Вы тут

Як рэалізацыя адной мясцовай ініцыятывы стварыла трамплін для другой


Часам даводзіцца чуць скептычнае: маўляў, што можа дэпутат сельскага Савета? А вось у Батчынскім сельскім Савеце, што ў Кобрынскім раёне Брэстчыны, раскажуць, што можа, аказваецца, нямала. Як, напрыклад, дэпутат гэтага Савета Ала Сапяжынская: яна выступіла з ініцыятывай, знайшла аднадумцаў, аформіла дакументы на грант — стала генератарам ідэі. Атрыманыя грошы сталі штуршком для развіцця самакіравання. Людзі зразумелі, што яны могуць зрабіць многае для паляпшэння якасці жыцця. І здзейснілі гэта. Важна таксама, што рэалізацыя адной ініцыятывы стварыла трамплін для другой.


Але аб усім па парадку. Старшыня сельскага Савета Святлана ГАНГАЛА расказала, што на адным са сходаў пасёлка Птушкафабрыка гаворка зайшла пра абсталяванне дзіцячай пляцоўкі. Сельвыканкам паабяцаў паставіць дзве лаўкі ды зрабіць пясочніцу, бо на большае ў мясцовага органа ўлады сродкаў не было. Тады слова ўзяла Ала Сапяжынская, расказала пра кобрынскі клуб дзелавых жанчын «Бона» і прапанавала праз гэтую грамадскую арганізацыю падаць заяўку на грант.

Разам з паплечніцамі Ала Сяргееўна напісала сваё бачанне мясцовай ініцыятывы ў рамках праекта Tаndеm-ІІІ «Супрацоўніцтва для развіцця мясцовых таварыстваў і ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні» пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі (АLDА) і асветніцкага грамадскага аб'яднання «Фонд імя Льва Сапегі». Цяпер аб гэтым нават расказвае невялічкая шыльда.

Выйгралі грант, атрымалі каля чатырох з паловай тысяч еўра. За гэтыя сродкі купілі арэлі, каруселі, маленькі батут, некалькі лавак. Спачатку думалі проста абсталяваць дзіцячую пляцоўку, на большае не замахваліся. Работу ўзначаліла стараста пасёлка Таццяна Камінская. На будаўніцтва сабраліся самыя актыўныя бацькі сямействаў. Многія прыйшлі цэлымі сем'ямі. Мужчыны ставілі і муравалі элементы канструкцый, жанчыны і дзеці фарбавалі, упрыгожвалі. Агароджу яшчэ не паставілі, як прыйшло разуменне, што пляцоўка мусіць быць большай: тут патрэбна больш прыстасаванняў для актыўнага адпачынку дзяцей. Некаторыя энергічныя бацькі знайшлі будаўнічы матэрыял, было зроблена яшчэ некалькі лавак. Падключыліся іншыя дэпутаты сельскага Савета, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. А потым ідэі сталі множыцца, нешта знаходзілі ў інтэрнэце, падглядалі ў горадзе. Умельцы выраблялі сваімі рукамі малыя архітэктурныя формы, паступова з'яўляліся драўляныя грыбкі, фігуры жывёл. Нехта прынёс бабулін куфар, але не для ўпрыгажэння: туды складвалі ўвесь дзіцячы пясочны інвентар — вёдры, граблі, лапаты, каб не насіць кожны раз з дому. Для дарослых абсталявалі побач валейбольную пляцоўку, потым поле для міні-футбола, далей — поле для вялікага футбола. Знайшлі спонсара і паставілі турнікі ды брусы для гімнастыкі.

На ўрачыстае адкрыццё пляцоўкі сабраўся ледзь не ўвесь пасёлак з крыху дзіўнай назвай Птушкафабрыка. Людзі не толькі віншавалі адно аднаго з добрай падзеяй у жыцці населенага пункта, яны зноў дзяліліся ідэямі. Адзін з актыўных удзельнікаў будаўніцтва пляцоўкі Вадзім Главацкі прапанаваў узвесці збудаванне, якое нагадвала б карабель. І знайшоў падтрымку. Людзі сабралі грошы, купілі драўніну, зноў закіпела работа. Паступова з'явіліся барты, палуба, лесвіца, штурвал. «Сёння мала сказаць, што дзеці любяць гэты карабель, яны не вылазяць адсюль», — заўважыла стараста Таццяна Камінская.

А старшыня сельскага Савета адзначыла, што ўзвядзенне і абсталяванне цэнтра грамадскага адпачынку паўплывала на атмасферу жыцця ў пасёлку. Людзі сталі больш дружнымі. Яны дамовіліся паміж сабой і ператварылі забалочаны ўчастак па вуліцы Новай у культурны вадаём. А потым узнікла ідэя побач з пляцоўкай узвесці сцэну, каб можна было праводзіць тут дні пасёлка, запрашаць артыстаў. Тады зноў спатрэбіўся вопыт дэпутата — спадарыні Сапяжынскай. І зноў атрымалі грант, сцэну пабудавалі. На яе адкрыцці на свята Пакроваў і Дня маці летась адбыўся першы канцэрт.

Мясцовае ж самакіраванне на гэтым не спыніла сваю работу, яно стала знаходзіць новыя формы. Зноў жа, з дапамогай гранта абсталявалі 11 навесаў у вёсках, дзе робяць прыпынкі аўтакрамы. Людзі цяпер не стаяць сярод вуліцы, а могуць пачакаць гандлёвую машыну ў больш камфортных умовах.

Новая ініцыятыва актыўных вяскоўцаў датычыцца лепшага асвятлення вуліц. Замену старых лямпачак на святлодыёдныя ліхтары пачалі ў вёсках Андронава, Батчы, Птушкафабрыка ў рамках экалагічнага праекта з еўрапейскай падтрымкай.

Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Карабель са сцэнай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».