хутчэй, таму, што яго страта прывядзе да неабходнасці шукаць новага. Гэтым і тлумачыцца той факт, што ў сарамлівых людзей часта адносіны з сябрамі, дакладней сябрам, «цягнуцца» ледзь не са школы, а таксама існуе схільнасць «зацыклівацца» на сексуальным партнёры: ён баіцца, што больш нікога не знойдзе.

Сарамлівыя людзі схільныя да злоўжывання алкаголем. Такім чынам яны імкнуцца зняць напружанне, прыбраць бар'еры, каб адчуваць сябе больш свабодна. Часам такія людзі схільныя і да гвалту. Такі чалавек звычайна не праяўляе сваіх пачуццяў. Яны паступова назапашваюцца і праз нейкі час выліваюцца ў выглядзе неадэкватнай агрэсіі. Навакольным такія паводзіны здаюцца незразумелымі, хоць яны заўсёды маюць глыбокую прычыну.

У любым выпадку ад сарамлівасці лепш пазбаўляцца, тым больш што ёсць тэхнікі, якія дазваляюць гэта зрабіць, і спецыялісты-псіхолагі, якія могуць дапамагчы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».