Вы тут

Аляксандр Бойка: Сацыяльны статус педагога — праблема нумар адзін


Старшыня прафсаюза — пра фінансавы дабрабыт, кантрактную сістэму і гарантыі работнікам сістэмы адукацыі.

Настаўнік у грамадскай іерархіі прафесій, на жаль, не займае лідарскія пазіцыі. Паміж дэклараванай каштоўнасцю адукацыі і рэальным стаўленнем да яе немалая дыстанцыя. Што патрэбна для таго, каб адукацыйная галіна развівалася? Каб у педагогіку прыходзілі найлепшыя і моладзь не імкнулася збегчы на больш высокааплатную работу пры першай жа магчымасці?

Сярод галіновых прафсаюзаў Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — першая па колькасці арганізацыя, якая аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 600 тысяч чалавек: работнікаў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, навучэнскую моладзь, аспірантаў, дактарантаў, а таксама замежных студэнтаў. Іх праблемы, занятасць і заробак — штодзённы клопат прафсаюзнай арганізацыі. Мы сустрэліся са старшынёй Цэнтральнага камітэта Аляксандрам БОЙКАМ, каб даведацца, ці заўсёды ўдаецца данесці пазіцыю большасці членаў галіновага прафсаюза да ўладных структур і на якіх кірунках трэба засяродзіць увагу.


Рэальныя даходы зніжаюцца

— Толькі ў гэтым навучальным годзе я наведаў больш як 30 працоўных калектываў у нашай галіне. Пытанні, якія часцей за ўсё ўзнімаюць члены прафсаюза, — гэта заработная плата і матэрыяльнае стымуляванне, прафесійнае пенсійнае страхаванне, атэстацыя педкадраў, арганізацыя і нарміраванне працы.

Сацыяльны статус педагога — сёння праблема нумар адзін.Трэба разумець: тое, што будзе далей адбывацца з фінансаваннем адукацыі, наўпрост адаб'ецца на канкурэнтаздольнасці педагагічнай прафесіі, матывацыі работнікаў, аддачы ў рабоце, а значыць, і на выніках. На жаль, дамагацца росту рэальнай заработнай платы становіцца складаней. Мы разумеем, што наша галіна вялізная і пытанняў шмат. Разам з Міністэрствам адукацыі пастаянна працуем над удасканаленнем сістэмы аплаты працы яе работнікаў. І пэўныя зрухі ў гэтым кірунку ёсць. З 1 снежня 2017 года ў прафесарска-выкладчыцкага складу тарыфныя стаўкі павысіліся на 30 %. Нарэшце, у дашкольных установах вырашылася пытанне з арганізацыяй замены выхавальнікамі работнікаў, якія часова адсутнічаюць. Іх праца можа аплачвацца як звышурочная.

З 1 верасня 2018 года ў педагагічных работнікаў, уключаючы асоб з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, і памочнікаў выхавальнікаў тарыфныя стаўкі (аклады) павысіліся на 20 %. А з 1 студзеня бягучага года педагагічным работнікам, уключаючы асоб з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, былі ўстаноўлены надбаўкі ў працэнтах ад тарыфнай стаўкі першага разраду, якія ўлічваюць галіновыя асаблівасці працы. Яны ўстанаўліваюцца дыферэнцавана за выкананне асобных відаў работ: арганізацыю харчавання навучэнцаў, аздараўлення, падвозу школьнікаў, работу з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі, удзел у інавацыйных праектах і гэтак далей.

Усе гэтыя меры палепшылі сацыяльна-эканамічнае становішча работнікаў. Разам з тым сярэднямесячная заработная плата ў адукацыі за 2018 год склала 654,5 рубля — гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў сярод іншых галін. Суадносіны сярэдняй заработнай платы работнікаў адукацыі і да сярэдняй заработнай платы ў краіне склалі за мінулы год 68,3 %, а ў цэлым па ўсіх бюджэтных галінах гэты паказчык быў 77 %. Таксама працягваецца зніжэнне тэмпаў росту тарыфнай стаўкі першага разраду ў адносінах да бюджэту пражытковага мінімуму.

