Вы тут

Хто пашкоджвае дрэвы ў вашым садзе?


Хто, як не вучоныя Інстытута пладаводства, ведае, як атрымаць добры ўраджай і засцерагчы сад ад хвароб. У Самахвалавічах яны праводзяць карысныя заняткі для ўсіх ахвотных. Так, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых раслін Юлія КАНДРАЦЁНАК расказала пра хваробы кары і драўніны пладовых дрэў. Найчасцей на нашых яблынях ды грушах любяць сяліцца грыбкі самых розных памераў — ад заўважных толькі пад мікраскопам да сваякоў баравікоў (вешанак ды апенек). І з усімі імі трэба змагацца.


Звы­чай­ны рак.

Злачынца № 1

Самая распаўсюджаная і адна з самых шкодных хвароб — звычайны рак (ён жа еўрапейскі, ступеньчаты). Яго можна заўважыць як на пладовых, так і на лясных дрэвах. Вы не зблытаеце гэту навалу ні з якой іншай хваробай — пры яе развіцці ўтвараюцца характэрныя язвы. Кара на дрэве быццам разварочана, з агіднымі наплывамі. Грыбок пранікае ў кару і правакуе яе ўзмоцнены рост, бо далікатныя тканкі патрэбны яму для харчавання. Пасля ён іх атручвае, ужывае і зноў выклікае новую хвалю ўтварэння тканак. У выніку раны нагадваюць прыступкі. Калі зачысціць такую язву ад чорнага налёту грыбкоў сапрафітаў, можна ўбачыць структуру і нават падлічыць, за колькі гадоў рак раз'еў дрэва. На пачатку захворвання дрэва можа выглядаць нядрэнна. Некаторыя садаводы нават кажуць, што невялікае паражэнне ракам садзейнічае лепшаму ўраджаю, бо няма адтоку пажыўных рэчываў у глебу, усё ідзе на яблыкі. Спачатку дрэва сапраўды можа даваць больш буйныя плады... Але паступова хвароба развіваецца. Пры моцным пашкоджанні колькасць цукраў у яблыках значна падае, кіслот, наадварот, вырастае. Псуецца смак пладоў, у іх менш вітамінаў (у прыватнасці, вітаміну С). Калі рак ахоплівае шкілетныя галінкі і фактычна перакрывае харчаванне, яны пачынаюць усыхаць. На ўчастку недагледжаным, несаніраваным ці засаджаным сартамі, якія падмярзаюць — і, як вынік, пашкоджваюцца ракам, — пры моцных успышках гэтага захворвання на працягу года можа прапасці 30 працэнтаў саду.

Не менш небяспечнае захворванне, але не такое распаўсюджанае ў нашых мясцінах, — чорны рак. Для яго характэрна рэзкае адміранне кары выцягнутай формы, якое расцягваецца па ўсёй галінцы. Пры такім хуткім адміранні дрэва выглядае быццам абпаленым, таму другая назва гэтай хваробы — антонаў агонь. Як правіла, такі «госць» сустракаецца ў старых закінутых садах. Калі еўрапейскаму звычайнаму раку патрэбны час і ён не настолькі агрэсіўны, то чорны рак распаўсюджваецца шпарка, і ў выніку вы можаце хутка страціць як асобныя галінкі, так і ўсё дрэва.

Прычыны з'яўлення такіх гасцей у садзе аднолькавыя — і чорнаму, і звычайнаму раку абавязкова патрэбна рана. Паразіты не могуць пранікнуць у расліну, у якой здаровая непашкоджаная кара. Але яны скарыстаюць, напрыклад, не замазаны пасля абрэзкі спіл, разрывы, разломы ці нават «працу» караедаў (апошнія нават могуць пераносіць на сабе споры грыбка). Абзавесціся ракам у садзе можна і пры няправільным фармаванні дрэў, у месцах з вострымі развілкамі могуць з'яўляцца трэшчыны — вось і ўваход для інфекцыі. Небяспечна, калі хваробы пашкоджваюць цэнтральныя шкілетныя развілкі.

Для звычайнага рака варотамі могуць служыць сляды ад лускавінак пупышак вясной і ад лістоў восенню. Таму масавае рассяванне спор грыбкоў «прывязана» да раскрыцця пупышак і лістападу. Веды пра асаблівасці распаўсюджвання патагенаў спатрэбяцца пры вызначэнні прафілактыкі і лячэння. Так, пасля абрэзкі ўсе буйныя раны (дыяметр якіх большы за 1,5 см) важна абавязкова закрыць — фарбай ці любой замазкай. Вясной расліны трэба апрацаваць прэпаратамі з медзю (арыентуемся на набуханне пупышак, калі лускавінкі ўжо гатовы адваліцца). Восенню, калі дрэвы сталі каляровымі і толькі пачаў сыпацца ліст, сад апрацоўваеце мачавінай (карбамідам). Тады загінуць споры, якія знаходзяцца на лістоце. Да таго ж вы пазмагаецеся з плямістасцямі ў садзе, з той жа паршой.

