Вы тут

У Віцебску адкрылася выстаўка аўтарскай лялькі


У Віцебску можна пазнаёміцца з чараўніцай восені, феяй ранішняй расы. У Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання, які знаходзіцца побач з Летнім амфітэатрам, адкрылася выстаўка аўтарскай лялькі.


Гэта ўнікальны мастацкі твор, які перадае настрой творцы, яго думкі, эмоцыі, пачуцці... Стваральніца лялек Наталля Палікарпава нарадзілася і вырасла ў Верхнядзвінску. У 1981 годзе, пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, вярнулася ў родны горад. Там прысвяціла сябе педагагічнай дзейнасці. Працавала настаўніцай малявання і чарчэння, выкладала ў школе мастацтваў, займалася рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У прыватнасці, саломапляценнем, вышыўкай, аплікацыяй. Але асаблівая любоў у Наталлі Аляксандраўны — да тэкстылю, абрэзкаў аксаміту, парчы. Акрамя гэтага, майстрыха заўсёды па-асабліваму цёпла ставілася да лялек, рабіла іх сама і навучала гэтаму майстэрству вучняў.

Персанажы аўтара традыцыйныя для лялечнікаў: феі і чараўніцы, эльфы, танцоркі. Усе лялькі, выкананы ў тэхніцы пап'е-машэ. На выраб адной патрабуецца два-тры месяцы.

Калекцыя «Феі і чараўніцы», прадстаўленая на выстаўцы, стваралася каля чатырох гадоў.

Са слоў майстрыхі, самае цікавае ў рабоце над персанажам — яго касцюм.

— Лялька нараджаецца, калі збіраю дастатковую колькасць «сугучных» паміж сабой тканін, карункаў. Часта менавіта яны нараджаюць вобраз. Нешта купляю ў краме, але больш лялькам падабаюцца тканіны «з гісторыяй». Іх знаходжу ў крамах сэканд-хэнд або атрымліваю ў падарунак ад знаёмых. Шыю без эскіза, адразу на ляльку. Мая самая любімая тканіна аксаміт, — дзеліцца сакрэтамі майстрыха.

На выстаўцы прадстаўлены каля трыццаці чароўных прыгажунь. Тут сярод іншага можна далучыцца да святкавання Венецыянскага карнавалу. Ёсць магчымасць пазнаёміцца з чараўніцай восені і ўладальніцай зімовай сцюжы, з маленькай танцоркай Флёр, з таямнічай феяй вячэрняга змяркання і феяй ранішняй расы ды іншымі.

Выстаўка працуе да 26 мая.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Аксамітная казка

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Летась Падатковы кодэкс Беларусі зазнаў істотныя змяненні.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Любачка і На варце маёмасці.

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.