Чарговы раз пытанні аплаты працы работнікаў сістэмы адукацыі абмяркоўваліся падчас падвядзення вынікаў выканання галіновага пагаднення на сумесным пасяджэнні прэзідыума ЦК галіновага прафсаюза і калегіі Міністэрства адукацыі ў лютым бягучага года. У рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый» у Міністэрстве адукацыі была створана рабочая група, якая распрацоўвае прапановы па вызначэнні аплаты працы педагагічных работнікаў, устанаўленні ім стымуляцыйных і кампенсацыйных выплат. У гэту групу ўвайшлі і прадстаўнікі галіновага прафсаюза. Мы выказваем сваю пазіцыю, таму што наша задача — не дапусціць пры змяненні сістэмы аплаты працы змяншэння памераў заробкаў у адукацыі.

У краіне таксама створана рабочая група па распрацоўцы комплексных мерапрыемстваў па ўдасканаленні аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу, павышэнні зацікаўленасці ў выніках педагагічнай і навуковай дзейнасці. У цэнтры ўвагі знаходзяцца таксама стыпендыі аспірантаў і дактарантаў, бо ні для кога не сакрэт, што калі выкладчык ВНУ ідзе вучыцца ў дактарантуру, то атрымлівае стыпендыю, нашмат меншую за яго заробак на выкладчыцкай пасадзе, таму жаданне займацца падрыхтоўкай доктарскай работы адразу знікае.

Даплата да мінімуму

— Але ёсць у галіне работнікі, у якіх налічаная заработная плата ніжэйшая за памер мінімальнай заработнай платы, і ім даводзіцца ажыццяўляць даплаты да ўзроўню мінімальнай...

— Галіновы прафсаюз на працягу шэрагу гадоў турбуе гэта пытанне, мы падымаем яго на ўсіх узроўнях. Яно датычыцца як прадстаўнікоў рабочых прафесій, так і кваліфікаваных спецыялістаў. цяпер даплаты да мінімальнай заработнай платы ажыццяўляюцца прыбіральшчыкам памяшканняў, дворнікам, вартаўнікам, кухарам, кладаўшчыкам, кастэлянкам, памочнікам выхавальнікаў, рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, сакратарам і прадстаўнікам іншых прафесій. У шэрагу выпадкаў даплаты робяцца і кваліфікаваным спецыялістам — бібліятэкарам, інжынерам, лабарантам, бухгалтарам, эканамістам і іншым (асабліва тым, хто пры невялікім стажы працы не мае кваліфікацыйнай катэгорыі). Памеры даплат могуць складаць да 140 рублёў.

Пры існуючай сістэме аплаты працы работнікі з розным працоўным стажам па адной і той жа прафесіі (пасадзе) атрымліваюць аднолькавую заработную плату ў памеры мінімальнай. Для многіх катэгорый работнікаў проста не маюць сэнсу ўстаноўленыя павышэнні тарыфных ставак за працу па кантракце, дадатковае прэміраванне за якаснае выкананне даручанай работы, паколькі ўсё роўна яны атрымліваюць па факце з улікам даплат аднолькавы заробак у памеры мінімальнай заработнай платы.

Крыніца дадатковых гарантый

— А наколькі эфектыўнай з'яўляецца дзеючая сістэма калектыўна-дагаворных адносін? Якія магчымасці закладзены ў кантракты, што заключаюцца з работнікамі ў галіне?

— Ёсць некалькі акалічнасцяў, якія не могуць нас не радаваць. Па-першае, гэта ўстойлівы рост так званых доўгатэрміновых кантрактаў. У 2018 годзе кантрактнай формай найму былі ахоплены 85 % ад агульнай колькасці работнікаў галіны. 38,6 % кантрактаў заключаліся на пяць гадоў, а на адзін год — 24,9 %.

Другая станоўчая тэндэнцыя — умацаванне ў кантрактах сацыяльных гарантый і ўключэнне ў іх дадатковых мер матэрыяльнага стымулявання. Больш як 96 % кантрактаў змяшчаюць дадатковы аплатны заахвочвальны водпуск і больш як 98 % — павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу). У Мінску ў 100 % заключаных з работнікамі кантрактаў уключаны абедзве гэтыя меры стымулявання працы.

У калектыўных дагаворах устаноў адукацыі прадугледжваецца забеспячэнне гарантый работнікам з ліку жанчын, якія выхоўваюць дзяцей, у тым ліку адзінокім маці; бацькам, якія выхоўваюць дзяцей без маці; шматдзетным сем'ям; дадатковыя меры па забеспячэнні аптымальных умоў працы асобных катэгорый работнікаў (настаўнікі, выкладчыкі) з ліку жанчын, якія маюць дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.Таксама ўстанаўліваюцца дадатковыя сацыяльныя гарантыі работнікам за кошт сродкаў, атрыманых ад дзейнасці, што прыносіць даходы. Гэта сведчыць пра гатоўнасць кіраўніцтва ўстановы адукацыі выдаткоўваць заробленыя калектывам сродкі на сваіх работнікаў, тым самым павялічваючы кошт іх працы.

