Вы тут

Нефарматныя прынцэсы скарылі Гомель


У час, калі квітнеючыя дрэвы заварожваюць усіх сваім хараством, толькі жанчыны, апранутыя ў строі найлепшых беларускіх брэндаў, могуць адцягнуць увагу ад кіпеню бялюткай прыгажосці на галінках. Аднак прыгажосць з прыгажосцю не змагаецца, а толькі падкрэслівае адна адну. На фестывалі моды і стылю Gоmеl Fаshіоn Shоw сучасныя строі ад найлепшых дызайнераў раскрывалі прыцягальнасць жанчын любога ўзросту. І памеру.


На подыум выходзілі зусім юныя дзяўчаткі і дамы, якіх называюць «нефарматныя мадэлі». Усе адчувалі сябе ўпэўнена, хоць і хваляваліся так, што трэсліся ў каго ногі, у каго... шчокі. І мы б пра гэта зусім не здагадаліся, калі б яны самі не расказалі.

Алена Круковіч у звычайным жыцці — спецыяліст па мытным афармленні. Але ж свет моды захапіў не толькі яе, але і маленькую дачку Алінку. Дзяўчынка пакуль толькі сочыць за тым, як матуля ходзіць па подыуме, а яна сама асэнсоўвае вынікі вучобы ў школе прыгажосці:

— Подыум — гэта крута. Я некалі спявала на сцэне, але, калі першы раз выходзіла на паказ, у мяне дрыжаў твар. Для мяне свет моды — гэта адкрыццё Амерыкі на кожным кроку. Акрамя таго, шмат знаёмстваў і прыемных стасункаў. Яшчэ тут цёплая і дынамічная атмасфера.

Між тым месца для падзення яблыкаў на фестывалі зусім не было. Чатырыста мадэляў, сто чалавек каманды, два месяцы падрыхтоўкі і першы гомельскі маштабны паказ калекцыі беларускіх дызайнераў у фармаце тыдня моды адбыўся. У вялізным памяшканні па нейкіх сваіх законах перамяшаліся мадэлі, гледачы, дызайнеры, стылісты, фатографы. Кіраўнік скаўтынгавага цэнтра SІGMА Віёла Майская гаворыць, што шасцігадзіннае шоу — адначасовая дэманстрацыя, якая складаецца з некалькіх блокаў:

— У кожным з іх беларускія дызайнеры і агенцтвы прадстаўлялі калекцыі «Вясна-лета — 2019». Увазе знаўцаў стылю прадстаўлена як паўсядзённая адзежа, так і вячэрнія сукенкі. Таксама тут касцюмы для дзяцей і падлеткаў, у тым ліку школьная форма. Сваё бачанне трэндаў новага сезона прапанавалі Людміла Лабкова, Нікаля Марозаў, Юлія Радава, Кацярына Вераксіч, Настасся Фальковіч, Рірсhеnkо і Sudаkоv.

Нестандартныя мадэлі гомельскага агенцтва Марыны Кабадаран прыцягваюць асаблівую ўвагу і выклікаюць... зайздрасць. Насамрэч, мала хто з нас упісваецца ў запаветныя 90—60—90, а прыгажунямі хочуць быць усе — незалежна ад узросту і памеру. Як не камплексаваць з прыроднай курпулентнасцю, цяпер ведае і 36-гадовая бухгалтар Наталля Дучэнка. Яна мае знешнасць рускай прыгажуні і 54-ы памер адзення:

— У мяне не было ніякага вопыту ўдзелу ў модных паказах. Давялося нават з псіхолагам папрацаваць. А яшчэ нам выкладалі візаж, стылістыку, дэфіле, харэаграфію і акцёрскае майстэрства. Пасля ўсяго я стала больш упэўненай у сабе. Раней было складана пазіраваць — я ўвесь час думала пра недахопы і саромелася. А цяпер разумею, што кожная жанчына — самая прыгожая на свеце. І хоць спачатку ногі трэсліся на паказах, цяпер ідзеш і адчуваеш сябе каралевай.

Ксенія Палуэктава прадстаўнік шоу-рума аўтарскай моды вядомага беларускага дызайнера Людмілы Лабковай. Гаворыць, апошнім часам жанчыны становяцца чараўніцамі:

— Асабліва калі вясна на дварэ. Раю ў гэтым сезоне звярнуць увагу на натуральныя тканіны колеру гарчыцы, смарагду і ружовай пудры. Таксама ў трэндзе металічны бляск. Сёння жанчыны аддаюць перавагу дызайнерскаму адзенню. Вельмі прыемна, калі ад нас яны выходзяць задаволеныя і шчаслівыя.

Стыліст Святлана Серафімовіч працуе з тым, чым адарыла прырода, і імкнецца падкрэсліць індывідуальнасць кожнай жанчыны:

— Свайго стыліста трэба шукаць — як свайго цырульніка ці стаматолага. Тады атрымаецца агульны вынік, які ўсіх задаволіць. Жанчына павінна сябе прымаць, разумець і цаніць. Часта спачатку ёй трэба папрацаваць з іншымі спецыялістамі. Сёння шмат цікавага прапануюць менавіта беларускія дызайнеры.

Як адзначаюць арганізатары, усяго на мерапрыемстве пабывала больш за тысячу гасцей. Дарэчы, усе грошы, якія атрымалі ад продажу білетаў, пойдуць на лячэнне цяжкахворых дзяцей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?