Вы тут

Ці варта прымаць стаціны?


Мне 55 гадоў. Раней быў высокі халестэрын. Урач прызначаў стаціны. Я іх прымала на працягу трох месяцаў. Халестэрын знізіўся, і я перастала іх прымаць. Зараз зноў халестэрын падняўся да 6,4 ммоль/л. Ці трэба прымаць стаціны? Сёння шмат інфармацыі ў інтэрнэце пра гэтыя прэпараты, сустракаецца нават меркаванне, што лепш пакутаваць ад сардэчнага прыступу, чым ад разбурэння печані. Таццяна Андрэева, г. Мінск.


Адказвае загадчык аддзялення Фрунзенскага раённага кардыялагічнага цэнтра (на базе 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска) Арына БАСАВА.

— Пытанне вельмі шматграннае, бо пры прызначэнні стацінаў улічваецца мноства акалічнасцяў. Узрост, пол пацыента, а таксама спадарожныя фактары, якія абцяжарваюць праходжанне сардэчна-сасудзістай хваробы. У прыватнасці, гэта спадчыннасць (ці пакутавалі бацькі на сардэчна-сасудзістыя хваробы), наяўнасць цукровага дыябету ў самога пацыента і ў блізкіх сваякоў, шкодныя звычкі, асабліва курэнне, павышаная маса цела, наяўнасць гіпертаніі. Гэтыя дадатковыя фактары рызыкі ўрач заўсёды даследуе і ацэньвае. Сёння да дадатковых фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых хвароб аднеслі і раннюю менапаўзу ў жанчын. І калі мы высвятляем з дапамогай апытання пацыента, яго аналізаў і даных аб'ектыўных метадаў абследавання, што чалавек адносіцца да высокай ці вельмі высокай групы рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, то стаціны яму трэба прымаць пастаянна, без перапынкаў, і імкнуцца да ўзроўню агульнага халестэрыну 4,5—5 ммоль/л. Акрамя гэтага, кардыёлагі звяртаюць увагу на такі паказчык, як ліпапратэіны нізкай шчыльнасці (папросту «дрэнны» халестэрын). Ён павінен быць у межах 2 ммоль/л (а пры вельмі высокай групе рызыкі сардэчна-сасудзістых хвароб і ўвогуле менш за 1,8).

Таму калі жанчына адносіцца да высокай ці вельмі высокай групы рызыкі, яна мае патрэбу ў пажыццёвым прыёме інгібітараў HMG-CoA-рэдуктазы, або стацінаў. Калі рызыка ўмераная і гарманальны фон у норме, то тут магчымая карэкцыя ладу жыцця, у прыватнасці гіпадынаміі (маларухавасці) ці харчавання. Але падыход вельмі індывідуальны, і ў такой сітуацыі неабходна наведаць урача. Толькі пры асабістым кантакце, абследаваўшы пацыента, мы можам рэкамендаваць схему лячэння.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».