Вы тут

Экалагічныя пакеты замест поліэтыленавых: у чым сіла?


Што аб'ядноўвае бары, хлебапякарні, цэментныя і цукровыя заводы, гандлёвыя сеткі, запраўкі, аэрафлот, курэй грыль, хот-догі і садавіну? Да ўсяго гэтага мае дачыненне папяровая ўпакоўка: тлушчаўстойлівая, ламінаваная, трывалая, экалагічная... Уласцівасці сучаснай паперы дазваляюць выкарыстоўваць яе ў самых розных выпадках. Айчынныя спецыялісты расказалі пра перавагі папяровай упакоўкі і паказалі яе магчымасці.


У Беларусі выгадная сітуацыя ў папяровай вытворчасці, лічаць эксперты. Наш рынак незалежны ад пастаўшчыкоў сыравіны. Мы самі нарыхтоўваем драўніну, робім цэлюлозу і вырабляем упакоўку. Цана ў экалагічнай упакоўкі ў 1,5—2—3 разы большая, чым у поліэтыленавай, але чым больш будзе стварацца такой тары, тым меншай стане яе сабекошт. Цана ўпакоўкі напрамую залежыць ад кошту сыравіны для яе, у прыватнасці паперы, і раней розніца на карысць поліэтылену была не тры, а ўсе пяць, а то і шэсць разоў.

Вытворцы сцвярджаюць, што гатовы поўнасцю задаволіць патрабаванні айчыннага рынку папяровай тарай. У прыватнасці, у гэтым упэўнены на сямейным прыватным прадпрыемстве «Суперпак компані», дзе экалагічна чыстую ўпакоўку з паперы айчыннага гатунку вырабляюць ужо 20 гадоў, і пра вартасці такой тары 100 яго супрацоўнікаў ведаюць не па чутках.

— Хлеб у папяровым пакеце «дыхае». Так, праз пару дзён ён стане нагадваць сухарык, але ж застанецца ядомым, а ў поліэтыленавым — пакрыецца цвіллю, — сцвярджае Вячаслаў ШАХ, старшыня савета дырэктараў кампаніі «Суперпак компані». — Акрамя таго, у прадуктах, якія больш як 40 хвілін знаходзяцца ў поліэтылене, з'яўляюцца небяспечныя для здароўя бактэрыі.

Да таго ж большасць поліэтыленавай упакоўкі можна толькі выкінуць на звалку, а папяровую — перапрацаваць. І нават выкінутая ў смецце, яна поўнасцю раскладаецца цягам паўгода, а то і раней.

Латкі з макулатуры супраць успененага поліэфіру

Акрамя папяровых пакетаў, айчынныя вытворцы робяць таксама кардонныя латкі для яек. Прадпрыемства «Зеленаборскае», што ў Смалявічах, вырабляе кардонныя кантэйнеры на 30 штук яек, якіх хапае, каб забяспечыць патрэбы ўсёй Беларусі. Як расказаў Яўген САВАНЕЦ, дырэктар прадпрыемства, тары на 10 штук яек штогод выпускаюць 8—10 мільёнаў адзінак. Калі дадаць да гэтага аналагічную прадукцыю, выраб якой наладжаны на фабрыцы «Спартак», то магутнасцяў двух прадпрыемстваў хопіць, каб задаволіць патрэбы ў кардоннных латках для яек ва ўсёй Беларусі. Аднак на практыцы толькі 10—15 % яек фасуюцца ў такую тару. Астатнія вандруюць у «абалонцы» з успененага поліэфіру, якая таннейшая ў паўтара раза. А наколькі больш шкодная?

Цяпер на «Зеленаборскім» распрацоўваюць латкі для яек на 20 штук, якія, як мяркуецца, з'явяцца на паліцах налета. А яшчэ робяць тару для садавіны, у асноўным альвеолы для ўпакоўкі яблыкаў, якія амаль цалкам спажывае Расія, а таксама тэхнічныя ўпакоўкі для дробных дэталяў, лямпачак, стартараў, генератараў і нават накладкі для тэлевізараў, якія ўстаўляюцца ў вялікія каробкі.

Біяраскладаемая макулатурная папяровая сыравіна, якую можна перапрацоўваць і выкарыстоўваць пяць-сем разоў, перш чым яна стане адходамі, з улікам утылізацыі будзе абыходзіцца па цане амаль як і поліэтыленавая. Уся ўпакоўка на «Зеленаборскім» робіцца, дарэчы, з другаснай сыравіны. У Еўропе цяпер часта нават просяць пацвердзіць, што ўпакоўка зроблена з макулатуры, дадае Вячаслаў Шах.