Ан­то­наў агонь.

Шакалы

У 2017 годзе вельмі моцна было падарвана здароўе дрэў. Вясна была ранняя. Дрэвы выйшлі з фізіялагічнага стану спакою, пачалі вегетацыю. Але пахаладала, і практычна месяц тэмпература паветра трымалася на 9—11 градусаў ніжэй за норму. Многія расліны пасля такога выпрабавання загінулі. Іншыя перажылі, але імунітэт з-за таго, што яны падмерзлі, упаў, пачалося пашкоджанне рознымі хваробамі. На некаторых дрэўцах праблемы праявіліся ў 2018 годзе. Справа ў тым, што дрэвы таксама перажываюць стрэс і апраўляцца ад яго могуць гадамі.

Цытаспароз — паразіт-шакал, які якраз нападае на расліны, што ўжо аслабленыя альбо паміраюць, падмерзлі ці пакутавалі ад засухі. Ён пашкоджвае кару. Яна пакрываецца белымі, шэрымі, чырванаватымі плямкамі. Пасля кара альбо прысыхае, альбо пры моцным пашкоджанні можа адстаць. Часта грыбок спадарожнічае паражэнню ракам. Таму, каб уберагчы дрэвы ад гэтага злачынцы, а таксама ад туберкулярыі (ярка-чырвоныя плямкі на галінках), трэба ў першую чаргу змагацца з больш небяспечнымі грыбкамі, такімі як чорны і звычайны рак, і пагрозамі агратэхнічнага характару. Забяспечце дрэву паліў падчас засухі, рэгулярна выдаляйце хворыя і пашкоджаныя галінкі, апрацуйце і замажце раны, падсілкуйце дрэва. Восенню пазбаўляйцеся ад старой кары і бяліце расліну, прыбірайце і спальвайце лісце і гнілыя плады.

Злосныя сваякі

Ёсць у баравікоў і лісічак шкодныя сваякі — грыбы, якія разбураюць дрэвы. Млечны бляск праяўляецца на дрэвах (лістота на іх быццам становіцца сярэбранай), калі трутавыя грыбы пранізалі сваёй грыбніцай драўніну, і рабіць нешта ўжо позна. За 3-5 гадоў расліна загіне. Хіба што можна паспрабаваць пазмагацца за дрэва, калі вы ўбачылі на ім толькі адну пасярэбраную галінку, ад яе тут жа трэба пазбавіцца. Чаранкі з дрэў, пашкоджаных млечным бляскам, лепш не браць. Нават на тых галінках, лістота на якіх не мяняла колер, міцэлій грыбка можа прысутнічаць, а сам паразіт яшчэ не паспеў дрэва атруціць настолькі, каб гэта было заўважна.

Ёсць яшчэ фізіялагічны млечны бляск — не інфекцыйны. Ён можа з'явіцца пры вясеннім падмярзанні маладых лісцікаў. Праяўляецца адразу на ўсім дрэве альбо на адным яго баку — там, дзе прайшло халоднае паветра. Тут ліст на дрэвах толькі злёгку серабрыцца, няма адмірання ліставой пласцінкі. А пры пашкоджанні грыбком лісты на дрэвах амаль белыя, а па краях пласцінка, якая адмерла, становіцца чорнай.

З'яўленне трутавікоў на яблынях ці грушах — першая прыкмета таго, што сад ужо адпрацаваў. Вылечыць яго немагчыма. І колькі не збівайце са ствалоў пладовыя целы, хвароба застаецца ўнутры. Трутавікі разбураюць дрэвы. Драўніна ўсярэдзіне становіцца крохкай, і сукі ламаюцца нават ад невялікіх вятроў з дажджамі.

Важна адразу пазбаўляцца ад спілаваных дрэў і галінак, пашкоджаных грыбамі. З дроў, якія атрымаюцца са спілаванай яблыні з трутавіком, споры шкодных грыбоў будуць рассявацца ў садзе.

Асабліва моцна ў апошні час пачаў шкодзіць грабеншчык звычайны. Гэты паразіт можа пранікаць праз раны і пашкоджваць цэлую кару пры ўмове, што яна падмерзла. Напачатку паражэнне грабеншчыкам садаводы могуць прыняць за рак: цёмная пляма хутка разрастаецца ўздоўж па дрэве — угору і ўніз. Але праз год некрозы пакрываюцца капялюшыкамі.

