Вы тут

У Васілісы і Анфісы з'явілася сяброўка Маша


На ўскрайку лесу каля вёскі Жасцінае, што ў Лагойскім раёне, днямі знайшлі маленькае медзведзяня. Яго выпадкова заўважыў мясцовы жыхар і патэлефанаваў у Лагойскі раённы аддзел унутраных спраў, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, а таксама ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


У раёне была створана камісія, прадстаўнікі якой выехалі на месца. Спецыялісты вызначылі, што малому ўсяго паўтара месяца. І яно не можа пра сябе паклапаціцца. Што сталася з яго маці, невядома, разгадаць гэтую таямніцу спрабуюць паляўніцтвазнаўцы. Немаўля перадалі ў заасад цэнтра экалагічнага турызму «Станькава».

— Медзведзяня агледзелі ветурачы. Яно здаровае, аднак вельмі худое, відаць, доўга галадала, — расказаў «Звяздзе» загадчык заасада Міхаіл ТУРЫГІН.

— А куды паселіце новага жыхара?

— Вальер пакуль не ўладкавалі. Гуляе ў пакоі з нашымі работнікамі. Аказалася, што гэта дзяўчынка. Да нас яна ўжо прыехала з імем. У Лагойскім раёне яе назвалі Машай. Вельмі жвавая, актыўная наша Маша, — кажа Міхаіл Пятровіч. — Калі што не па ёй, то рыкае, можа і цапнуць.

«Звязда» некалькі гадоў таму пісала пра аналагічны выпадак. Два хлопцы ў Барысаўскім раёне ехалі на машыне і ўбачылі, што паўз поле з пасеянай грэчкай нехта бяжыць, напачатку думалі, гэта сабака. Выйшлі з кабіны, прыгледзеліся — медзведзяня. Малое забралі дадому і паведамілі пра гэта ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Яго прытулілі таксама ў Станькаве і назвалі Васілісай. Для яе зрабілі прасторны вальер з фантанам і дрэвам пасярэдзіне. Але Васіліса была надта баязлівая, хавалася ў кутку, не выходзіла нават есці. І тады работнікі заасада падсялілі да яе шчанюка Анфісу, якая дапамагла мядзведзіцы адаптавацца да нязвыклых умоў. Васіліса і Анфіса моцна пасябравалі і з таго часу жывуць дружна, як адна сям'я.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.