— Выкананне Указа Прэзідэнта № 313 дазволіць айчынным вытворцам на роўных канкурыраваць з замежнымі пастаўшчыкамі ўпакоўкі. Дакумент рэгламентуе ўплату ўтылізацыйнага збору, аднак гэты момант пакуль не заўсёды кантралюецца і адсочваецца. А гэта важна, бо тады пастаўшчыкі будуць больш адказна ставіцца да якасці імпартуемай прадукцыі.

Ён прывёў у прыклад неадпаведнасць цаны і якасці мяхоў з цэментам. Замежныя вытворцы, на яго думку, не закладваюць у свой тавар кошт утылізацыйнага збору, і ён становіцца ўжо прыкладна на 12 % меншым, чым у айчыннай упакоўкі. Разам з тым экспартныя мяхі часта проста рвуцца ў руках пакупніка, а беларускую ўпакоўку для цэменту выпрацоўвалі, скідваючы з вышыні каля трох метраў, і яна не рвецца нават пасля 7—8 падзенняў. Аднак падчас тэндара выйграе той, у каго меншая цана. І пытанне якасці, што закладваецца ў вытворчасць паперы, неабходна рэгуляваць на дзяржаўным узроўні.

Бяспечна для ежы

— Мы тлумачым людзям, наколькі экалагічна выгадна і важна набываць менавіта папяровую ўпакоўку, і гэта ж павінны рабіць і гандлёвыя сеткі. Калі падлічваць эканамічную розніцу ў вытворчасці папяровай тары і поліэтыленавай, трэба ўлічыць грошы, якія дзяржава траціць на лячэнне хвароб страўніка, — мяркуе Вячаслаў Шах.

Разам з тым патрабаванні да ўсіх відаў упакоўкі: папяровай, шкляной і поліэтыленавай — вызначаны заканадаўствам Еўразійскага эканамічнага саюза і ўпісаны ў тэхнічны рэгламент аб бяспецы ўпакоўкі. У нацыянальным заканадаўстве патрабаванні ўстаноўлены гігіенічным нарматывам, які зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ў 2014 годзе і называецца «Гранічна дапушчальная колькасць хімічных рэчываў, якія выдзяляюцца з матэрыялаў, што кантактуюць з харчовымі прадуктамі», падзялілася Вікторыя СПІРАНСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя:

— Упакоўка, якая выкарыстоўваецца для ядомых тавараў, павінна быць бяспечнай, якаснай і захоўваць прадукт цягам усяго трэміну прыдатнасці. Уся ўпакоўка праходзіць выпрабаванні на пэўныя патрабаванні ў акрэдытаваных лабараторыях, так што вытворцы і спажыўцы могуць быць упэўнены, што ўся ўпакоўка ў краіне адпавядае ўказаным патрабаванням.

У тлушчаўстойлівай паперы можна ўтрымліваць курыцу грыль, рыбу і іншыя прадукты і спакойна перапрацоўваць. Нават ламінаваная папяровая тара, якую апрацоўваюць спецыяльным растворам (а гэта робіць паперу настолькі гладкай, што яна не прапускае тлушч і вільгаць) прыдатная для ўтылізацыі. А вось поліэтыленавы пакет нельга перапрацаваць, хіба што «пасекчы» на фракцыі, якія больш ніяк не выкарыстаць далей, толькі спаліць. А вось папера падзяляецца на валокны, якія ў далейшым стануць гумусам, кажуць пра ўяўныя перавагі вытворцы папяровай тары.

Пытанне не на капейкі

Эканамічных плюсоў ад папяровай тары таксама можна дасягнуць, і гэта павінны зрабіць мы самі, упэўнены Міхаіл КАСЬКО, намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперпрам»:

— Кошт папяровай упакоўкі з-пад цукру ці мукі ў агульнай цане прадукцыі — некалькі капеек. А калі гэтую ўпакоўку кінуць не ў смецце, а ў макулатуру, эфект ад яе перапрацоўкі і паўторнага выкарыстання будзе значна большы. Тым больш што сёння ў Беларусі сыравінай для вытворчасці 400 тысяч тон цэлюлозы, якую могуць за год выпускаць на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, служыць нізкасортная драўніна хвойных парод. 100 тысяч тон з іх хопіць, каб забяспечыць усе патрэбы ўнутранага рынку. Гэта першы крок. Наступны робяць у Шклове, дзе вырабляюць рулоны паперы для ўпакоўкі. А далей ідзе ніша малога і сярэдняга бізнесу, якія з рулона — пад жаданні прыватных кліентаў: пякарні, крамы — зробяць папяровы пакет. Спажывец выкіне яго ў макулатуру, і ён адправіцца на перапрацоўку і далейшы выраб з другаснай сыравіны новых тавараў. І гэта рэальная работа, якая адбываецца цяпер, і ў нашых руках.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Шматразовая папяровая выгада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.