Гра­бен­шчык звы­чай­ны.

Іржавыя суседзі

Да 2000-х гадоў у Беларусі цяжка было сустрэць іржу на грушах. Сёння гэта праблема не дае спакою нашым садаводам, а была яна завезена ў краіну з дэкаратыўнымі ядлоўцамі (пераважна з формамі, якія сцелюцца). Спачатку паразіт селіцца на «дэкаратыўцы» (трэба сказаць, што айчынныя лясныя ядлоўцы на гэта не хварэюць). Вясной, як толькі тэмпература паветра падымаецца да плюс 5-6 градусаў, пачынаецца актыўнае прарастанне пладовых цел з хворай кары на ядлоўцах — іржавыя вырасты. Для далейшага развіцця «злачынцу» патрэбны грушы — ён пашкоджвае ліст, плады і нават маладыя парасткі, псуе іх, перашкаджае росту. Дрэва «галадае», слабее і ў выніку можа падмерзнуць зімой і загінуць. Сістэма абароны ад гэтай хваробы на бягучы момант не распрацаваная. На грыбок, які выклікае ржу, многія прэпараты не дзейнічаюць. Шкодныя споры могуць разносіцца на кіламетр. Найлепшы сродак зберагчы грушы — пазбавіцца ад дэкаратыўных ядлоўцаў. Але што рабіць, калі віноўнікі заразы растуць на суседнім участку? А ратаваць ад хваробы трэба і грушы, і ядловец. Прычым адным апырскваннем прэпаратамі медзі не абысціся, спатрэбяцца і фунгіцыды шырокага спектра дзеяння.

Ір­жа гру­шы.

Аптэчка садавода

Традыцыйная схема абароны на прысядзібным участку — чатыры — максімум шэсць апрацовак. У прамысловых садах іх можа быць 20—26. Калегі з Польшчы кажуць, што, каб атрымаць добры ўраджай, кожны тыдзень трактар павінен быць у садзе.

У садовай аптэчцы павінны быць фунгіцыды шырокага спектра дзеяння. Чытайце этыкеткі, часам пад рознымі назвамі прадаюцца прэпараты з аднолькавым рэчывам. Некаторыя аматары скардзяцца, што яны апырсквалі дрэвы, але ў іх садзе «красуецца» парша ды іншыя хваробы. Магчыма, яны не ўлічылі, што некаторыя прэпараты не дзейнічаюць пры нізкіх тэмпературах. Так, пры плюсавых 5-6 градусах няма сэнсу выкарыстоўваць такія прэпараты, як тапсін-М, скор, байлетон, але яны сапраўды дапамогуць супраць хвароб, калі вы з імі будзеце працаваць у больш цёплыя дні, калі паветра прагрэецца да плюс 16—18. Калі ж удзень тэмпература не падымаецца вышэй за 10 градусаў, можна выкарыстоўваць у садзе такі сродак, як хорус.

Нельга працаваць два разы запар адным і тым жа прэпаратам — шкоднік да яго прызвычайваецца. Універсальны сродак, які дапамагае ад многіх хвароб, — прэпараты медзі. Аднаразовы выхад у сад з «лекамі» эфекту не дасць. Абарона раслін павінна быць сістэмнай. Апрацоўкі трэба праводзіць своечасова — да распускання пупышак, пасля цвіцення саду, у фазы, калі плады на грушах і яблынях дасягаюць памераў ляснога, а пасля грэцкага арэха і пасля ўборкі ўраджаю.

Костачкавыя неабходна апырскваць у час цвіцення — як толькі з'явіліся першыя кветкі. Не трэба чакаць, пакуль запушыцца ўсё дрэва. У многіх сартоў вішні і чарэшні назіраецца цікавая з'ява: бутон закрыты, а песцік праз паўсамкнёныя пялёсткі ўжо выйшаў і ловіць пылок. Такая апрацоўка абароніць дрэўцы ад небяспечнага маніліяльнага апёку, пры якім гінуць кветкі, а часам хвароба пераходзіць і на галінкі. Калі хочаце заўсёды быць з вішнёвым ураджаем, выбірайце сарты, устойлівыя да хвароб. Так, слаба паражаюцца маніліяльным апёкам Грыёт Беларускі, Вянок, Жывіца (гібрыд вішні і чарэшні), Ласуха, Нясвіжская.

Культуры, якія рана выспяваюць (вішня, чарэшня, алыча, абрыкос), важна апрацаваць у канцы жніўня ад хвароб і шкоднікаў. Як правіла, у такі час назіраецца паўторнае размнажэнне тлі, яна можа моцна пашкоджваць маладыя парасткі і разносіць небяспечныя хваробы.

На занятках у Інстытуце пладаводства была Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Непажаданыя госці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.