Сістэма калектыўна-дагаворных адносін замацоўвае і развівае комплекс сацыяльных гарантый, дазваляе дамагацца эфектыўнага прававога рэгулявання ў сферы працы, пазбягаць узнікнення калектыўных працоўных спрэчак праз выкарыстанне дагаворных формаў і метадаў.

У сваю чаргу ў Галіновае пагадненне паміж прафсаюзам і Міністэрствам адукацыі ўключаны нормы, якія абараняюць працоўныя правы работнікаў, пераведзеных на кантрактную форму найму. Так, прадугледжаны гарантыі цяжарным жанчынам, жанчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, работнікам перадпенсійнага ўзросту, маладым спецыялістам, работнікам, якія маюць высокую кваліфікацыю, прадукцыйнасць працы і працяглы стаж. Заключэнне, падаўжэнне кантрактаў ажыццяўляецца пры ўдзеле прадстаўніка прафсаюза. Замацаваны абавязак наймальніка — у пісьмовым выглядзе паведамляць работніку аб прычынах (матывах) незаключэння (непрадаўжэння з ім кантракта). Вызначаны прычыны датэрміновага скасавання кантракта з работнікам па пагадненні бакоў.

Перамаглі ў судзе

— А ці часта наймальнікі парушаюць працоўнае заканадаўства? Прывядзіце прыклады, калі б пасля ўмяшання прафсаюза спрэчка вырашылася на карысць работніка...

— За 2016—2018 гады прававой інспекцыяй працы галіновага прафсаюза былі праведзены праверкі ў 12 709 арганізацыях адукацыі. Па выніках грамадскага кантролю за выкананнем працоўнага заканадаўства наймальнікам выдадзена 496 прадстаўленняў, 6158 рэкамендацый, 6055 даведак. Выяўлена 24 651 парушэнне заканадаўства аб працы, ліквідавана наймальнікамі 24 363 парушэнні. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 55 службовых асоб. Па патрабаванні галіновага прафсаюза выплачаны грашовыя сумы работнікам на 1 119 443 рублі. Адноўлена на працы 10 чалавек, у тым ліку праз судовыя інстанцыі 7. Папярэджана звальненне 366 работнікаў. Складзены 74 іскавыя заявы і іншыя працэсуальныя дакументы па просьбах членаў прафсаюза.

Напрыклад, старшынёй Пухавіцкага райкама прафсаюза была аказана прававая дапамога работніку Праўдзінскай сярэдняй школы. Выдадзена рэкамендацыя наймальніку, сабраны і перададзены адвакату неабходныя дакументы. У выніку разгляду справы ў судзе работнік быў адноўлены на працы.

Пры садзейнічанні старшыні Слуцкага райкама прафсаюза рашэннем суда адноўлены на працы работнік ясляў-сада вёскі Паўстынь з выплатай яму сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу ў памеры 264,95 рубля. (У парушэнне калектыўнага дагавора з работнікам, які не меў дысцыплінарных спагнанняў, не быў працягнуты кантракт.)

Пры дапамозе Гродзенскага абкама прафсаюза быў адноўлены на працы работнік Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча, і яму выплацілі 1326,89 рубля (сярэдні заробак за час вымушанага прагулу і кампенсацыя за нявыкарыстаны працоўны водпуск).

Пры дапамозе Мінскага гаркама прафсаюза работнік ясляў-сада № 546 горада Мінска па рашэнні суда быў адноўлены на працы, на яго карысць спагнаны сярэдні заробак за час вымушанага прагулу ў памеры 2032,16 рубля.

Магілёўскім абкамам прафсаюза работніку Бяседавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа былі падрыхтаваны працэсуальныя дакументы і прадстаўлены яго інтарэсы ў судзе. Рашэннем суда загады аб прыцягненні работніка да дысцыплінарнай адказнасці былі адменены.

