Вы тут

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя


Сярэдзіна красавіка — час, калі сталічныя паркі рыхтуюцца да масавага наведвання. Ужо на наступным тыдні маленькіх і дарослых мінчан і гасцей сталіцы пачнуць катаць атракцыёны. Але перад тым, як каруселі будуць адкрытыя для ўсіх ахвотных, гэтыя механічныя забаўкі трэба праверыць належным чынам. У гэтыя дні людзі, якія гуляюць па парках, могуць бачыць, як тэсціруюцца атракцыёны — на сядзенні пагружаны мяшкі з пяском, а самі агрэгаты здзяйсняюць тэставыя прагоны.


За­мест па­са­жы­раў — мяш­кі з пяс­ком.

— Парк атракцыёнаў у сталіцы, які мы мусім праверыць, складае 59 машын, — гаворыць выконваючы абавязкі Мінскага гарадскога ўпраўлення Дзяржпрамнагляда МНС Генадзь Румкін.

Атракцыён — абсталяванне сезоннае, складанае. На зіму яго, як правіла, кансервуюць. Але падрыхтоўка да лета пачынаецца яшчэ ў сакавіку. Працэс гэты займае не адзін дзень — вытворцы прадугледзелі цэлы комплекс рэгламентных работ па тэхнічным абслугоўванні. Агляд экспертам Дзяржпрамнагляда — гэта фінал. Менавіта спецыяліст робіць заключэнне, ці здольны атракцыён катаць наведвальнікаў (вядома ж, пры выкананні правіл тэхнікі бяспекі) або яго неабходна адпраўляць на рамонт.

— Сёлета заяўкі сталі актыўна паступаць да нас пасля 12 красавіка, — працягвае Генадзь Румкін. — Але яшчэ ў пачатку месяца мы правялі ў парку Чалюскінцаў выязную нараду з прадстаўнікамі Мінскзялёнбуда, каб зняць усе арганізацыйныя пытанні дзеля таго, каб атракцыёны прад'яўляліся дзяржаўнаму нагляду ў ступені поўнай гатоўнасці. Зараз эксперты і інспектары ацэньваюць тэхнічны стан атракцыёнаў. У нас задзейнічана сем чалавек. Пастаўлена задача выканаць усе работы да 24 красавіка. Таму мы будзем працаваць і на выхадных.

Але колькі часу патрабуецца на агляд?

— Адназначна сказаць нельга. Усё залежыць ад складанасці атракцыёна. Менавіта завод-вытворца пазначае ў суправаджальнай дакументацыі схему і метадалогію дыягностыкі. Напрыклад, возьмем «Джамба джэт». Гэта так званыя амерыканскія горкі. Ён прадугледжвае ўздым на вышыню — максімальны пад'ём цягніка складае 14 з паловай метраў. А гэта, на хвіліначку, узровень пятага паверха. Таму тут мы правядзём больш часу. А вось побач з намі — стары добры «Вальс», які быў зроблены ў 1992 годзе і за гэты час адкатаў ужо цэлае пакаленне людзей. Ён больш просты.

Спецыялісты Дзяржпрамнагляда звяртаюць увагу падчас агляду атракцыёна на многія фактары. Сярод іх — карэктная работа вузлоў, узровень шуму. Калі выпрабаванне і агляд скончыліся ўдала, то атракцыён атрымлівае допуск на эксплуатацыю з адпаведнай пазнакай у яго пашпарце. Як правіла, на адзін год. Наступнай вясной усё трэба будзе рабіць нанова.

Па досведзе мінулых гадоў не ўсе механічныя забаўкі атрымліваюць «дабро» з першага ж разу. Пытанні выклікаюць часцей за ўсё элементы мацавання і некаторыя арганізацыйныя моманты. Але, як правіла, уладальнікі імкнуцца іх вырашаць актыўна і хутка.

— Пытанне асаблівага кантролю — атракцыёны, якія адпрацавалі нарматыўны тэрмін службы, — кажа Генадзь Румкін. — Яго ўстанаўлівае завод-вытворца адпаведным запісам у пашпарце. Як правіла, гэта 15 гадоў. Калі ж прадпрыемства, дзе зрабілі забаўку, не пазначыла гэтыя даныя, то тэрмін эксплуатацыі разлічваецца ў 10 гадоў у адпаведнасці з нашымі нарматыўнымі дакументамі.

Цяг­нік за­раз на вы­шы­ні 14,5 мет­ра ад зям­лі.

А як хутка будуць абнаўляцца сталічныя атракцыёны? Галоўны інжынер УП «Мінскзялёнбуд» Уладзімір Бабіўскі адказвае, што старыя агрэгаты замяняцца будуць. Але ў адзінкавых выпадках.

— Летась былі зманціраваны і пушчаны ў эксплуатацыю тры новыя атракцыёны, якія належаць прыватным уладальнікам. Мы таксама закупілі некалькі забавак, але яны не механізаваныя. У батутным комплексе і дзіцячым лабірынце няма ні вышыні пад'ёму з пасажырамі, ні лінейнай хуткасці паскарэння. Але трэба ўлічваць і тое, што атракцыён — штука вельмі дарагая. Сярэдні яго кошт у залежнасці ад складанасці — ад аднаго да двух мільёнаў рублёў. Таму абнаўляць іх парк адразу пасля заканчэння нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі, мякка кажучы, накладна. Так, існуе праграма па замене атракцыёнаў, але яна скіравана на адзінкавыя выпадкі. Тут трэба звярнуць увагу на адну рэч. Той жа Парк Чалюскінцаў з усёй сваёй інфраструктурай складваўся гістарычна, і многія людзі прыходзяць сюды, каб хоць на непрацяглы час вярнуцца на некалькі гадоў назад, у тым ліку і з дапамогай атракцыёнаў. Мы гэта бачым па запатрабаванасці механічных забавак. Але і неабходнасці ў тым, каб пашыраць парк атракцыёнаў, змешчаных тут, пакуль таксама няма.

— Атракцыёны-«ветэраны» праходзяць абавязкова праз тэхнічнае дыягнаставанне, — працягвае Генадзь Румкін. — Робяць іх арганізацыі, якія маюць адпаведныя ліцэнзіі Дзяржпрамнагляда. Яны выконваюць прыборны кантроль, правяраюць усе вузлы, зварныя стыкі, агульны стан канструкцый... І толькі пасля станоўчага дыягнастычнага заключэння да тэхнічнага асведчання падключаюцца ўжо нашы эксперты.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.