Аналіз выканання заканадаўства аб працы паказвае, што найбольш тыповыя парушэнні адбываюцца пры звальненні работнікаў па ініцыятыве наймальнікаў; пры заключэнні, падаўжэнні і скасаванні кантрактаў; прымяненні мер дысцыплінарнага спагнання; заключэнні калектыўных дагавораў; аплаце і матэрыяльным стымуляванні працы, узгадненні з прафсаюзам лакальных нарматыўных прававых актаў; пры ўключэнні дадатковых мер матэрыяльнага стымулявання працы ў кантракты работнікаў.

Дарагі праезд

— А якія пытанні хвалююць на сённяшні дзень студэнтаў?

— Прафсаюз адукацыі суправаджае студэнцкую моладзь з моманту яе паступлення ва ўніверсітэт і да атрымання першага рабочага месца. А педагогі застаюцца пад нашым крылом і далей. Моладзі прысвечаны цэлы раздзел у пагадненні паміж Міністэрствам адукацыі і галіновым прафсаюзам. Ён, як скарбонка, папаўняецца штогод усё новымі і новымі нормамі. Студэнцкі прафсаюз — унікальная арганізацыя, якая дзейнічае ў інтарэсах студэнтаў і мае магчымасць гаварыць на роўных як з кіраўніцтвам універсітэта, так і са студэнтамі. А яго правы і паўнамоцтвы нарматыўна ўрэгуляваныя ў пагадненнях з установамі адукацыі. Фактычна ніводнае пытанне, якое датычыцца студэнтаў, не вырашаецца без уліку меркавання студэнцкага прафкама. Яго прадстаўнікі ўваходзяць ва ўсе ўніверсітэцкія камісіі, дзейнасць якіх закранае пытанні арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і стыпендыяльнага забеспячэння, сацыяльныя і жыллёва-бытавыя пытанні. Маніторыцца работа пунктаў грамадскага харчавання, умовы пражывання студэнтаў. Прафкам удзельнічае ў распрацоўцы правілаў унутранага распарадку ў інтэрнатах, палажэнняў аб засяленні студэнтаў у інтэрнаты, у размеркаванні месцаў. Адлічэнне навучэнцаў — членаў галіновага прафсаюза ці прыцягненне іх да дысцыплінарнай адказнасці таксама не дапускаецца без узгаднення з прафкамам студэнтаў...

У ходзе апошняга сумеснага пасяджэння прэзідыума ЦК галіновага прафсаюза і калегіі Міністэрства адукацыі ўзнімаліся пытанні стыпендыяльнага забеспячэння навучэнцаў. Па стане на 1 студзеня 2019 года памеры вучэбных стыпендый складалі: мінімальная — 55,79 рубля, максімальная — 106,88 рубля. У адносінах да бюджэту пражытковага мінімуму гэта выглядае наступным чынам: па мінімальнай стыпендыі — 26,5 %, максімальнай — 50,7 %.

Між іншым, у снежні 2018 года ў ходзе сустрэчы старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды з прафсаюзным актывам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта студэнты прасілі актывізаваць пытанне частковай кампенсацыі ім кошту праезду ў грамадскім транспарце ў сувязі з тым, што кошт месячнага праязнога білета ў сталіцы на два віды каштуе 37,53 рубля, а на чатыры віды транспарту — 49,61 рубля. Мы перадалі іх пажаданні нашаму сацыяльнаму партнёру — Міністэрству адукацыі.

Па выніках пасяджэння была прынятая пастанова, у якой даручана адпаведным органам кіравання адукацыяй, установам адукацыі ўзмацніць работу па аказанні матэрыяльнай дапамогі студэнтам і навучэнцам, якія маюць у гэтым патрэбу, па аплаце праезду ў грамадскім транспарце за кошт сродкаў стыпендыяльнага фонду студэнтаў, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пазабюджэтных сродкаў.

— Сёлета прафсаюзны рух адзначае сваё 115-годдзе. І сярод мноства мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце, мы плануем праводзіць прафсаюзныя ўрокі для старшакласнікаў. Маладыя людзі яшчэ са школы добра ведаюць пра дзейнасць маладзёжных грамадскіх арганізацый, пра БРСМ, але амаль нічога не ведаюць пра дзейнасць прафсаюзаў. Для маладога пакалення наша праца не зусім зразумелая, а значыць, і не зусім блізкая. Таму вельмі шмат залежыць ад таго, у якой форме ім будзе данесена карысная інфармацыя. Правядзенне прафсаюзных урокаў плануецца ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ» — «Школа актыўнага грамадзяніна», рэалізацыя якога пачалася з гэтага навучальнага года.

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.